Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лук1, лучок ’ручная зброя ў выглядзе гібкай дугі, сцягнутай цецівой, для пуску стрэл’ (ТСБМ, Бес., Шат., Яруш., Сл. ПЗБ), ’абруч у кашы, калысцы, у рыбалоўных снасцях’ (навагр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ), ’ручка касы’ (баранав., уздз., полац., карм., бых., краснап., чач., ц.-палес., б.-каш., ДАБМ, 831; Янк. 1, Юрч., Бір. дыс., Сцяшк., Тарн., ТС; слуц., Нар. словатв.; петрык., Шатал.; ц.-палес., ЛАПП), жытк., стол. лычок ’тс’ (там жа), ’сагнуты дугападобны сук ці тонкі ствол’, ’драўляны каблук у рэзгінах’, ’дугападобная частка драўлянай бараны’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс.), лука́ ’тс’ (ТС). Укр., рус. лук, ст.-рус. лукъ ’лук’, ’лука’; польск. łęk і łuk, палаб. läu̯k н.- і в.-луж. łuk, чэш., славац. luk, славен. lǫ̂k, серб.-харв. лу̑к, макед. лак, балг. лък, ст.-слав. лѫкъ. Прасл. lǫkъ (< lękti ’гнуць, згінаць, крывіць’ < і.-е. lonk‑o ’віцца, крывіць’), роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. lañkas ’дуга, абруч’, lankùs ’гнуткі’, лат. lùoks ’выгін, выгіб’, luôks ’гнуткі’ (Бернекер, 739–740; Фасмер, 2, 531; Слаўскі, 5, 111–113, 302–303; Махэк₂, 343; Скок, 2, 280–281; БЕР, 3, 550–551; Аткупшчыкоў, Baltistica, X (I), 19).

Лук2 ’цыбуля, Allium cepa L.’ (брасл., Сл. ПЗБ), ст.-бел. лукъ — відочна, ’тс’ (з пач. XVI ст.). Укр. лук ’цыбуля’, ’часнок палявы’, ’часнок’; рус. лук ’цыбуля’, ст.-польск. łuk ’дзікі парэй, Allium ampeloprasum’, ’часнок, скарада’, domowy łuk ’скочкі дахавыя, Sempervivum tectorum’, łuk polny wielki ’гіацынт усходні і інш.’, палаб. läu̯k ’часнок’, ст.-чэш. luk ’часнок палявы, Allium oleraceum L.’, славен. lȕk ’цыбуля’, ’парэй’, luk česnjak ’часнок, Allium sativum L.’; серб.-харв. лу̏к ’часнок’, bijeli lȕk ’тс’, crveni (crni) luk ’цыбуля’, luk čerljeni ’тс’, ’парэй’, макед. лук, луку(т) ’часнок’, балг. лук, лукът ’цыбуля’, ’часнок’, ’парэй’, ’цыбуля мядзведжая, Allium ursinum L.’, ст.-слав. лоукъ ’часнок або цыбуля’. Прасл. lukъ ’цыбульная расліна (цыбуля, часнок ці парэй)’ запазычана з прагерм. *lauka (ст.-в.-ням. louh, с.-в.-ням. louch, ст.-ісл. laukr, ст.-н.-ням. lōk ’тс’, суч. ням. Lauch, ст.-англ. léak), якое да і.-е. *leug‑ ’гнуць, згінаць’ (Покарны, 685–686 і інш.: Бернекер, 744–745; Фасмер, 2, 531; Скок 2, 327–328; Бязлай, 2, 155; БЕР, 3, 495–498). Младэнаў (280) выводзіў лексему lukъ з і.-е. *leu‑k ’ясны’, ’асвятляць’, мяркуючы, што прасл. і прагерм. лексемы былі прароднаснымі, а Махэк₂ (Jména, 265) адносіць іх да мовы перадпраславянскіх неіндаеўрапейцаў. Да і.-е. *leuk‑ адносіць прасл. lukъ Мартынаў (Лекс. взаим., 168–170).

Лу́ка ’гульня накшталт карагоду’ (паўд.-усх., Растарг.). Відавочна, да лука́ (гл.).

Лука́, лукаві́на ’выгіб ракі ці возера і луг каля іх у форме дугі’, ’мыс, які абгінаецца возерам ці ракой’ (ТСБМ, Нас., Рам. 8, Шат., Касп., Сл. ПЗБ, Прышч. дыс.; Крыч., Яшк.; мін., паўд.-усх., КЭС), зах.-палес. лу́кы (Бес.), нясв. лу́кавіна ’тс’ (Яшк.); паст., слаўг., стаўб. лучкі, лучкі ’лука’ (Яшк.), лу́чка ’лужок, сенажаць’ (Мікуц.; лёзн., Яшк.), ’паўвыспа, зробленая загібам ракі’ (Бяльк.), ’тарфяная яма, запоўненая вадой’ (касц., Мат. Маг.). Укр., рус. лука́, польск. łąka, кялецк. u̯uka, łuka; н.- і в.-луж. łuka, чэш. louka, luka, славац. lúka; славен. lǫ́ka, серб.-харв. лу́ка, косавамятох. лу̑ка, макед. лака, лу́ка, балг. лъка́, радоп. ло̂ка, ц.-слав. лѫка. Прасл. lǫka — роднаснае да lǫkъ > лук (гл.) і ўтворана ад lękti ’гнуць, выгінаць, крывіць’. І.‑е. адпаведнікі: літ. laukà ’заліўны луг’, ’даліна’, į́‑lauka ’выгін, заліў’, лат. lañka ’нізіна’ (Агляд л-ры гл.: Фасмер, 2, 531–532; Слаўскі, 5, 83–85; БЕР, 3, 551–552).

Лу́каватка ’ручка касы’ (Сцяшк.). Узнікла ў выніку кантамінацыі лук1 (гл.) і рукава́ткарукая́тка) ’кассё’ (Сл. ПЗБ). Аналагічна рус. наўг. лу́кове́дь ’задняя частка сахі — драўляны, трохі прагнуты брус, які раздвойваецца ўніз’. Параўн. і чэш. rukověť, rukojeť ’інструкцыя’, ’ручка, дзяржальня’, rukovítko ’ручка сахі’ < прасл. róko‑jętь.

Лука́вец ’ліслівец, хітрун’ (ТС), лука́ву ’ліслівы, хітры’ (ТС), лука́вы ’д’ябал’ (Нас.), смарг., шчуч., чэрв. лукава́ты ’звілісты’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. лукавый ’хітры’, ’падманны’, ’несправядлівы’, ’злы’ (Булахаў, Гіст. 115). Укр. лука́вий, рус. лука́вый, ст.-рус. лукавецъ ’каварны, вераломны, хітрун’, лукавный ’тс’, ’звілісты’, ’дрэнны’, лукавый ’тс’, ’грэшны’, ’д’ябал’, славен. lokȁv, серб.-харв. лу̀кав, лу̀кавац, макед., балг. лукав, лука́вец, ст.-слав. лѫкавъ ’благі, сапсаваны, клапатлівы, несумленны’. Утворана ад ст.-слав. лѫка ’падман, хітрасць’ — семантычны пераход ’гнуць’ > ’падманваць’ з’яўляецца нармальным (Міклашыч, 165; Бернекер, 739; Фасмер, 2, 532; Скок, 2, 328–329; Бязлай, 2, 148; БЕР, 3, 498).

Лу́кавіна ’цыбуліна’ (Нас.). Да лук2.

Лу́карава ’звіліста’ (Дразд., Гарэц.), ст.-рус. лукарево (лукоряво) ’тс’. Да прасл. lǫkъ > лук1, лука́ (гл.). Утворана пры дапамозе суфікса ‑arъ або ‑orъ (параўн. socharъ, sochorъ (< soxa) ’шост, раздвоены зверху’), да якіх пазней далучыўся суфікс ‑ěv‑o.

Лу́катачак у выразе: у лу́катачку ’скруціўшыся (пра змяю)’ (віл., Сл. ПЗБ), лу́катка ’лукавіна’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ’зігзаг’ (Шат.; КЭС, лаг.), ’няроўнасць’ і лу́каткай ’няроўна, зігзагамі’ (гродз., Сцяшк. Сл.), ісці (адрэзаць) у лу́каткі ’крыва, віляючы з боку ў бок’ (лях., Янк. Мат.). Рус. наўг., цвяр., калін. лу́ко́ть ’задняя частка сахі ў выглядзе прагнутага раздвоенага бруса’, ст.-рус. лукоть ’гак’, ’пятля’, ц.-слав. лѫкоть ’тс’, ’вобад кола’, польск. łąkoć ’выгнутасць, крывізна’, паўд. ’звяно вобада’, н.-луж. łukuś ’бабінец’ < ’паўкруглая выгнутасць дзвярэй’, ’лёд, з-пад якога выцекла вада’, чэш. loukoť ’звяно’, мар. lúkoť ’тс’, ’выгнутае дрэва’, славац. lúkoť ’звяно’. Дададзім яшчэ польск. łąkotka, серб.-харв. лукоћа ’папярочнае рабро ў лодцы’. Прасл. lǫkotьka, якое з lǫkotь ’выгнутасць, крывізна, лук, выгнуты прадмет’, утворанай з lǫkъ > лук1 (гл.) і суфікса ‑otь (Слаўскі, 5, 86 і 87; Фасмер, 2, 533; Шустар-Шэўц, 11, 788–789).

Лукно ’кошык’ (Гарб.). Зах.-укр. лу́кно ’калонія баброў’; рус. ніжнегар., наўг., пск., прыбалт. лукно́ ’кошык’, ’кошык з кары, бяросты’, ’лубок’, ’бочачка’, ’мера зерня, мукі’, ст.-рус. лукъно, лукно ’кадка’, ’ліпаўка’, ’мера сыпучых і вільготных прадуктаў’, польск. łukno ’пасудзіна’, ’мера мёду’, каш. Lukno — назва возера; н.-луж. łuknaško ’века ў прыскрынку’, в.-луж. łuknješko ’акно ў сельскім гаспадарчым будынку’, ст.-чэш. lukno ’пасудзіна для мёду і сыпучых цел’, славац. lukno ’кошык з бяросты’, ’даўняя мера для збожжа’; славен. lukno і lǫ̑kno ’ахвяраванне для ксяндза’, серб.-харв. лу̏кно ’тс’, ’мера для збожжа’, ц.-слав. лукно ’пэўная мера’. Прасл. lǫk(ъ)no ’пасудзіна з бяросты, лубу’ ’мера для збожжа, мёду’ (Слаўскі, 5, 307–308). Да прасл. lękti ’гнуць, выгінаць’, lǫčiti ’лучыць, злучаць’ (Фасмер, 2, 532; Махэк₂, 343; Шустар- Шэўц, 11, 788; Скурат, БЛ, 8, 11). Гл. таксама лук1. Паводле Трубачова (Ремесл. терм., 164), заўвага Махэка аб няяснасці паходжання слова з’яўляецца недарэчнай.

Лукошка ’кош, лубянка’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), ’міса’ (Анік., Грыг.). Прымыкае да рус. моўнай тэрыторыі, параўн. рус. лукошко ’кошык з бяросты, лубянка’, ’кошык з лазы’, іркуцк. ’глыбокая міса’. Паводле Фасмера (2, 532), роднаснае да лукно (гл.). Словаўтваральная мадэль лук‑ошка: лукно, як рус. око‑шко: окно.

Лукшт ’белы і жоўты гарлачык, Nuphar Smith і Nymphaea alba L.’ (брасл., Сл. ПЗБ). Літуанізм. З літ. lūkšta, lùkštas ’лотаць, Caltha palustris L.’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 2, 682).