Ка́дка1 ’невялікая кадзь, кадушка’ (ТСБМ, Бяльк., Нас., Сцяшк.). Слаба зафіксавана ў гаворках, што, улічваючы іншыя назвы для гэтай рэаліі, можа ўказваць на запазычанне. Слова вядома ў некаторых слав. мовах, аднак шырока засведчана толькі ў рус. мове. Магчыма, стар. утварэнне суфіксам ‑ъka ад kadь (гл. кадзь).

Кадка́2 ’тупы канец яйка’ (Нас.). Можна параўнаць з рус. (зах.-бран.) кадка ’дно ў бутэльцы’, што пашырае геаграфію слова і, відавочна, сведчыць аб пераносным ужыванні слова кадка (гл.) на ўсх.-бел. тэрыторыі для абазначэння падобных да маленькай бочкі прадметаў. Больш шырока такія другасныя назвы вядомы гаворкам рус. мовы: параўн. рус. арл. кадка ’адтуліна ў сцяне печы для абпальвання цэглы; праз яе накладваюць цэглу’; ярасл. ’патоўшчаны канец ручкі цэпа, у якім замацоўваецца раменьчык’, цвяр., наўг., алан. і інш. ’драўлянае дзяржанне цэпа з патоўшчаным верхнім канцом’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)