Каду́шка 1 ’невялікая кадзь, кадка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг.; палес., З нар. сл.; Касп., Маш., П. С., Сержп., Сержп. Грам., Сцяц. Нар., Сцяшк., Яруш.), ’кадаўб’ (палес., З нар. сл.), ’маленькая цыліндрычная каробачка, зробленая з бярозавай ці вішнёвай кары (змацаваная «ў замок») з накрыўкай; у кадушку насыпалі соль ці накладвалі масла, калі ехалі на сенажаць, у дарогу’ (брэсц., З нар. сл.), ’вялікіх памераў ёмістасць для мукі’ (слонім., КЭС), ’выдзеўбаная скрыня на дне калодзежа’ (калінк., Нар. сл.), ’рыбалоўная стаўная пастка з двума процілеглымі глухімі заходамі (ніцяная або з лазы)’ (палес., Крыв.), ’тоўстая жанчына’ (Мат. Маг.), кадуша ’тс’ (Мат. Маг.). Слова вядома ў рус. літар. мове і ў гаворках, што можна разглядаць як сумесную інавацыю (яна ўтворана памянш. суфіксам ад кадь, гл. кадзь) або як пранікненне слова разам з пашырэннем рэаліі. Звяртае на сябе ўвагу рус. дыял. кадушка ’састаўная частка рыбалоўнай снасці — венцера: абруч з нацягнутай на яго сеткай’, аднак меркаваць аб нейкай роднаснасці слоў нельга па розных прычынах. Маг. кадушка ’тоўстая жанчына’ можна разглядаць як утварэнне ад кадушка з трансфармацыяй суфікса ў выніку экспрэсіўнага характару слова або ў выніку замены яго на іншы, больш падыходзячы суфікс, параўн. вядомае на гэтай тэрыторыі гаваруша ’асоба, якая любіць пагаварыць’.
Каду́шка 2 ’ўтулка (у коле)’ (браг., Шатал.). Утворана ад кадушка 1 (перанос паводле падабенства), на магчыма больш шырокую геаграфію слова ўказвае брэсц. кадыця ’тс’ (гл. там жа прыклады іншых пераносаў).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)