Лу́катачак у выразе: у лу́катачку ’скруціўшыся (пра змяю)’ (віл., Сл. ПЗБ), лу́катка ’лукавіна’ (чэрв., Сл. ПЗБ), ’зігзаг’ (Шат.; КЭС, лаг.), ’няроўнасць’ і лу́каткай ’няроўна, зігзагамі’ (гродз., Сцяшк. Сл.), ісці (адрэзаць) у лу́каткі ’крыва, віляючы з боку ў бок’ (лях., Янк. Мат.). Рус. наўг., цвяр., калін. лу́ко́ть ’задняя частка сахі ў выглядзе прагнутага раздвоенага бруса’, ст.-рус. лукоть ’гак’, ’пятля’, ц.-слав. лѫкоть ’тс’, ’вобад кола’, польск. łąkoć ’выгнутасць, крывізна’, паўд. ’звяно вобада’, н.-луж. łukuś ’бабінец’ < ’паўкруглая выгнутасць дзвярэй’, ’лёд, з-пад якога выцекла вада’, чэш. loukoť ’звяно’, мар. lúkoť ’тс’, ’выгнутае дрэва’, славац. lúkoť ’звяно’. Дададзім яшчэ польск. łąkotka, серб.-харв. лукоћа ’папярочнае рабро ў лодцы’. Прасл. lǫkotьka, якое з lǫkotь ’выгнутасць, крывізна, лук, выгнуты прадмет’, утворанай з lǫkъ > лук 1 (гл.) і суфікса ‑otь (Слаўскі, 5, 86 і 87; Фасмер, 2, 533; Шустар-Шэўц, 11, 788–789).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)