Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кага́н ’вага ў студні з жураўлём’, ’саха ў студні з жураўлём’ (ДАБМ), ’вочап у студні з жураўлём’ (драг., Нар. сл.). Гэтыя назвы ўтвараюць кампактны арэал на зах. Палессі. Магчыма, сюды ж адносіцца рус. маск. каган ’жэрдка, якой умацоўваюць снапы або сена на возе’. Такая паралель не дазваляе меркаваць аб вузкалакальным пераносе ад каган, да якога ўзыходзіць каганец (гл.).

Кагане́ц ’свяцільня’ (БРС), ’свяцільня, робіцца з чарапка, у які наліваюць сала і апускаюць кнот’ (Бяльк.), ’светач, свяцільня’ (Гарэц.), ’смольная лучына’ (Др.-Падб.), цэнтр.-бел., паводле сведчання Багдановіча, 18, каганец, на якім «паляць сухое паленне для асвятлення хаты», параўн. Машынскі, 121. Укр. каганець ’начны свяцільнік’, рус. дыял. каганец ’свяцільнік у выглядзе чарапка, у які наліваюць сала або алей і кладуць кнот’, польск. kaganek, kaganiec ’свяцільнік з кнотам’, ’лучына’, чэш. kahánek, kahan, kahanec ’свяцільнік, каганец з кнотам’, славац. kahan, kahanec ’тс’. Слаўскі (2, 21) прыводзіць яшчэ балг. дыял. гаганица ’вялікае вогнішча, якое раскладаецца на ростанях у нядзелю першага тыдня велікоднага посту’ (у БЕР, 1, 222: ’жэрдка, шост з саломай (факел?)’), параўн. польск. gaganiec. У якасці крыніцы гэтых слоў звычайна лічыцца грэч. τᾱγηνον, τᾱγανον ’патэльня і інш.’, аднак Фасмер (2, 155) звяртае ўвагу на тое, што ў с.-грэч. адсутнічае форма на , а ёсць толькі ταγανον, ταγανισν, якое праз цюрк. запазычана ў рус. мову (таган). Прыняцце грэч. крыніцы патрабуе тлумачэння фанетыкі; Слаўскі (там жа) піша: «Неабходна было б «прыняць даўнюю дыстантную асіміляцыю tgkg, gg». Такім чынам, больш надзейнай крыніцай можа быць цюрк., параўн. чув. kэgan ’ручка на посудзе’, што Фасмер (2, 155) аспрэчвае з прычыны далёкага значэння. Гэты аргумент не вельмі сур’ёзны, калі ўлічыць магчымасць пераносу значэння, тым больш пры запазычанні. Брукнер (213), улічыўшы чэш. kahan ’глечык, посуд’, адзначыў, што суф. ‑an утварае прасл. назвы посуду і што ён можа быць славянскага паходжання. Супраць Слаўскі, які, відаць, меў на ўвазе яшчэ і такія значэнні, як kaganiec ’металічная або раменная сетка, якая накладаецца на морду зверу (сабаку)’, і спасылаўся па Дарашэўскага, PF, XIII, 77. Махэк₂ (235) значэнне ’кацялок для палення (смалы)’ лічыць зыходным. Ён прапанаваў: kahan < *gagan (параўн. польск. гутарковыя формы), якое звязана з žega; ступень gag‑ засведчана таксама ў слове jьz‑gaga, žáha; g‑ > k у выніку дысіміляцыі. Можна адзначыць, што балг. паралель таксама падмацоўвае такое рашэнне, як, магчыма, і рус. (пск., асташ., цвяр.) каганок ’маленькі чыгунок або кацялок ш вушкамі, які ўмазваецца ў печ’. Значэнне ’кацялок’ выяўляецца і ў рус. каган ’возера на заліўным лузе, невялікае возера, якое перасыхае ўлетку’. Думку Брукнера адносна таго, што слова kahan ведаюць толькі палякі і чэхі, а на ўсходзе гэта запазычанне, аспрэчвае Слаўскі, аднак лінгвагеаграфія (зах.-слав. мовы, укр. і бел.) вельмі сімптаматычная і можа сведчыць на карысць такой думкі.

Кага́т ’бурт’ (БРС, ТСБМ), ’яма для захавання бульбы’ (Бяльк.), ’доўгі, мелкі капец бульбы’ (кобр., Нар. сл.), ’стог’ (чач., Мат. Гом.), параўн. у Яшкіна, 83, ветк. кагацішча ’месца, дзе стаяла сцірта (кагат) сена’. Укр. міргар. кагат ’куча’, дан. ’куча рыбы, па-асабліваму складзеная і пакрытая чаротам’, палес. кагата ’яма для сховы бульбы зімой’, рус. смал. кагат ’конусападобная куча бульбы ў полі’. На думку Лучыца-Федарца, БЛ, 3, 1973, 57, кагат з’яўляецца іранізмам. Лінгвагеаграфія слова быццам не супраць гэтага, аднак існуюць пэўныя фармальныя і семантычныя цяжкасці. У якасці блізкіх да магчымай іранскай крыніцы Лучыц-Федарэц прыводзіць асец. къахт ’яма’, къахын ’выдзеўбаць’, kʼахуn : kʼaxt ’капаць’. Аднак, паводле Абаева, 1, 620, гэта слова з’яўляецца параўнальна рэдкім для асец. мовы прыкладам адназоўнікавага дзеяслова, ад kʼax ’нага’, першапачаткова такім чынам, ’капаць нагой’ (аб жывёлах), а само слова kʼax не іранскае, гл. Абаеў, 1, 619. Зразумела, што ненадзейнасць асецінскай паралелі вымушае яшчэ больш сумнявацца ў патэнцыяльнай іранскай крыніцы. Апрача гэтага, значэнне ’яма’, якое дазваляе меркаваць аб сувязі іран. і слав. слоў, нельга, безумоўна, лічыць першапачатковым для слав. лексем, тым больш што словы з такімі значэннямі суадносяцца геаграфічна і ўказваюць на другасны іх характар. Слова нагадвае вандроўны культурны тэрмін, аднак крыніца запазычання невядомая.

Кагу́т ’певень’ (Мат. Гом.). Гл. когут.

Ка́даўб ’драўляная пасудзіна, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка драўніны’ (БРС, ТСБМ; чэрв., З нар. сл.; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат., Янк. 2), ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (глус., Янк. 2; Яшкін, вусн. паведамл.), ’калдобіна на дарозе’ (глус., Янк. 2), ’чыстая вада, азярцо на балоце’ (ельск., Яшк.), ’нізінка, лагчынка са стаячай вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл.), кадаўп ’комін’ (стаўбц., З нар. сл.); кадаўб ’жывот, страўнік’ (гродз., З нар. сл.); кадаўба ’бочка, выдзеўбаная з дрэва’ (Гарэц., З нар. сл., Касп., Мат. Гом.), ’ступка’ (ветк., Мат. Гом.) ’сажалка’, ’выбоіна’, ’кар’ер’ (Мат. Гом.); кадаўбец ’пасудзінка, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам.), ’пасудзіна, куды зліваюць мёд’ (слуц., КЭС); кадалбец ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл. — спасылка на палес. запісы Талстога); кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ (глус., Яшк. 2). Укр. палес. кадавба, кадовб ’вялікая бочка’, укр. кадуб, кадівб, кадіб ’вялікая бочка, якая ўжывалася для захоўвання збожжа або мукі, капусты і да т. п.’; рус. смал. кадолба ’калода для сцякання вады, асабліва крынічнай; выдзеўбаная з дрэва бочка; ліпавая кадка без дна, устаўленая ў крыніцу; пра лянівую жанчыну, якая любіць паспаць’, зах.-бран. кадаўба, кадаўбіна, кадоўбіна ’невялікая ямка, запоўненая дажджавой вадой; выбоіна на дарозе’, польск. kadłub ’выдзеўбаная, пустая ў сярэдзіне калода’, ’пасудзіна з суцэльнага кавалка дрэва’, ’кашэль з кары’, ’тулава’, дыял. ’выдзеўбаная калода, якая ўстаўляецца замест калодзежнага зруба; выдзеўбаная калода, якая ўжываецца ў якасці станка жорнаў’; дыял. kadłubek ’крыніца’. Ст.-польск. kadłub ’выдзеўбаны пень дрэва’ фіксуецца з XV ст., славін. kadłu̇b ’тулава’, н.-луж. (арх.) kałub ’выдзеўбаны пень’, в.-луж. kadołb ’камінок над лучынай’, чэш. kadlub ’вялікая пасудзіна, звычайна выдзеўбаная з пустога пня; форма для адліўкі’, ’калодка’, kadluba ’калодзежны зруб’, валаш. kadłb ’выдзеўбаная калода для збожжа’, ’гусіная тушка без крылаў і шыі’, ’грудная клетка’, славац. kadlụb ’рэзервуар для вады, выдзеўбаная калода’, Міклашыч (108), Бернекер (1, 467), а за імі іншыя аўтары (Слаўскі, 2, 16–17; Трубачоў, Эт. сл., 9, 113–114) далучаюць да разглядаемай групы слоў яшчэ і рус. дыял. калдоба, колдоба, колдобина, бел. калдобіна і да т. п, якія, як лічыцца, з’яўляюцца метатэзнымі формамі ад кадолба і пад. Што датычыць паходжання разглядаемых слоў, то можна выказаць наступныя меркаванні. Праславянскай гэту групу слоў лічыць нельга, паколькі адсутнічаюць паўд.-слав. паралелі; рус. гаворкі, па сутнасці, іх таксама не ведаюць. Слаўскі (2, 17) узнаўляе форму *kadḷbʼъ, у якой другая частка — да прасл. *dḷbʼti ’дзяўбці’. Структурную і семантычную паралель для такой этымалогіі можна знайсці ў бел. маг. кадыр ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’, якое выглядае як вытворнае ад ка‑ і ‑derь < dьrati або ад прэфіксальнага дзеяслова. Этымалогія слова кадоўб, прапанаваная яшчэ Міклашычам, 108, не прымалася аднагалосна; Траўтман (Göttingische gelehrte Anzeigen, 1911, 258) і Фасмер (RS, 4, 164) меркавалі пра кампозіт kadь + dьlb; Брандт (РФВ, 22, 139) і Сабалеўскі (Slavia, 5, 444) прапанавалі kolodьlba; укр. зах. колодовбина ’выбоіна, ухаба’ зафіксавана ў слоўніку Жэляхоўскага; па сутнасці, той жа аргумент можна прывесці і ў другім выпадку (значэнне ’калдобіна, каляіна’ неабходна было б лічыць першапачатковым, што неверагодна). Фасмер (2, 287) адмовіўся ад ранейшай этымалогіі, Трубачоў (Эт. сл., 9, 113–114) аднаўляе форму ж. р. *kadьlba і м. р. *kadьlbъ, пры гэтым дыскусійным застаецца пытанне, як разумець першую частку кампозіта (ka‑). Ён раздзяляе погляды Фасмера на гэту праблему і лічыць, што ka‑ суадносіцца з пытальным займеннікам *kъto. Слаўскі (2, 17) супраць такога параўнання і мяркуе аб сувязі пейаратыўнага ka‑/ko‑ з прыназоўнікам і ўзмацняльнай часціцай ‑ka (‑ko, ‑kъ). Калі меркаваць аб магчымым дзеяслоўным словаўтварэнні (параўн. прыклады пад кавярзень), можна прапанаваць гіпатэтычную форму ko‑dьlbati, з якой ka‑ утвараецца па вядомай мадэлі. Відавочная сувязь з *dьlbati можа пацвярджацца ўскосна яшчэ і такімі прыкладамі, як укр. кадовбина ’невялікая палонка’, бел. глус. кадаўб (калдобіну на дарозе паўбівалі), кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ і інш.

Кадзі́ла1 ’металічны сасуд на доўгіх ланцужках, у якім у час набажэнства курыцца ладан або іншыя пахучыя рэчывы’ (БРС. ТСБМ, Бяльк.). Слова не выглядае як народнае, хоць, відавочна, вядома ў гаворках. Відаць, запазычанне з царк.-слав. кадило ’тс’, якое са ст.-слав. кадило ’фіміям’ да прасл. kadidlo, вытворнага з суф. ‑(i)dlo ад kaditi гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 109.

Кадзі́ла2 ’шматгадовая травяністая лекавая расліна сямейства губакветных з белымі пахучымі кветкамі’ (ТСБМ). Маецца на ўвазе расліна Melitis melissophyllum — кадзіла дробналістае; на Беларусі вядомая толькі ў некалькіх замкнёных арэалах (напр., у Белавежскай пушчы); народныя назвы невядомы. Па гэтых прычынах відавочнае рус. запазычанне. Рус. кадило ’тс’, магчыма, да кадить. Гл. кадзіць.

*Ка́дзіца, ка́дыца ’калодка ў коле ад воза’ (пін., Нар. лекс.). Рус. ярасл. (з інш. суфіксацыяй) кадка ’патоўшчаны канец цапільна, у якім замацоўваецца раменьчык’, ’драўлянае цапільна, у якім замацоўваецца раменьчык’, ’драўлянае цапільна з патоўшчаным верхнім канцом’, ’біла ў цэпа’, кадочка ’тс’ і ’адтуліна ў патоўшчаным канцы цапільна, у якім замацоўваецца раменьчык’, ’біла цэпа’, кадулька, кадушка і да т. п. Іншыя вытворныя (на ўласна бел. тэрыторыі) ад *kadь таксама з пераносным значэннем: кадка ’тупы канец яйка’ (Нас.), зах.-бран. кадка ’дно бутэлькі’. Адсутнасць фармальных і семантычных аналагаў вымушае кваліфікаваць пін. кадыца як вузкарэгіянальнае ўтварэнне: адсутнасць на палескай і наогул на большай частцы бел. тэрыторыі формы кадзіца не дазваляе ўключыць бел. слова (Трубачоў, Эт. сл., 9, 109) у артыкул *kadica (вытворнае ад *kadь памянш. суфіксам ‑ica). Зафіксаванае Цыхуном (З нар. сл., 191) на той жа тэрыторыі кадушка ’кадаўб’ і ’маленькая цыліндрычная каробачка, зробленая з бярозавай ці вішневай кары з накрыўкай’ сведчыць аб наяўнасці іншай магчымай словаўтваральнай асновы (фармальна супадаючай з кадзь). Звяртае на сябе ўвагу ўкр. дыял. колодиця ’калодка ў коле ад воза’, палес. колодиця ’тс’, якое і словаўтваральна і тыпалагічна адпавядае бел. слову.

Кадзі́ць ’раскалыхваючы ў руцэ кадзіла, курыць ладанам або іншымі пахучымі рэчывамі ў час набажэнства’ (БРС, ТСБМ, Яруш.). У гаворках вядома, відаць, толькі ў такіх значэннях; відавочнае запазычанне (праз рус. мову?) з ц.-слав. кадити, якое, як і ст.-рус. кадити, ст.-слав. кадити ’тс’ і інш. формамі ў слав. мовах з прасл. kaditi; аднак утваральная аснова невядомая (< *kod‑). Суадносіцца анафанічна з прасл. čaditi, вытворныя ад якога добра засведчаны ў бел. мове. Для прасл. kaditi практычна не знаходзіцца ні балтыйскіх, ні іншых і.-е. адпаведнікаў, гл. Слаўскі, 2, 18–19; Трубачоў, Эт. сл., 9, 110.

Кадзь ’вялікая драўляная пасудзіна з клёпак, сцягнутых абручамі, для захоўвання розных сельскагаспадарчых прадуктаў’ (БРС, ТСБМ, Касп., Нік., Оч., П. С., Шат.). Бяссонаў (Бяс.) адзначаў, што словы кадь, кадка ведаюць на Белай Русі. Слова, як можна меркаваць на падставе крыніц, адзначана на цэнтральна-беларускай тэрыторыі і на поўначы, што можа азначаць або архаізм, або запазычанне (у даным выпадку назва магла быць запазычана разам з імпартам рэаліі). Звяртае на сябе ўвагу і невялікая колькасць фіксацый вытворных ад гэтага слова (гл. ніжэй). Слова сустракаецца ва ўсім славянскім свеце: укр. кадь, рус. кадь, польск. kadź, в.-луж. kadź, н.-луж. kaź, славін. kωз, палаб. kod ’калода, на якой трэплюць лён’, чэш. kád і інш., славац. kiad, *käd, серб.-харв. kȃd, славен. kàd ’чан’, макед. када, балг. кода, аднак гэты факт, як падкрэслівае Слаўскі (2, 19), яшчэ не сведчыць аб яго старажытнасці. Спроба славянскай этымалогіі належыць Махэку₂, 234, які параўноўваў слав. kadь з грэч. κηθίς ’урна’ (для галасавання), што не пераконвае па розных прычынах. Звяртае на сябе ўвагу на сутнасці аднароднасць значэнняў слова ў розных мовах і культурны яго характар. Адзначым, што і гісторыя рэаліі сведчыць аб яе пашырэнні ў той час, калі сувязі паміж славянскімі мовамі ўжо не былі цеснымі; найбольш раннімі бандарскімі вырабамі ў славян былі драўляныя вёдры (гл. Sl. staroż. slow., 1, 98–100). Нягледзячы на быццам бы відавочную неабходнасць прыняць папулярную версію аб запазычанні слав. kadь з грэч. (с.-грэч.?) κάδι(ον), хочацца адзначыць, што яна не з’яўляецца фармальна бездакорнай. Грэч. слова лічыцца запазычаным са ст.-яўр. kad ’драўлянае вядро’; κάδι(ον) — памянш. ад κάδος ’бочка, збан, вядро’; ст.-грэч. κάδδος ’пасудзіна, пераважна урна для галасавання (у лакедаманян)’, н.-грэч. καδίτό(‑δ‑) і κάδος ’бочка, цэбар, вядро’. Не зусім ясны шлях пранікнення тэрміна ў славянскія мовы. Слаўскі (там жа) мяркуе, што гэта «вандроўнае» слова, якое пранікала праз балканскіх і рускіх славян. Як на паралельны працэс указваюць на пашырэнне слова ў іншых еўрапейскіх мовах: рум. cadǎ, алб. káde ’бочка’, франц. cade ’мера ёмістасці’, англ. cade ’бочка’, аднак крыніцай гэтых слоў з’яўляецца лац. cadus ’збан, бочка’ (з той жа грэч. крыніцы). Трубачоў (Эт. сл., 9, 112–113) звяртае ўвагу, што, нягледзячы на позні культурны характар слова, можна адзначыць старыя па віду вытворныя: *kadьca і *kady/‑ъve. Апошні прыклад, аднак, нельга лічыць сур’ёзным, паколькі рэканструкцыя будуецца толькі на аднойчы зафіксаваным рус. дыял. кадовь ’вялікі чан’.

Ка́дка1 ’невялікая кадзь, кадушка’ (ТСБМ, Бяльк., Нас., Сцяшк.). Слаба зафіксавана ў гаворках, што, улічваючы іншыя назвы для гэтай рэаліі, можа ўказваць на запазычанне. Слова вядома ў некаторых слав. мовах, аднак шырока засведчана толькі ў рус. мове. Магчыма, стар. утварэнне суфіксам ‑ъka ад kadь (гл. кадзь).

Кадка́2 ’тупы канец яйка’ (Нас.). Можна параўнаць з рус. (зах.-бран.) кадка ’дно ў бутэльцы’, што пашырае геаграфію слова і, відавочна, сведчыць аб пераносным ужыванні слова кадка (гл.) на ўсх.-бел. тэрыторыі для абазначэння падобных да маленькай бочкі прадметаў. Больш шырока такія другасныя назвы вядомы гаворкам рус. мовы: параўн. рус. арл. кадка ’адтуліна ў сцяне печы для абпальвання цэглы; праз яе накладваюць цэглу’; ярасл. ’патоўшчаны канец ручкі цэпа, у якім замацоўваецца раменьчык’, цвяр., наўг., алан. і інш. ’драўлянае дзяржанне цэпа з патоўшчаным верхнім канцом’.