*Ка́дзіца, ка́дыца ’калодка ў коле ад воза’ (пін., Нар. лекс.). Рус. ярасл. (з інш. суфіксацыяй) кадка ’патоўшчаны канец цапільна, у якім замацоўваецца раменьчык’, ’драўлянае цапільна, у якім замацоўваецца раменьчык’, ’драўлянае цапільна з патоўшчаным верхнім канцом’, ’біла ў цэпа’, кадочка ’тс’ і ’адтуліна ў патоўшчаным канцы цапільна, у якім замацоўваецца раменьчык’, ’біла цэпа’, кадулька, кадушка і да т. п. Іншыя вытворныя (на ўласна бел. тэрыторыі) ад *kadь таксама з пераносным значэннем: кадка ’тупы канец яйка’ (Нас.), зах.-бран. кадка ’дно бутэлькі’. Адсутнасць фармальных і семантычных аналагаў вымушае кваліфікаваць пін. кадыца як вузкарэгіянальнае ўтварэнне: адсутнасць на палескай і наогул на большай частцы бел. тэрыторыі формы кадзіца не дазваляе ўключыць бел. слова (Трубачоў, Эт. сл., 9, 109) у артыкул *kadica (вытворнае ад *kadь памянш. суфіксам ‑ica). Зафіксаванае Цыхуном (З нар. сл., 191) на той жа тэрыторыі кадушка ’кадаўб’ і ’маленькая цыліндрычная каробачка, зробленая з бярозавай ці вішневай кары з накрыўкай’ сведчыць аб наяўнасці іншай магчымай словаўтваральнай асновы (фармальна супадаючай з кадзь). Звяртае на сябе ўвагу ўкр. дыял. колодиця ’калодка ў коле ад воза’, палес. колодиця ’тс’, якое і словаўтваральна і тыпалагічна адпавядае бел. слову.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)