Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рызо́ха ’асака’ (Бяс.). Да разу́ха (гл.).

Рызува́ты ’расчышчаць’ (Сл. Брэс.). Няясна. Магчыма, звязана з рызава́ць (гл.).

Рызу́ха ’крываўнік’ (брэсц., ЛА, 1). Да разу́ха (гл.),

Рызыдава́ць ’самаўладнічаць’ (Цых.). Паланізм, параўн. польск. rezydować ’быць, знаходзіцца’, ’мець рэзыдэнцыю’, rezydent ’рэзідэнт’, уст. ’нахлебнік, дармаед’.

Рызыкава́ць ’ісці на рызыку’, ’падвяргаць рызыцы’, ’адважвацца на што-небудзь’ (ТСБМ; шальч., Сл. ПЗБ), рызыкавацца ’фанабэрыцца’ (пух., Сл. ПЗБ), ры́зыка ’магчымая небяспека’ (ТСБМ; пух., Сл. ПЗБ; Гарэц.), ’небяспека’ (лях.), рызыкоўна ’смела, нахабна’ (астрав., Сл. ПЗБ). З польск. ryzyko, ryzykować ’тс’.

Рызыка́нт ’смелы чалавек’ (ТСБМ, Некр., 232), ’адчайны, рызыкоўны чалавек, задзіра, забіяка’ (ТС). Ад рызыкава́ць (гл.) з дапамогай суф. ‑ант як шпікуля́нт, маскіра́нт (Сцяцко, Афікс. наз., 29).

Ры́йка ’лыч’ (шчуч., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’верхняя або ніжняя частка лыча’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Верагодна з польск. ryj ’лыч’, ryjek ’лычык, хабаток’. Хаця не выключае, што гэта незалежнае ўтварэнне ад рыць (гл.), як на́крыўка, сну́йка.

Рык1 ’роў жывёлы’ (ТСБМ), ст.-бел. рыкание, рыканье (Скар.), руск. рык, польск. ryk, славац. ryk, чэш. ryk, славен. rik, серб.-харв. рик, ри̏ка ’рык’, ’рокат’, ’шум’, балг. рик. Прасл. *rykъ адвербальнае ўтварэнне ад *rykati (> бел. ры́каць) (БЕР, 6, 255).

Рык2 ’тоўсты брус’ (ваўк., Сл. ПЗБ). Няясна.

Рык3 ’вадзяны вол’ (добр.). Утворана безафіксальным спосабам ад ры́каць (гл.), як бай ад ба́яць, чос ад часа́ць (Сцяцко, Афікс. наз., 262–263).

Ры́ка ’грэчка’ (Сцяшк. Сл.). Ад гры́ка (гл.), дзе пачатковае г было ўспрынята як пратэтычнае і адпала.

Ры́каць, рыка́ты ’рыкаць, раўці’ (ТСБМ; шчуч., віл., докш., лід., астрав., бяроз., навагр., беласт., ліпск., Сл. ПЗБ; Сцяшк.; жытк., ветк., ельск., петр., калінк., Інстр. 2, 30; Гарэц., БДА, 891, Інстр. 3, 61), ры́каць ’рыкаць’ (ТС, Янк. 1), рыке́ля карова (ТС), ры́кнуць ’зарыкаць, рыкнуць’, ’злосна закрычаць (пра чалавека)’ (Бяльк.), ’рыкнуць, зараўці’ (ТС), рыку́ха ’карова’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. рыкати ’раўсці (пра валоў, ільвоў) (XVI ст.), ’брахаць’ (1653), ’пра мову лясных людзей’ (XVII ст.), руск. дыял. рыкать ’зваць, клікаць’, ’рыкаць’, укр. рика́ти, польск. ryczeć, славац. ryčať, чэш. ryčeti ’раўсці’, в.-луж. ryčeć, н.-луж. rycaś, славен. ríkati, серб.-харв. ри̏ка ’рык’, ’рокат’, ’шум’, ри́кати, балг. ри́кам ’рыкаю, кашляю’, ст.-слав. рыкати; са старажытным вакалізмам: славен. rȗk ’цечка ў аленяў’, rúčati ’раўсці’, в.-луж. ručeć. Прасл. *rykati: *ryčati (< *ryketi) ’раўсці’, ’рыкаць’, ’крычаць’. І.‑е. гукапераймальны корань *reu‑: *rou‑: *rŭ (бел. раўсці́) з пашыральнікам ‑k‑: *reuk: *ruk. Параўн. літ. rukti ’рычэць’, а таксама rẽkti ’крычаць’, лат. rûkt ’бурчаць’, ст.-в.-ням. ruhen (*ruhjan), с.-в.-ням. rohen ’раўсці, рохкаць’, англасакс. rýn ’раўсці’, с.-ірл. rucht ’рык’, лац. rumor, ravus, raucus (Фасмер, 5, 527–528; Скок, 3, 142; БЕР, 6, 256; Чарных, 2, 132; Брукнер, 472). Ст.-бел. рыкунья, рыкуня, рикунья ’даглядчыца жывёлы’ (1539) лічыцца запазычаннем з літоўcкай мовы, параўн. літ. rykune (Булыка, Запаз., 290).