Кастру́ля ’каструля’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах.). Параўн. рус. кастрю́ля (дыял. кастру́ля), укр. кастру́ля (у Фасмера, 2, 208: укр. костру́ля). Запазычанне з еўрапейскіх моў. Паводле Фасмера, там жа, відавочна, узята з ням. мовы (Kastrol, Kasserolle). Першакрыніцай з’яўляецца франц. casserolle ’каструля’ (Фасмер сумняваецца, што першакрыніцай можа быць гал. kastrol або н.-ням. kastroll). Шанскі (2, К, 88) усё ж мяркуе, што хутчэй за ўсё крыніцай рус. слова з’яўляецца гал. мова (у Пятроўскую эпоху гэта слова было ў марской лексіцы); ням. крыніца здаецца менш верагоднай.
◎ Кастры́ва ’крапіва’ (Касп.). Дакладная адпаведнасць (фармальная і па семантыцы) гэтай лексеме ў рус. дыял. кострива ’крапіва’ (цвяр.). Паводле Трубачова, Эт. сл., 11, 161, слова *kostriva мае прасл. характар (параўн. яшчэ палаб. рэканструяваную форму *kostriva ’пустазелле’); адносна праформы слова мяркуецца, што яна з’яўляецца вытворным ад слова *kostra (шмат значэнняў; зыходным з’яўляецца *kostь з яго разгалінаванай семантыкай; гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 168–173. Звяртае на сябе увагу, што форма *kosiriva з яе значэннем ’крапіва’ сустракаецца толькі ў некаторых месцах славянскай тэрыторыі, што можа сведчыць аб даўніх сувязях праславянскіх дыялектаў.
Кастры́ца ’кастрыца’ (Касп., БРС, Шат., Сцяшк. МГ); вядома таксама ў значэнні ’ігліца’, ’асцюкі’ (Сл. паўн.-зах., 2). Параўн. рус. дыял. костри́ца ’кастрыца’, ’ягады розных раслін (напр., касцянікі камяністай)’, ’дробная салома’, костри́ка, костры́ка ’кастрыца’, ’салома’, укр. костри́ця ’кастрыца’, кістри́ця. Параўноўваюць далей серб.-харв. ко̀стрица ’дробная рыбіна костачка’, польск. дыял. kostrzyca ’кастрыца’ і г. д. Прасл. форма *kostrica, *kostrika. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 162. Лічыцца вытворным (з суфіксамі ‑ica, ‑ika) ад прасл. *kostra, якое мае шырокі спектр значэнняў (’рыба з цвёрдай луской’, ’ускудлачаная курыца’, ’шкілет, касцяк’, ’кастрыца’ і г. д.; агляд значэнняў у Трубачова, Эт. сл., 11, 158–159). Слав. *kostra — утварэнне суфіксам ‑r(a) ад *kostь. Бернекер, 1, 583–584; Трубачоў, Эт. сл., 11, 159.
Кастры́чнік ’кастрычнік’ (назва месяца). Гісторыя гэтага слова цесна звязана з іншай назвай 10‑га месяца ва ўсходніх славян — паздерник, у бел. крыніцах таксама паздзерник. Апошнія назвы з’яўляюцца запазычаннем з польск. październik. Польскае слова, таксама серб.-харв. дыял. паздерник ’тс’, відавочна, з’яўляюцца вытворнымі ад pazderьje ’адходы ільну, які апрацоўваецца восенню’ (прэфікс *paz‑ і дзеяслоў *dьrati *derǫ). Уплывы польскай мовы на бел. і ўкр. былі значнымі і праяўляліся не толькі ў прамым запазычанні, а і ў калькаванні. Такой калькай можна лічыць бел. кастры́чнік (< кастрыца ’кастрыца’; слав. *kostrica), які калькуе паланізм паздзернік. Гл. Шаур В. К вопросу о реконструкции праславянских названий меcяцев. — Этимология–1971., М., 1973, с. 97–98.
Касты́ль ’палка з загнутай ручкай’ (Бяльк.), кастылец, касты́ль ’тс’, ’крук’ (Сл. паўн.-зах., 2). Рус. косты́ль ’кастыль’, ’вялікі драўляны цвік’, ’цвік з загнутым верхнім канцом замест шляпкі’, дыял. ко́стыль ’палачка для пляцення лапцей’, укр. дыял. кости́ль ’частка вялікай падоўжанай пілы’, косту́ль ’палка, посах’. У іншых слав. мовах вядома толькі славен. kostílja ’дрэва Celtis australis’, ’пугаўё (з гэтага дрэва)’. Гл. агляд Трубачова, Эт. сл., 11, 167. Лічыцца вытворным ад прасл. *kostь ’косць і да т. п.’ (аб іншых значэннях гл. у Трубачова, Эт. сл.) суфіксам *‑ylь. Гл. яшчэ Бернекер, 1, 582; Праабражэнскі, 1, 368; Фасмер, 2, 349; Трубачоў, там жа.
Кастэля́нка ’кастэлянка’ (БРС). Параўн. рус. кастеля́нша ’тс’. У ст.-бел. мове ўжо было засведчана гэта слова. Гл. Булыка, Запазыч., 144 (каштелянка; вытворнае ад каштелянъ, кашталянъ, кастелянъ ’камендант замка’). Параўн. яшчэ рус. (старое) кастеля́н ’наглядчык замка або грамадскага будынка’. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца італ. caslellano ’камендант, наглядчык замка’ (а гэта з лац. castellānus, утварэнне ад castellum ’замак’). Як і бел. кастэля́нка (каштелянка), але пры дапамозе іншага суфікса, узнікла рус. кастеля́нша (словаўтварэнне яго не бясспрэчнае; параўн. Шанскі, 2, К, 86). Гл. яшчэ Слаўскі, 2, 98.
Кастэ́т ’кастэт’ (ТСБМ, БРС). Відавочна, непасрэднае запазычанне з рус. мовы. Параўн. рус. касте́т ’тс’. У рус. мову лексема трапіла ў сярэдзіне XIX ст. Крыніцай рус. касте́т з’яўляецца франц. casse‑tête ’паліца, кастэт’, ’галаваломка’ (ад дзеяслова casser ’разбіваць’ і tête ’галава’).
◎ Ка́сцерка ’мяшок’ (Касп.). Тлумачэнне знаходзім у Даля: «Костерь ж. или костеря, костра, кострика, кострица, кострыга, костыга, костка, костица ж. Правильнее кастеря, кастрика «жесткая кора растений, годных для пряжи льна, конопли». Можна меркаваць, што касцерка ’мяшок’ — гэта ўтварэннесуфіксам -к(а) ад. бел. кастра ’кастрыца’, дзе суфікс выступае ў ролі ўтвараючага nomina attributiva і дзе нібы «аднаўляецца» ніколі тут не існаваўшы «ь». Гл. аб слове прасл. *kostra ў Трубамова, Эт. сл., 11, 158–160 (тут і аб складанасці рэканструкцыі). Першапачатковая семантыка слова — капцёрка «мяшок з канапель або льну — раслін, што даюць шмат кастры» (або «мяшок, зроблены з ільну або канапель, у якіх захавалася шмат кастры»).
Касцёл ’касцёл, каталіцкая царква’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах. і г. д.). Рус. костёл, укр. костьо́л. У ст.-бел. мове засведчана з XVII ст. у формах костелъ, косцелъ. Непасрэднай крыніцай запазычання бел. слова было польск. kościół ’тс’. У польск. мове гэта слова ўзята, відаць, са ст.-чэш. kostel, якое, у сваю чаргу, запазычана са ст.-в.-ням. kastel < лац. castellum. Недакладна ў Булыкі, Запазыч., 173, дзе польск. лексема выводзіцца непасрэдна са ст.-в.-ням. На тэрыторыі ўсх. славян даная назва адзначаецца ўжо ў 1438 г. (гл. Фасмер, 2, 347). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67. Трэба спецыяльна падкрэсліць, што значэнне ’царква’ развілося ў зах. групе слав. моў і гэта трэба мець на ўвазе гісторыкам слав. моў.
Касцёр ’каласоўнік, Bromus secallinus L.’ (Байк. і Некр.); ’града ці стажок складзеных дроў’; ’грудок чаго-н., вельмі многа’; ’раскладзены агонь на полі, у лесе’; ’вогнішча’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. костёр ’касцёр, агонь’; ’купа дроў і да т. п.’, ’вялікая ўкладка снапоў у полі’, ’кастрыца’ і г. д., укр. косте́р ’сажань дроў’, славен. kóster ’вогнішча; купа дроў’ і г. д. Праформа *kostrъ, генетычна звязана з прасл. *kostra ’кастрыца; шкілет, касцяк; вострыя костачкі рыбы; шэрсць казы; хвошч палявы’ і г. д. Да этымалогіі гл. досыць складаны агляд Трубачова, Эт. сл., 11, 158–160. 163–164. Гл. яшчэ тлумачэнне Фасмера, 2, 347–348.