Кастэля́нка ’кастэлянка’ (БРС). Параўн. рус. кастеля́нша ’тс’. У ст.-бел. мове ўжо было засведчана гэта слова. Гл. Булыка, Запазыч., 144 (каштелянка; вытворнае ад каштелянъ, кашталянъ, кастелянъ ’камендант замка’). Параўн. яшчэ рус. (старое) кастеля́н ’наглядчык замка або грамадскага будынка’. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца італ. caslellano ’камендант, наглядчык замка’ (а гэта з лац. castellānus, утварэнне ад castellum ’замак’). Як і бел. кастэля́нка (каштелянка), але пры дапамозе іншага суфікса, узнікла рус. кастеля́нша (словаўтварэнне яго не бясспрэчнае; параўн. Шанскі, 2, К, 86). Гл. яшчэ Слаўскі, 2, 98.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)