Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прываро́жка (прываро́шка) ’звычай, павер’е’ (паст., Сл. ПЗБ). Субстантыў ад прываражы́ць < варажы́ць (гл.) ’у забабонных уяўленнях — варажбой выклікаць любоў, прыхільнасць да каго-небудзь’.

Прываро́т ’прычароўванне, варажба; чароўная сіла варажбы’ (Нас., Байк. і Некр., Растарг.), ’тое, што можа прывабіць, выклікаць любоў да каго-небудзь’ (Нар. Гом.). Сюды ж пры́воротынь ’піжма звычайная’ (Сіг.), прывараті́ть ’прываражыць’ (Растарг.), прываро́тны ’ў забабонных уяўленнях — які можа прывабіць, выклікаць любоў да каго-небудзь’ (ТСБМ), прыва́ратны карэнь ’корань для чаравання, любчык, любіста’ (Др.-Падб.), нарэшце, прываротны́й ’добразычлівы, прыхільны’ (Клім.) са стратай базавай семантыкі. Да прывараці́ць ’прычараваць’ < вараці́ць (гл. варо́чаць) з семантыкай (і практыкай) рытуальнага дзеяння, накіраванага на вяртанне аб’екту магічнага ўздзеяння, параўн. ст.-бел. приворотити ’аднавіць, вярнуць’, приворотитися ’апамятацца, апрытомнець’.

*Прываро́цце (прыворо́тьте) ’вір, глыбокая яма на рэчцы’ (бяроз., ЛА, 2). Лексікалізацыя словазлучэння прыназоўніка пры і дзеяслоўнага кораня варо́т(‑ч‑)/‑ц‑. Гл. варочаць.

Прыва́тны ’які належыць пэўнай асобе’ (Гарэц., Байк. і Некр., ТСБМ), прыва́тны, права́тны ’ўласны’, прыва́тне ’ўласна’ (смарг., паст., брасл., Сл. ПЗБ); ст.-бел. приватный, прыватный (з 1595 г.) са ст.-польск. prywatny (XVI ст.), якое, у сваю чаргу, з лац. prīvātus (Булыка, Лекс. запазыч., 33). Сюды ж прыва́та ’пабочны даход, асабліва за прыватныя ўрокі’ (Нас.), якое працягвае таксама запазычанае са ст.-польск. prywata < лац. privata; Булыка (Лекс. запазыч., 262) лічыць лацінскае слова непасрэднай крыніцай запазычання ст.-бел. прива́та ’асабістая выгада, прыватнасць’; параўн. таксама чэш. privát ’прыватная кватэра; прыватныя ўрокі’.

Пры́вен, пры́вян, пры́вянь, пры́ўня ’частка жылога будынка, якая знаходзіцца перад жылымі памяшканнямі і праз якую ўваходзяць у іх; сені’ (Інстр. 1, Сцяшк., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ЛА, 4). Запазычана з літ. дыял. (паўн.-зах.) pryvenė̃ ’пярэдні пакой, прыхожая’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 38). Параўн. пры́мен.

*Прыве́раваць, экспр. прыве́роваць ’прычапіцца, прывязацца, прыліпнуць’ (ТС). Няясна. Параўн., аднак, увера́цца ’чапляцца, дакучаць прычэпкамі’, уве́рыцца ’апрацівець, надакучыць’, фразеалагізм уве́рыцца ў косці ’тс’ (ТС), ст.-бел. прівара ’загана, недахоп’, што дае падставы атаясамліваць слова з польск. przywrzeć ’прыліпнуць, прыклеіцца’, przywierać ’прыліпаць’, przywara ’рэшткі прыгарэлага варыва; дрэнная схільнасць, недахоп’, што да ‑wrzeć, ‑warzyć (Банькоўскі, 2, 954, 955), гл. урэ́ць, варыць, параўн. варыць ваду ’здзекавацца, сварыцца’ (ТС), польск. wrzeć, warzyć (na kogo) ’злавацца’. Падрабязней гл. Варбат, ИАН ОЛЯ, 54, 4, 62; Чарныш, Слов. лексика, 181).

Прыве́т ’зварот да блізкага пры сустрэчы’ (ТСБМ; шчуч., Сл. ПЗБ), пріве́тка ’прывітанне’ (Бяльк.), прывітанка ’тс’ (Нік. Очерки); сюды ж дзеясловы прыве́ціць ’прыязна, ласкава сустрэць каго-небудзь, аднесціся да каго-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк., Ян.), прыве́ціцца ’прывітацца’ (чэрв., Сл. ПЗБ), прывіта́ць, прывіта́цца (Мік., Байк. і Некр., Пал., ТСБМ; воран., ашм., ігн., Сл. ПЗБ). Маючы на ўвазе ст.-слав., балг. і ст.-рус. формы, можна выказаць меркаванне аб працягу прасл. *privětiti > *privětъ, якое ў сваю чаргу з’яўляецца прэфіксальным утварэннем ад добра адлюстраванага ў славянскіх мовах прасл. *vět‑ (у другой ступені чаргавання — *vit‑). Укр. привіт ’прывітанне, вітанне’, привіта́ти ’прыняць каго-небудзь, павітацца з кім-небудзь’, привіта́тися ’павітацца’, привіта́ння ’прывітанне, вітанне’, рус. приве́т ’прывітанне’, приве́тить ’даць станоўчы адказ свату жаніха пры першым наведванні нявесты’, привита́тъ ’ветліва, ласкава адносіцца, звяртацца да каго-небудзь, берагчы каго-небудзь’, стараж.-рус. привитати ’знайсці прытулак’, привѣтъ ’вітанне, зварот; выслоўе, слова; намер’, польск. przywitać się ’прывітацца’, балг. привѐт, прѝвет ’прывітанне’, ст.-слав. привитати ’пасяліцца, знайсці прытулак’, ’намер, (добрая) задума’. Аб развіцці значэнняў лексем, звязаных з *vit‑/vět‑, падрабязней гл. Рудніцкі, 1, 400; ЭСБМ, 2, 165–166; гл. таксама Фасмер, 3, 363; ЕСУМ, 4, 569 (прасл. *privětъ выводзіцца з *privětiti); БЕР, 5, 701.

Прыве́траніцы ’дзве дошкі або жэрдкі, якія прыбіваюцца да лат з абодвух бакоў франтона’ (жыт., Нар. сл.). Да ве́траніцы ’тс’ (гл.).

Пры́вечар ’пачатак вечара’ (Нас.), прысл. пры́вечар ’пад вечар’ (Байк. і Некр.). Лексікалізацыя словазлучэння пры ве́чары, дзе рэалізуецца вельмі архаічнае значэнне прыназоўніка пры ’пры азначэнні часу, які набліжаецца, ці часу, на працягу якога адбываецца дзеянне’, параўн. ст.-слав., стараж.-рус. облаѕи съ нама ѣко при вечерѣ естъ. Рус. дыял. при́ве́чер ’надвячорак’, при́вечерь, при́вечер ’пад вечар’, при́вечёрок ’надвячорак; позні вечар’, укр. привечері́тися ’змеркнуцца’.

Прыві́д ’здань’ (ТСБМ), з далейшым семантычным развіццём — ’спалох’ (Інстр. 3), ’знешні выгляд’ (астрав., Сл. ПЗБ). Наўрад ці назоўнік з’яўляецца прэфіксальным працягам від1 (гл.); хутчэй ад прыві́дзіцца ’ўявіць’, прыві́джвацца ’здавацца’ (в.-дзв., віл., Сл. ПЗБ), прывіжа́цца ’тс’ (ТС). Прэфіксальнае ўтварэнне да і́дзіцца < ві́дзець ’бачыць’ (гл.), параўн. ст.-слав. привиденье ’мара, мроя’ (Ст.-бел. лексікон), привижеватися ’марыцца, мроіцца’ (там жа), рус. привиде́ние ’прывід’, при́виды ’здані, прывіды’, приви́деться ’памыліцца, падмануцца’, привида́ться ’здацца; прысніцца’, привиже́ние, привижде́ние ’прывід, здань’, укр. при́вид ’прывід, здань; няясныя, ледзь акрэсленыя контуры, ілюзія’, при́ви́ддя ’прывід, здань’, при́видки ’прывіды, здані’, приви́дітися, приви́джуватыся ’уявіцца, здацца, прымроіцца’; параўн. таксама серб.-харв. прѝвидити се ’здацца, уявіцца’, привид ’ілюзія, падман зроку’.