Кастры́чнік ’кастрычнік’ (назва месяца). Гісторыя гэтага слова цесна звязана з іншай назвай 10‑га месяца ва ўсходніх славян — паздерник, у бел. крыніцах таксама паздзерник. Апошнія назвы з’яўляюцца запазычаннем з польск. październik. Польскае слова, таксама серб.-харв. дыял. паздерник ’тс’, відавочна, з’яўляюцца вытворнымі ад pazderьje ’адходы ільну, які апрацоўваецца восенню’ (прэфікс *paz‑ і дзеяслоў *dьrati *derǫ). Уплывы польскай мовы на бел. і ўкр. былі значнымі і праяўляліся не толькі ў прамым запазычанні, а і ў калькаванні. Такой калькай можна лічыць бел. кастры́чнік (< кастрыца ’кастрыца’; слав. *kostrica), які калькуе паланізм паздзернік. Гл. Шаур В. К вопросу о реконструкции праславянских названий меcяцев. — Этимология–1971., М., 1973, с. 97–98.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)