Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

То́рнік ’прыстасаванне, якім робяць уторы’ (АБ, 9). Да уто́рнік < утора (гл.).

То́рнуць ’штурхнуць, піхнуць’ (Юрч., Жд. 2), ’ткнуць, даць’ (Юрч., Жд. 3, Сл. ПЗБ), ’апусціць, усадзіць’ (Сл. ПЗБ), ’аддаць грошы’ (гарад., Нар. ск.). Відаць, дзеяслоў на ‑ну‑ ад імітатыва тор3 (гл.); менш верагодна ад торкнуць (гл.), шляхам спрашчэння спалучэння зычных у сярэдзіне слова.

То́рны ’наезджаны, гладкі, роўны’ (ТСБМ; лун., Шатал.; Мат. Гом.), ’утаптаны, убіты’ (Байк. і Некр., Бяльк.; рагач., Сл. ПЗБ; Пятк. 2): на торным двары (Полымя, 1970, 2, 127), ’дрэнны, (разбіты?)’: дарога вельмі торная, ісці нават цяжка (стаўб., Жд. 1). Рус. то́рный ’гладкі, роўны’, серб. то̑рни ’які адносіцца да пастаўніка’, балг. то́рен ’угноены’. Утвораныя ад тор1 або то́рыць (гл.) пры дапамозе суф. *‑ьn‑ъ, падобнае паходжанне прапануецца і для паўднёваславянскіх слоў (Скок, 3, 512); значэнне ’ўгноены’, верагодна, развілася на базе ’утоптаны жывёлай, якая доўга стаяла на гэтым месцы’.

Торп1 ’бакавыя часткі ў гумне, застаронкі, зададзеныя збожжам’ (Сл. ПЗБ; астрав., Ск. нар. мовы; Сцяшк., Сержп. Прымхі; паўн.-зах. і цэнтр., ЛА, 2), ’абарог для сена’ (Касп.), ’сцірта ў гумне паміж двума слупамі’ (ашм., Стан.), ст.-бел. торпъ ’адзінка для вымярэння неабмалочанага збожжа’. Гл. тарпа1.

Торп2 ’торф’ (Мат. Гом., Жд. 2, Жд. 3), то́рпа ’тс’ (Скарбы), тарпа́ ’тс’ (Касп.). З торф (гл.) з заменам не ўласцівага народнай мове гука ф на п, магчыма, пад уплывам папярэдняга слова, бо выкапаны торф складвалі для прасушкі ў выглядзе сціртаў. Параўн. тарпа2.

Торс ’адлюстраванне тулава чалавека ў жывапісе ці скульптуры’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Праз польскае ці рускае пасрэдніцтва з італ. torso ці франц. torse, якія з лац. thyrsus ’сцябло’, ’жазло Вакха’ < ст.-грэч. νύρσος ’тс’, ’галінка, атожылак’ (Фасмер, 4, 87; Голуб-Ліер, 485; ЕСУМ, 5, 608).

То́рскаць (то́рскыць) ’штурхаць’ (Юрч. Вытв.), сюды ж то́рснуць ’штурхнуць’ (Юрч.), то́рснуцца ’штурхануцца’ (Юрч. СНЛ), торсь — пра грубае штурханне (мсцісл., Нар. лекс.). Параўн. укр. то́рсати ’торгаць, рухаць, штурхаць, трэсці’, торсону́ти ’моцна штурхаць’, чэш. trsati ’дрыгаючыся, танцаваць’, ’дабываць рэзкія, кароткія гукі з музычных інструментаў’. Ад гукапераймальнага тор3 з нарашчэннем ‑с‑, параўн. пялёх/пялёсь пра пялёсканне (мсцісл., Нар. лекс.), торк/торсь — пра штурханне (там жа) і пад.

Торт ’кандытарскі выраб са здобнага цеста’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.; астрав., Сл. ПЗБ). Запазычана з заходнееўрапейскіх моў, хутчэй за ўсё, з ням. Torte, якое праз італ. torto ’торт’ з познелац. tōrta ’від круглага і плоскага хлеба’, да лац. torquēre ’віць, круціць, сукаць; вярцець, пераварочваць’ (Фасмер, 4, 87; Махэк₂, 123; Голуб-Ліер, 138; ЕСУМ, 5, 608). Сюды ж то́ртавыя ця́сткі ’здоба’ (Сцяш. Сл.) — з польск. ciastka tortowe ’тортавае пірожнае’.

То́ртаўскі: то́ртаўскі плото́к ’суконная тоненькая хустка’ (Ян.). Няясна.

Торф ’рэшткі перагніўшых балотных раслін’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), торп ’тс’ (Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ), то́рпа ’тс’ (Некр. і Байк., Сцяшк.), торх ’тс’ (віл., Сл. ПЗБ), торх, торшо́к ’тс’ (Юрч., Растарг.), тор ’тс’ (Мат. Гом.). Запазычана (з наступнай фанетычнай адаптацыяй у народнай мове) праз польскую ці рускую мовы з ням. Torf (н.-ням., в.-ням. zurba, zurf, англа-сакс., англ. turf ’дзірван’, ст.-сканд. torf ’пук’), роднасным якому з’яўляецца ст.-інд. darbhás ’пучок травы’ (Васэрцыер, 233; Фасмер, 4, 87; Чарных, 2, 253; ЕСУМ, 5, 609). Аднак Міхельсон (Рус. мысль, 671) выводзіць лексему з араб. turab ’зямля’.

Торч ’сабраныя разам няструганыя доўгія дошкі’ (Нас.). Як і ўкр. торч ’агароджа з вертыкальна прымацаваных кіёў’, торчи́на ’адна палка ў агароджы’, адносіцца да прасл. *tъr̥četi/*stъr̥četi ’вытыркацца, тырчаць’, параўн. тарчма́, то́рчма, гл. Менш верагодны зваротны дэрыват ад тарчыца ’дошка’ (гл.) з фармальным пераўтварэннем (о < а пад націскам) і набыццём значэння зборнасці.