Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ізба́ ’жылы драўляны будынак’ (Інстр. I, 49), ’маленькая хата, жылы будынак меншага памеру’ (Лекс. Палесся, 154), ’хата-чытальня’ (Сцяшк. МГ). У сучаснай бел. мове выціснута словам хата, але ст.-бел. изба мела цэлы комплекс значэнняў: ’жылы будынак’, ’пакой у хаце’, ’кладоўка’, ’памяшканне для чэлядзі і інш.’ (КГС). Рус. изба́ ’драўляная сялянская хата’, дыял. ’жылы будынак з аднаго пакоя (з рускай печчу)’, ’частка жылля, якая ацяпляецца’, ’пакой’, ’гара, вышкі’, ’жыллё з гліны, саману і г. д. (у адрозненне ад цагельных і драўляных дамоў)’, польск. izba ’пакой’, в.-луж. jstwa, stwa ’тс’, н.-луж. śpa ’святліца, вялікі пакой’, палаб. jåzbă ’гасціная’, чэш. jizba ’жылое памяшканне, пакой’, славац. izba ’тс’, славен. ȋzba ’пакой’, ’гара, вышкі’, jȇzba ’сталовая’, серб.-харв. уст. ѝзба ’пакой’, ’святліца’, балг. и́зба ’падвал, склеп’, ’хаціна, зямлянка’, макед. дыял. изба, визба ’склеп’. Ст.-слав. истъба ’пакой’, ст.-рус. истьба, изъба, изба ’драўляны будынак’, ’частка дома, пакой’. Пэўнай этымалогіі няма. У адных тлумачэннях прасл. *jьstъba выступае як запазычанне, у другіх — як спрадвечна слав. слова. Найбольш пашырана версія аб запазычанні з герм. *stuba (ст.-в.-ням. stuba ’цёплае памяшканне, лазня’, ст.-ісл. stofa, stufa ’лазня з печчу’), але ў гэтым выпадку няма тлумачэння для пачатковага jь‑. Гл. Міклашыч, 97; Уленбек, AfslPh, 15, 1893, 487; Бернекер, 1, 436–438. Больш абгрунтавана Мейе (BSL, 29, 1929, 211), Махэк₂ (230), Трубачоў (Эт. сл., 8, 243–245), якія бачаць крыніцу запазычання ў раман. арэале; параўн. франц. étuve, італ. stufa, ісп. estufa, праванс. éstuba ’лазня, апарня’ < *estūfa (скарачэнне ū > яшчэ ў нар.-лац.). Спроба аб’яднання абедзвюх крыніц падана ў Слаўскага, 1, 475–476; Etnografia polska, 1960, 351–354. Тлумачэнне слова на слав. глебе належыць Мартынаву, Лекс. взаим., 122–125: *jьstъba ’нерухомая маёмасць, гаспадарка’ < *istъ‑ba звязваецца з гняздом *istъ (гл. існы). Гёрнер (ZfslPh, 32, 1965, 332) прыцягвае сюды прасл. *ьstěja/*ěstěja ’печ, вогнеахвярнік’ і лічыць семантычную адзнаку ’ацяплення’ зыходнай для слав. *jьstъba; параўн. народна-этымалагічнае збліжэнне з *istopiti. Інакш Мядзведзева (Праблемы мовы і літаратуры, 1972, 103–114) выяўляе ў *jьstъba корань *stьb‑, як у сцябло, ствол. Этнаграфічны аспект гл. А. С. Харузін, Славянское жилище, 1907. Гл. істопка.

Ізба́ч ’загадчык хаты-чытальні’ (Сцяшк. МГ). Ад ізба (гл.) (чытальня) з суф. ‑ач. З рус. мовы ў сав. час. Шанскі, 2, I, 19–20.

Ізбе́г ’уцякач’ (Нас.), параўн. рус. арханг., паўн. избе́г воды ’канец адліву’, ст.-рус. избѣгъ ’уцёкі’ (1340 г.), ’праход у гарах; месца, дзе можна выйсці’. Відаць, працягвае ст.-рус. избѣгъ — бязафікснае ўтварэнне ад избегати ’ўцякаць’. Гл. бег. У бел. мове перанос назвы дзеяння на асобу па яе схільнасці да адпаведнага дзеяння.

Ізве́чны ’вечны’ (Нас.). Са ст.-рус. извѣчныи (канец XIV ст.), утворанага ад прыслоўя извѣку з суф. ‑ьн‑ (Шанскі, 2, I, 23).

Ізві́х (Шн., 2, 538). Гл. звіх.

Ізві́ць ’звіць’ (Шат.). Гл. віць2.

Ізво́знік ’рамізнік’ (Нас.), ’возчык бярвенняў і г. д.’ (Касп.), рус. дыял. изво́зник, ст.-рус. извозникъ, ізвоздникъ, извожникъ ’перавозчык’. Усх.-слав. утварэнне ад извозъ ’перавозка’ з суф. Nomina agentis ‑ник. Гл. паралельнае ізвозчык, вознік.

Ізво́зчык ’возчык, рамізнік’ (Бяльк.), рус. извозчик, дыял. изво́щик, укр. зво́щик, ст.-рус. извощикъ, извозщик ’перавозчык, рамізнік’. Утворана ад извозъ ’перавозка’ з суф. Nomina agentis ‑чик. Гл. Шанскі, 2, I, 25–26. Параўн. ізвознік.

Ізгаро́да ’загарадзь’ (Касп.), рус. дыял. изгоро́да ’тс’. Працягваюць ст.-рус. изгорода, утворанае ад дзеяслова изгородити ’загарадзіць’ з суф. ‑а. Шанскі, 2, I, 27. Суфіксальны дублет да изгородь; параўн. загарадзь.

*Ізгі́дзіць, ізгы́дыты ’зганіць, абгаварыць’ (брэсц., Нар. лексіка, 77). Ад гідкі (гл.).