Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пры́знак ’прымета’ (ТС, Скарбы). Відаць, як і чэш. příznak, балг. прѝзнак ’тс’ запазычана з рус. при́знак, што, у сваю чаргу, з ц.-слав. признакъ ’паметка, заўвага’, параўн. БЕР, 5, 711. Не выключае, аднак, і самастойнае развіццё ад прызначыць ’пазначыць’, (гл.), асабліва ў значэнні ’метка, адзнака’, параўн. зна́чыць і знакова́ць ’меціць’ (ТС).

Прызна́ць, прызнава́ць ’пазнаць; пагадзіцца, устанавіць’ (ТСБМ; шальч., даўг., лях., Сл. ПЗБ; ТС). Прэфіксальнае ўтварэнне ад зна́ць ’ведаць’ (гл.). Паводле Трубачова (Этногенез, 188), слав. *priznati сінтэзуе значэнні ’быць родным’ і ’знаць’, што адлюстроўвае архаічнасць мыслення, параўн. рус. дыял. призна́ть ’атрымаць звесткі, даведацца’, ’вызначыць, распазнаць’, укр. призна́ти ’прызнаць, пагадзіцца, успрыняць, устанавіць’, ’прызнаць сваім’, балг. призна́вам ’пагаджацца, прымаць да ведама’, ’паважаць’.

Прызна́чыць, прызнача́ць ’загадзя намеціць’, ’назначыць; устанавіць’, ’намеціць, зрабіць метку’ (Нас., Байк. і Некр., ТСБМ, ПСл), ’адпусціць (сродкі)’ (ашм., Сл. ПЗБ). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад знак (гл.).

Прызнія́ць ’прыгарэць’ (Касп.). Прэфіксальнае ўтварэнне ад незафіксаванага *знія́ць ’гарэць’ з коранем зн(і/о)‑ < прасл. znʼ‑, які рэалізуецца ў назоўніку *znoj і дзеяслове *zněti (< *znoįti) ’гарэць’ (гл. зніч, зно́іць), параўн. чэш. zněť, zňat ’тлець; паліць’, рус. знеть, зне́ять ’тлець, распаляцца’. Відаць, у сувязі з наяўнасцю пры‑знія́ць можна прапанаваць магчымы карэлят для *zněti, а менавіта *zniti/*znijati. Аб сувязях з прасл. *gnětiti ’распальваць, запальваць, паліць’ гл. Анікін, Этимология, 431–433.

Прызнусці́ць, прізнусці́ць, прізнушча́ць ’прымусіць падманам, угаворамі; падмануць; прывабіць’ (жлоб., слаўг., Нар. словатв.), прызнушча́ць ’прымушаць’ (Ян.). Да знусці́ць/знушча́ць, гл. зваротнае знушча́цца, якое не мае агульнапрынятай этымалогіі. Спроба звязаць укр. з(г)нуща́тися з прасл. *gnusъ, якую прапануе ЕСУМ (2, 272), таксама не пераконвае.

Прызо́рніца ’сядзелка’ (Ласт.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад незафіксаванага *прызо́рваць ’даглядаць’, гл. зо́рыць. Відаць, сюды ж прызо́р ’кампанія’ (ашм., Сл. ПЗБ: “Як вып’я, то шукая прызо́ру”) — метафарычны перанос зневажальнага характару размоўнага значэння прызо́р ’нагляд’.

Прызы́каць экспр.’прыбегчы (толькі пра кароў)’ (шуміл., Сл. ПЗБ). Да зы́каць, зы́кацца ’бегаць з ровам; гаворыцца пра кароў, бегаючых ў час летняй спякоты ад укусаў насякомых, якіх называюць зы́каўкамі’ (Нас.).

Прызы́рыць ’прыпячы’ (ТС). Прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад зафіксаванага там жа зыр ’гарачыня, спёка, жар’ (гл.). Верагодна, сюды ж трэба аднесці прызы́рыць ’прымусіць; прыструніць’ (Шат., Хрэст. дыял., ТС) з далейшым развіццём семантыкі ’пячы’ → ’біць’. Гл. таксама Антропаў, Супр. чыт. III, 14.

Прызы́ў ’дзеянне і людзі, адначасова прызваныя ў армію’ (ТСБМ), пры́зыў ’тс’ (Растарг.), пры́заў ’прызыў (у войска)’ (Ян.), толькі мн. л. пры́звы ’служба ў арміі’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Запазычана з рус. призы́в, дыял. при́зо́в ’тс’.

Прызьмо́, прызмо́ (pryzmó), пры́змо, пры́зма ’прывязка, якою прымацоўваецца біч да цапільна; вяроўка, скручаная з лазы, для замацавання дэталяў сахі; лазовы калач, (вяровачная) прывязка, якою прывязваюць ярмо да рагача (аглабель); прут, які засоўваюць у ярмо’ (Байк. і Некр.; парыц., Некр.; Маш.; смаляв., бялын., Янк. 1; ДАБМ, ПСл, Скарбы; бераст., ЛА, 2). Аддзеяслоўны назоўнік ад прывяза́ць са стратай пачатковага складу кораня: прывяза́ць > пры(вя)зьмо́ > прызьмо́.