Касцёл ’касцёл, каталіцкая царква’ (ТСБМ, БРС, Сл. паўн.-зах. і г. д.). Рус. костёл, укр. костьо́л. У ст.-бел. мове засведчана з XVII ст. у формах костелъ, косцелъ. Непасрэднай крыніцай запазычання бел. слова было польск. kościół ’тс’. У польск. мове гэта слова ўзята, відаць, са ст.-чэш. kostel, якое, у сваю чаргу, запазычана са ст.-в.-ням. kastel < лац. castellum. Недакладна ў Булыкі, Запазыч., 173, дзе польск. лексема выводзіцца непасрэдна са ст.-в.-ням. На тэрыторыі ўсх. славян даная назва адзначаецца ўжо ў 1438 г. (гл. Фасмер, 2, 347). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67. Трэба спецыяльна падкрэсліць, што значэнне ’царква’ развілося ў зах. групе слав. моў і гэта трэба мець на ўвазе гісторыкам слав. моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)