Ко́гут ’глушэц’ (Мат. Гом.). Параўн. укр. когут ’цецярук’. Перанос назвы пеўня на іншую птушку (ЕСУМ, 2, 489). Што датычыць назвы пеўня, то ўкр. когут, відаць, запазычана з польск. kogut. Бел. когут выклікае рад сумненняў. Па-першае, слова зафіксавана толькі ў адной крыніцы. Па-другое, форма кагут (Мат. Гом., 190) выведзена няправільна. Параўн. ілюстрацыю «Ва ўсіх дварах быў чуваць спеў кагутуноў». Значыць, можна толькі гаварыць аб зыходнай форме кагутун, якая ўтварылася ад дзеяслова кагутаць. Такім чынам, эвентуальнае бел. когут ’певень’ было таксама польскага паходжання. Польск. kogut у сваю чаргу разглядалася як запазычанне з чэш. kohout, славац. kohút. Мясцовая назва Kochutouo ў Вроцлаўскай буле 1245 г. сведчыць не толькі супраць пазнейшай чэшскай крыніцы, але і на карысць еднасці чэшска-сілезскага арэала, адкуль слова магло пазней распаўсюдзіцца на іншыя рэгіёны Польшы. Лінгвагеаграфія слова дэманструе няпэўнасць праславянскай рэканструкцыі. Параўн. Слаўскі, 2, 328; Басай–Сяткоўскі, SFPS, 7, 23–24; Папоўска–Таборска, SFPS, 8, 60. Нельга лічыць праўдападобнай гіпотэзу пра паходжанне kogut ад прасл. kokotъ (Атрэмбскі, Slavia, 20, 236; Слаўскі, там жа).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)