Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ка́длуб ’пасудзіна з суцэльнага кавалка дрэва, выдзеўбанага ўнутры’ (Гарб.), калдуб ’бочка з калоды для мёду’ (іўеў., З нар. сл.), калдубаначка ’маленькая дзежка з клёпак’ (глыб., З нар. сл.). Апошнія — метатэза з кадлуб, кадлубаначка. Усе адзначаныя словы з’яўляюцца па фармальных адзнаках паланізмамі, што пацвярджаецца яшчэ і семантычным крытэрыем, паколькі значэнне ’тулава’, характэрнае для польскай мовы, не зафіксавана ў бел., гл. аб усх.-слав. форме і значэннях пад кадоўб.

Кадо́л ’тонкая вяроўка, якой прывязваюць рыбацкую сець’ (Мат. Маг.), ’вельмі грубая вяроўка (якая накладаецца на кола, пры дапамозе якога падымаюць вуллі-калоды на дрэва’ (Маш.) ’канат для парома’ (Маш.), кадола ’вяроўка, пры дапамозе якой невад прыводзіцца ў рух’ (Браім, Рыбалоўства), кадоп ’тонкая вяроўка, да якой прывязана сець’ (бых., Мат. АС), кодол ’вяроўка ў невадзе, за якую яго цягнуць’ (ТСБМ). Укр. дыял. кодола ’вяроўка, прывязаная да крылляў невада’, ’канат’. Жэляхоўскім засведчаны кодільничий ’які цягне невад’. Рус. валаг., цвяр. і інш. кодол ’грубая вяроўка, канат (якарны) або канат для выцягвання рыбалоўнай снасці’. У рус. гаворках зафіксаваны і значэнні тыпу ’калодзежны шост’, а таксама дзеяслоў кодолить ’прывязваць каня на пашы’, кодол ’вяроўка, якой прывязваюць каня’ (арх. і інш.). Геаграфія бел. слове (прыпяцкі і дняпроўскі басейны) сведчыць аб верагодным вандроўным характары слова, аднак назваць з пэўнасцю крыніцу запазычання цяжка. Для рус. кодол, укр. кодола прапанавалі ў якасці такой крыніцы ст.-ісл. kadall ’якарны канат, вяроўка’, ст.-швед. kadhal, аднак ёсць і іншыя версіі аб паходжанні рус. слоў, гл. Фасмер, 2, 276. Калі запазычанне тэрміна ва ўсх.-слав. мовы можна дапусціць, то гісторыя яго экспансіі застаецца няяснай.

Кадры́ля ’танец з некалькіх фігур з цотным лікам пар, а таксама музыка да гэтага танца’ (БРС, ТСБМ; іўеў., Сцяшк.; Янк. 3.), кадрыль ’тс’ (беш., Касп.), кадры ’тс’ (Сцяц.), кадраль ’тс’ (Жд. 3), кадрель ’тс’ (Бяльк.), кадрэля ’тс’ (Шат.). Запазычана з рус. кадриль ’танец у чатыры пары’, відаць, праз гарадское асяроддзе, адносна распаўсюджання слова ў суседніх гаворках даных няма, ва ўкр. мове адзначана ў Лявіцкага. Рус. кадриль з франц. quadrille ’танец у чатыры пары’, рус. слова сустракаецца (у значэнні дзве пары ў танцы) у сярэдзіне XVIII ст. і запазычана, відаць, прыблізна ў гэты ж час.

Каду́к ’чорт, д’ябал’ (БРС, ТСБМ; слонім., Арх. Бяльк.; пін., Булг.; чач., Жыв. сл.; драг., З нар. сл.; чаш., сен., Касп.; КЭС, лаг.; Мат. Гом.; ст.-дар., Нар. сл.; Нас., Нас. Сб. посл., Некр., Нік. Напаў., Нік., Няч., Рам., Сцяшк., Федар., Шат.), ’лясун’ (Мат. Гом.), ’няшчасны выпадак’ (Нас.), у выразах: а кадук яго ведае (Бір. Дзярж.), кадук яго вазьмі (Сержп. Грам.), кадук не бярэ (Янк. БФ). Нікіфароўскі (Няч.) адзначае: «…от першабытных у свеце злачынцаў уцалелі некаторыя асобіны, рассеяныя па зямлі — гэта кадукі». Там жа, 45–46: «…кадук падобны здалёк на капу сена, ворах моху». Раманаў (Рам. 8) удакладняе, што кадук — «разнавіднасць чорта, які жыве ў старых гмахах, вадзяных млынах і г. д.». Укр. кадук, паводле Грынчэнкі, ’род хваробы’ і ’д’ябал, чорт’. Рус. уладз., смал. кадук ’падучка’, росл., смал. ’д’ябал, чорт’, зах.-бран. ’лаянка’. Запазычана з польск. kaduk (такія ж і іншыя значэнні), дзе ў помніках сустракаецца з XVI ст. Значэнне ’падучка’ вядома ў гаворках; літар. толькі выраз do kaduka ’да д’ябла’. Слаўскі (2, 17) лічыць, што значэнне ’чорт, д’ябал’ з’явілася ў XVIII ст. на базе ’хвароба’. Як аргумент прыводзіцца спасылка на паралельнае ўжыванне choroba і kaduk, kat, diabeł у праклёнах. Крыніцай польск. слова з’яўляецца лац. cadūcus ’хворы па падучку і інш.’

Каду́шка1 ’невялікая кадзь, кадка’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг.; палес., З нар. сл.; Касп., Маш., П. С., Сержп., Сержп. Грам., Сцяц. Нар., Сцяшк., Яруш.), ’кадаўб’ (палес., З нар. сл.), ’маленькая цыліндрычная каробачка, зробленая з бярозавай ці вішнёвай кары (змацаваная «ў замок») з накрыўкай; у кадушку насыпалі соль ці накладвалі масла, калі ехалі на сенажаць, у дарогу’ (брэсц., З нар. сл.), ’вялікіх памераў ёмістасць для мукі’ (слонім., КЭС), ’выдзеўбаная скрыня на дне калодзежа’ (калінк., Нар. сл.), ’рыбалоўная стаўная пастка з двума процілеглымі глухімі заходамі (ніцяная або з лазы)’ (палес., Крыв.), ’тоўстая жанчына’ (Мат. Маг.), кадуша ’тс’ (Мат. Маг.). Слова вядома ў рус. літар. мове і ў гаворках, што можна разглядаць як сумесную інавацыю (яна ўтворана памянш. суфіксам ад кадь, гл. кадзь) або як пранікненне слова разам з пашырэннем рэаліі. Звяртае на сябе ўвагу рус. дыял. кадушка ’састаўная частка рыбалоўнай снасці — венцера: абруч з нацягнутай на яго сеткай’, аднак меркаваць аб нейкай роднаснасці слоў нельга па розных прычынах. Маг. кадушка ’тоўстая жанчына’ можна разглядаць як утварэнне ад кадушка з трансфармацыяй суфікса ў выніку экспрэсіўнага характару слова або ў выніку замены яго на іншы, больш падыходзячы суфікс, параўн. вядомае на гэтай тэрыторыі гаваруша ’асоба, якая любіць пагаварыць’.

Каду́шка2 ’ўтулка (у коле)’ (браг., Шатал.). Утворана ад кадушка1 (перанос паводле падабенства), на магчыма больш шырокую геаграфію слова ўказвае брэсц. кадыця ’тс’ (гл. там жа прыклады іншых пераносаў).

Кады́к ’выгнутая храстковая частка гартані ў мужчын’ (БРС, ТСБМ). Паводле даных КЭС, слова ведаюць у розных раёнах Мінскай, Гродзенскай, Брэсцкай, Віцебскай абласцей, але статус яго ў гаворках няясны. Вядомае рус. мове, дзе лічыцца запазычаннем з тат. kadyk ’моцны, цвёрды, які выступае’, гэта этымалогія часоў Бернекера і Праабражэнскага з’яўляецца прымальнай з-за адсутнасці больш абгрунтаванай. Бел., як можна меркаваць па розных значэннях слова кадык у рус. гаворках ’рот, горла, чэрава і інш.’, з’яўляецца запазычаннем.

Кады́р ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (глус., Янк. 2), кадырчык ’невялікая драўляная дзежачка, завужаная кверху’ (Мат. Маг.). Адзначым, што магілёўскі слоўнік зафіксаваў слова таксама ў Глускім раёне, што вымушае лічыць кадыр вузкарэгіянальным утварэннем. Як і ў іншых выпадках, гэта можа азначаць запазычанне, архаізм або інавацыю. Першае і другое на прычыне адсутнасці паралелей адпадаюць. Для версіі новаўтварэння можна прапанаваць некалькі варыянтаў этымалогіі. Магчыма, кадыр — суфіксальнае ўтварэнне ад асновы кад‑ (гл. кадзь, кадушка) і суфікса ‑ыр, пры дапамозе якога, паводле Сцяцко, Афікс. наз., 127, утвараюцца асабовыя і неасабовыя назоўнікі (націск на суфіксе); дэрываты характарызуюць істоты, прадметы па выразнай прыкмеце: жаўтыр ’птушка жаўтушка (амялушка)’, пустыр ’пустка’. Відавочна, што такую суфіксацыю для слова кадыр можна прыняць толькі па фармальнаму крытэрыю. З семантычнага боку (значэнне ’выдзеўбаная з кавалка дрэва’) перашкоды для такой этымалогіі няма, параўн. палес. кадушка ’выдзеўбаная з кавалка дрэва пасудзіна’. Паводле другога варыянта этымалогіі, кадыр < кадоўб, кадуб ад асновы кад, якая вычленена ў выніку зацямнення і перараскладання структуры гэтых слоў. Такім чынам, лёгка тлумачыцца значэнне слова, аднак застаюцца цяжкасці, звязаныя з семантыкай суфікса. Разглядаць кадыр таксама можна як утварэнне, аналагічнае і паралельнае слову кадоўб. У такім выпадку ка‑ < ко‑ дзеяслоўнага ў назоўніку, а ‑дыр суадносіцца з слав. dirałi. Фанетыку ў бел. слове можна вытлумачыць фармальным уздзеяннем ‑ыр‑суфіксацыі, аднак цяжка ўзгадніць семантыку патэнцыяльнага аддзеяслоўнага кадыр і слав. dьrti. Як магчымыя аналагічныя ўтварэнні можна прывесці рус. асташ., цвяр. кадра ’дрэнь, калі гаварыць аб пэўным саслоўі або класе людзей’. Даль прыводзіў як магчымыя сінонімы падера, падра. Цікавай выглядае магчымасць суаднесці бел. кадыр і бал. дыял. кадра ’кадка’, кадурка ’кадушка’, якое аўтары балгарскага этымалагічнага слоўніка выводзяць ад када ’чан, бочка’, кадра < кадурка з сінкопай ‑у‑, гл. БКР, 3, 129 і 132. Калі прыняць этымалогію балгарскага слова, застаецца магчымасць прывесці яго як словаўтваральна падобнае бел. слову, гл. нашу першую версію.

Кае́т ’сшытак’ (брэсц., Сіг.; зэльв., Сцяц.; зэльв., Сцяшк.), каета ’тс’ (бераст., Сцяшк.), каёт ’тс’ (маз., Мат. Гом.). Запазычанне даваеннага перыяду з польск. kajet ’тс’ (у літар. мове). Польск. kajet з франц. cahier ’тс’. Што датычыцца ‑t у канцы слова, то, паводле Слаўскага, 2, 24, яно з’явілася пад уплывам такіх запазычанняў з франц. мовы, як muszkiet, parkiet, portret, filut. Франц. выводзіцца з нар. лац. *quadernus < лац. quaternī ’па чатыры’, першапачатковае значэнне ’зложаны ўчацвёра, з чатырох лісткоў’. Параўн. яшчэ рус. тетрадь < с.-грэч. τετράδι(ον) ад τετράς род. скл. ‑άδος ’чацвёртая частка ліста’, гл. Фасмер, 4, 53.

Каём, каёміна ’шустры, бойкі’ (Бяльк.), акаёман, акаёмын ’верхалаз’ (Бяльк.). Ілюстрацыя ў слоўніку дазваляе ўдакладніць дэфініцыю: «Увесь дзень, як акаёмын ходзіць па дрэвах». Рус. паўн., усх. окаём ’нягоднік, гультай; ашуканец, неслух і інш.’, окаёмиться ’адбіцца ад рук і інш.’ Даль тлумачыць окаём словам «изверженный», окаёмный «опричный, кромешный, находящийся вне чего-либо». Такім чынам ён аб’ядноўвае іх і окаёмак у адным артыкуле. У гэты ж артыкул Бадуэн дэ Куртэнэ ў трэцім выданні слоўніка Даля ўключыў тамб., ярасл. окоём ’скнара, скупянда’. Супраць Мартынаў (Бел.-рус. ізал., 69), які прапануе: акаём/окаём < прасл. kajati sę. Структура слова, паводле Мартынава, там жа, высвятляецца, калі лічыць, што яно з’яўляецца формай залежнага дзеепрыметніка прошлага часу на ‑ом (окаём да каять, як весом да весить). У такім выпадку акаёмын, каём этымалагічна і сэнсава будуць звязаны з акаянны. Краўчук (вусн. паведамл.) удакладняе, што гэтыя словы могуць быць звязаны іншым шляхам і прапануе: акаянны > *акаённы (праз *акаенны), якое ў выніку дысіміляцыі дае акаёмны (‑нн‑ > ‑мн‑). Да гэтай формы заканамерна магло б узыходзіць акаёман, якое ў такім выпадку з’яўляецца зыходным для іншых форм. Цыхун (Бел.-рус. ізал., 91) прапанаваў іншую этымалогію для бел. акаём. Мяркуючы па значэнню ’шустры, бойкі’, улічваючы структуру бел. акаём ’небасхіл, прастора, якую можна ахапіць вокам’, звязвае бел. акаём ’шустры, бойкі’ з усх.-слав. око і яти. Параўноўваючы бел. слова і рус. дыял. окоём ’ашуканец, нягоднік’, ’скнара, скупянда і да т. п.’, аўтар лічыць, што ўнутраную форму гэтых слоў адлюстроўвае фразеалагізм оком яти ’ахопліваць вокам’; у якасці прыкладаў прыводзяцца гродз. зазроны (ад zьrěti) ’скупы, зайздросны’, рус. завидовать ’зайздросціць’, балг. свидлив ’скупы’. У такім выпадку значэнне хуткасці, бойкасці магло развівацца ў сувязі з паняццем ’ахопліваць вокам’, ’хутка, як вокам схапіць’ (бел. вокамгненна, гл.). Аўтар, аднак, меў у якасці рус. адпаведнікаў толькі прыклады з ярасл. гаворак і заўважыў, што надзейнасць гэтай бел.-рус. ізалексы невысокая, калі ўлічыць даныя аб міграцыі бел. насельніцтва ў гэты рэгіён (гл. падрабязней Бел.-рус. ізал., 91–92). Прымаючы пад увагу, што бел. і рус. словы сустракаюцца па разарваных арэалах, можна лічыць акаём/акаем усх.-слав. архаізмам. Што датычыцца ўласна этымалогіі, то адносна фанетыкі (гл. вышэй меркаванні Краўчука) параўн. яшчэ рус. алан. каётный ’які каецца, шкадуе аб зробленым’ і, магчыма, церск. каёмиться ’цырымоніцца, адмаўляцца’. Гл. акаёман.

Кажамя́ка ’гарбар, кушнер’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп., КЭС, лаг.; Нас., Шат., Яруш.). Укр. кожомʼяка, рус. кожемяка (у Даля без геаграфіі, ёсць зах.-бран., пск., цвяр.). Утворана на базе ўсх.-слав. словазлучэння мяти кожу; недахоп даных з рус. і ўкр. моўных тэрыторый прымушае меркаваць аб літаратурным характары слова або ва ўсякім разе яго вандроўным культурным характары. Магчыма, гэта ўтварэнне часоў Кіеўскай Русі; не выключана, што экспансія магла ажыццяўляцца на фальклорным (міфалагічным) узроўні. Аб гэтым сведчыць ст.-інд. carmamña, аналагічнае па структуры, гл. Фасмер, 2, 266.