Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трусо́к ‘пілавіны’ (Касп.), ‘тонкія галінкі, трэскі і г. д.’ (ТС). Да труск (гл.).

Тру́сты: трусты на калёсах ‘выдумкі’ (Мат. Маг. 2). Няясна; магчыма, пераробка выразу турусы на калёсах ‘тс’ пад уплывам дзеяслова трусціць ‘ламаць, крышыць, разбураць’, гл.

Трусца́ ‘густы сняжок’ (Сцяшк. Сл.). Да трусіць ‘сыпаць, церушыць’ (гл.). Паводле Астроўскага (ABSl, 27, 126), узыходзіць да прасл. *tręs‑/*trǫs‑, параўн. польск. trzęsionka ‘дробны дождж’.

Трусці́ць ‘ламаць, крышыць’, разбіваць на кавалкі, разбураць’ (Нас.), тру́сціць ‘ламаць, крышыць, развальваць’ (Некр. і Байк.). Гл. трушчыць.

Трусы́, тру́сікі ‘прыналежнасць мужчынскай або жаночай бялізны’, ‘спартыўныя кароткія штаны, трусы’ (ТСБМ), trusy ‘тс’ (Брасл. сл.), трусэ́ (шчуч., Сл. ПЗБ). Новае запазычанне праз рус. трусы выводзяць са старога франц. trousses ‘кароткія шаравары’ (ЕСУМ, 5, 658; Арол, 4, 109). Трубачоў у Фасмера (4, 110) выводзіць рускае слова з англ. trousers ‘штаны’, што дало першапачатковае рус. тру́сики, адкуль другаснае трусы (Ніканаў, Этимология–1967, 100).

Трусь-трусь — падзыўныя словы для кролікаў (полац., Нар. лекс.). Відавочна, звязаны з трус ‘кролік’, параўн. укр. трусь‑трусь, польск. truś‑truś — падзыўныя для кролікаў, аднак паколькі гэтыя словы ўжываюцца для падзывання і іншых жывёл, то могуць узыходзіць да тпрусь‑тпрусь, гл. тпро‑тпра (ЕСУМ, 5, 660; Борысь, 645).

Труся́нка ‘трасянка; страва з некалькі прадуктаў’ (ТС), трусю́ха ‘дробная салома’ (паст., Сл. ПЗБ). Утварэнні ад трусіць2, ‘растрасаць, змешваць’ аналагічна да трасянка1, гл.

Трут ‘высушаная губа, якая выкарыстоўваецца для высякання агню’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Др.-Падб., Гарэц.; дубр., мсцісл., стаўб., клім., ЛА, 4), ‘чага, бярозавая губка’ (Ласт., Меер Крыч.), ‘губа на альсе’ (гарад., ЛА, 1), сюды ж, відаць, і ў праклёне каб цябе трут еў, як ты абʼідаіш мае дабрыцо! (Варлыга, Прыказкі Лагойшчыны, New York; München, 1966, 104). Укр. трут ‘кнот або высушаны грыб-трутавік (выкарыстоўваецца пры высяканні агню)’, рус. трут ‘перапаленая ў закрытым сасудзе анучка, пры дапамозе якой здабываецца агонь’, стараж.-рус. трудъ ‘губка з дрэва’, чэш. troud, мар. trúd, славац. trúd, славен. tród, харв. trûd, серб. тру̂б, макед. трат, балг. трът ‘трут’, ст.-сл. трѫдъ ‘тс’. Прасл. *trǫdъ ‘гнілізна, парахно’, утворанае ад незахаванага ў славянскіх мовах дзеяслова; супастаўляюць з літ. trandìs ‘караед’, trandýti ‘есціся караедамі’, trendéti ‘быць паточаным моллю’, лат. trenéti, лат. trenêt ‘псавацца, гніць’, ст.-інд. trnátti ‘расколвае, прадзіраўлівае, адкрывае’, ст.-грэч. τερδών ‘шашаль’ (Фасмер, 4, 110; Брукнер, 575 і 577; Махэк₂, 653; Голуб-Копечны, 391; Траўтман, 328; Скок, 3, 514; Глухак, 642; Зубаты, AfslPh, 16, 416; ЕСУМ, 5, 660). Сюды ж: трутаві́к ‘грыб, які паразітуе на дрэвах’ (ТСБМ; клім., ветк., ЛА, 1, Мат. Гом.).

Тру́тка ‘атрута’ (беласт., Сл. ПЗБ). З польск. trutka ‘тс’ (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 133), у мове паляўнічых ‘прынада, запраўленая атрутай’ (Варш. сл.).

Трутнёўка ‘пчаліная матка, ад якой выводзяцца толькі трутні’ (Сцяшк., Варл.; слаўг., Нар. сл., Скарбы, Сл. ПЗБ), трутнёўка ‘тс’ (Мат. Гом.), трутоўка ‘тс’ (Сцяшк.; лід., Сл. ПЗБ, ПСл; слаўг., Нар. сл., Скарбы, ПСл), труто́вка, тру́тныха ‘тс’ (Сл. Брэс.), труто́ўка ‘неаплодненая матка’ (Анох.). Да тру́цень (гл.).