Пры́нік (прі́нік) ’драўляны выступ каля печы замест ляжанкі’ (Мат. Маг.). Бяссуфікснае ўтварэнне ад прыні́кнуць ’прыціснуцца’ з пераносам націску на прэфікс і звужэннем семантыкі. Параўн. аналагічнае рус. пск. прини́ка ’прытулак, прыстанак’, а таксама семантыку дзеясловаў: гом. приника́ть ’межаваць, прылягаць’, укр. приника́ти, прини́кнуты ’шчыльна прытуляцца да каго-, чаго-небудзь’.
Прыні́ка ’чалавек, які дрэнна бачыць’ (Жд.). Як і папярэдняе, да прыні́кнуць, але са значэннем ’прыпасці’ і звужэннем семантыкі. Параўн. аналагічнае ўтварэнне (прыслоўе) у рус. арханг. прини́чиво ’пільна (углядацца і пад.)’.
Прыні́ць (прыні́ці) ’прымацоўваць паплёт паверх саломы’, пры́ні́ца, прані́ца, прыні́цы ’паплёт (у страсе паверх саломы)’ (ТС; лун., столін., ЛА, 4). Падаецца, што можна прапанаваць два шляхі ўтварэння дзеяслова. Найбольш верагодны — вытворны адсубстантыўны: ад назоўнікаў пры́ні́ца, прані́ца, прыні́цы, якія ў сваю чаргу утварыліся як размоўныя другасныя карэляты першасных пры́мі́ца, прамі́ца, параўн. асабліва прімні́ца ’паплёт (у страсе паверх саломы)’, гл. пры́міна. Другая магчымасць — семантычны перанос з адначасовым сцяжэннем ткацкага тэрміна прыні́ціць ’прывязаць кабылку ў ніце’ (брагін., Нар. сл.), прэфіксальнае да ні́ціць (гл.), у гэтым выпадку назоўнікі кшталту пры́ні́ца маюць аддзеяслоўнае паходжанне.
Прыно́жак ’дэталь у калаўроце, на якую наступаюць нагой, каб прывесці ў рух кола’ (Скарбы), мн. л. прыно́жкі ’планкі, якія злучаюць ніжнія часткі ножак стала’ (паст., Сл. ПЗБ). Суфіксальная лексікалізацыя словазлучэння пры назе́; параўн. аналагічнае, але з іншай семантыкай рус. дыял. прино́жка ’перакладзіна, якая змацоўвае стойкі ткацкага станка’.
Прыно́жыцца ’стаміцца пасля вялікага пераходу’ (чэрв., Жд. 3). Суфіксальная лексікалізацыя словазлучэння прытаміць ногі. Параўн. прыдаро́жыцца ’здарожыцца’ (ад даро́га, гл.).
Прыно́с, мн. л. прыно́сы ’падарункі’ (пух., Сл. ПЗБ). Ст.-бел. принос ’ахвяра; прынашэнне’. Узыходзіць да прасл. *prinosъ < *nositi (sę) (гл. насі́ць, а таксама ЭССЯ, 25, 206–210; зрэшты, не выключана і іншая магчымасць, а менавіта: *prinosъ < *nosъ 2 з адпаведнай семантыкай, гл. ЭССЯ, там жа, 216). Ст.-слав. приносъ ’прынашэнне; ахвяра, дар; прыбытак, даход’, ст.-рус. приносъ ’прынашэнне; ахвяра, дар; пасаг (?)’ (Сразн.), польск. przynos, балг. при́нос, рус. дыня. прино́с ’у вясельным абрадзе — падарунак (нявесце, маладым, бацькам маладых)’, прино́сный ’падораны’, укр. при́нос ’падарунак; прынашэнне, ахвяраванне; ахвяра’, прино́сини ’падарунак; прынашэнне’. Параўн. цікавае каш. bradło ’пасаг’ з “адваротнай” семантыкай — ’тое, што бяруць’ (SEK, 1, 138). Гл. таксама БЕР, 5, 726.
Прыну́дзіць ’прымусіць’ (Ян.), прынудзі́лавец ’хто працуе па прымусу’ (паст., Сл. ПЗБ), загнаць у прыну́д ’прымусіць зайсці сілай’ (ТС), сюды ж дзеясловы з іншай семантыкай, адлюстраванай у ну́дзіць (гл.): прыну́дзіць ’занудзіцца, зажурыцца’ (Ян.), прыну́дзіцца ’тс’, прыну́дзіць ’затхнуцца (пра рыбу)’ (ТС); таксама сюды ж аддзеяслоўныя субстантывы прыну́да ’туга’ (ТС), пріну́жа ’прынука, прымус’ (Бяльк.). Ст.-бел. принудити ’прымусіць, загадаць’. Узыходзіць да прасл. *prinuditi, прэфіксальнага ўтварэння ад *nuditi (sę). Ст.-слав. приноудити ’прынудзіць’, ст.-рус. принудити ’прымусіць, прынудзіць; загадаць; пераканаць; прызначыць’ (Сразн.), рус. прину́дить ’прымусіць’, укр. принуди́ти ’змучыць, змарыць тугою, смуткам’.
Прыну́ка́ць, ’прымушаць, патрабаваць’ (Нас., Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ), пріну́кыць ’тс’ (Бяльк.). Сюды ж вытворныя назоўнікі прыну́ка ’прымус, прымушэнне’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Ласт., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. БП), пріну́ка ’тс’ (Бяльк.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад ну́ка́ць (у ЭСБМ адсутнічае), параўн. панука́ць (гл.), якое, верагодна, праз ну́ка́ць, адносяць да ўзмацняльнай часціцы ну (гл.). Больш абгрунтаванай падаецца версія аб праславянскім характары адносін *nukati (sę) і *nu (ЭССЯ, 26, 30–32; 43–44). Прэфіксальныя ўтварэнні ўсходне-славянскага характару, параўн. рус. зах. принука́ть ’прымушаць’, укр. прину́кувати ’прымушаць, вымушаць’. Польск. przynukać, przynuka, верагодна, усходнеславянскія запазычанні (Брукнер, 352).
Прынцыпа́л ’начальнік, гаспадар у адносінах да падначаленых’ (ТСБМ), прынцыпа́лка ’завадатарка’ (Нас.), прынцыпа́луха ’ахайны чалавек’ (Сіг.). Адзначаецца ўжо ў ст.-бел. з цікавым значэннем — принципалъ ’завадатар якой-небудзь крымінальнай справы’. Запазычана са ст.-польск., сучаснае польск. pryncypał ’шэф, кіраўнік’, адтуль жа і ўкр. принципа́л ’гаспадар, начальнік; пра кіраўніка якой-небудзь установы, прадпрыемства’, што, у сваю чаргу, з лац. principālis ’першы, галоўны, найважнейшы’ (ЕСУМ, 4, 575; Банькоўскі, 2, 806).
Прынцэ́са ’сукенка з шырокімі фальбонамі’ (віл., Жд. 3). Пераноснае з прынцэ́са ’тытул жонкі або дачкі прынца’, якое праз ням. Prinzessin з франц. princesse (Фасмер, 3, 365). Параўн. аналагічныя рус. дыял. принце́сса ’жаночая прыгожая доўгая сукенка (звычайна адразная, з расклёшанай ці складкаватай спадніцай, фальбонамі)’, принце́сс ’тс’, ’сукенкі’.