Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тры́ццаць ‘лік і лічба 30’, ‘колькасць, якая абазначаецца лічбай 30’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., ТС), тры́ццыць ‘тс’ (Бяльк.), тры́цаць ‘тс’ (вільн., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тридцать, тридцеть, тритцать, трицать, трицять, тридцать, триццать, а таксама тридесять, тридесятъ ‘тс’, сюды ж парадк. ліч. тридесятый, тридцатый, тридцятий, тритцатый, тридцатый, тритцатый, зборн. тридцатеро, трыдцатеро (ГСБМ). Укр. три́дцять, три́йцять, три́десять, рус. тридцать, стараж.-рус. три десяте, польск. trzydziestu (м. р.), trzydzieści, н.-луж. tśiźasća, в.-луж. třiceći, чэш. třicet, славац. tridsať, славен. trídeset, харв. trídeset, серб. три́десет, балг. трѝдесет, макед. триесет, ст.-слав. триѥ десѧте, триѥ десѧти. Прасл. *trьje desęte, tri desęti, у якіх *desętь (гл. дзесяць) стаіць у форме Н. скл. мн. л. (desęte, desęti); у выніку рэдукцыі і страты канцавога ненаціскнога галоснага з прычыны таго, што націск падаў на лічэбнік *tri (гл. тры), другая частка набыла форму дзе́сяць, у далейшым дэфармаваную. Бліжэйшыя паралелі — літ. trìsdešimt, trys dẽšimtys, лат. trîsdesmit, літаральна ‘тры дзясяткі’ (Скок, 3, 500–501; ЕСУМ, 5, 636; Шустар-Шэўц, 1546; Супрун, Числит., 62–63; Новое в рус. этим., 237).

Тры́чка ‘негатыўна пра жанчыну’: нацягнула короткую споніцу і пошла, бы трычка (Руб.). Няясна; мажліва, дэфармаванае пстрычка (гл.), у тым ліку пра несур’ёзную жанчыну.

Тры́чы ‘тройчы, тры разы’ (Бес.; арш., Мат.). Параўн. укр. три́чі, три́чи ‘тс’. Паводле Карскага (2–3, 72), да тры‑ з суф. ‑чы, як у двойчы, тройчы (гл.); апошні ідэнтыфікуецца з іменнай формай *jьtjь ‘ход’ ад дзеяслова *jьti (гл. ісці). Гл. ЕСУМ, 5, 642.

Тры́шак ‘картачная гульня’ (Мальдзіс, Як жылі нашы продкі. Мінск, 2009, 186). Параўн. польск. tryszak ‘тс’, іншая назва srtaszak. Няясна.

Тры́шка ‘баязлівы, нясмелы чалавек’ (Бяльк.). Верагодна, ад УІ Тры́хан (якое, магчыма, да Тры́фан), але матывацыя няясная. Нейкая сувязь з папярэднім словам? Параўн. укр. три́шкатися ‘неспакойна захоўвацца’, якое звязваюць з те́рти ‘церці’ (ЕСУМ, 5, 642), а таксама труха2 ‘нейкая картачная гульня’ і трухлівы ‘баязлівы’, гл.

Тры́шты: у трышты ‘ў тры разы’ (ТС). Параўн. ст.-слав. триши ‘тройчы’, паралельнае да тришьди ‘тс’ (СССл.), якое з прасл. *trišьdy, спалучэння з *tri (гл. тры) і дзеепрыметніка *šъdъ ад *xoditi (Фасмер, 4, 102; ЕСУМ, 5, 637), гл. трожды.

Трышчаці́ннік ‘травяністая злакавая расліна Trisetum Pers.’ (ТСБМ). Як рус. трищети́нник, чэш. trojštĕtmice, славац. trojštet, з’яўляецца калькай навуковай лацінскай назвы trísetum, утворанай з tri ‘тры’ і seta (< saeta) ‘шчаціна’, ‘грыва’, ‘шорсткія валасы’ (Махэк, Jména, 288), бо сцябло і лісты расліны пакрыты шчацінай, кароценькімі калючкамі.

Тры́шчыць1 ‘крышыць, ламаць на дробныя часткі пад цяжарам’ (Нас., Байк. і Некр.), трі́шчыты ‘лупцаваць’ (кам., ЖНС), трышчэ́нне ‘ламанне’ (Юрч. СНС), трышчэ́ньнік ‘ламальшчык’ (там жа); тры́шчыцца ‘раскрывацца (пра пупышкі на дрэвах)’ (Касп.), ‘крышыцца на дробныя часткі’ (Нас., Байк. і Некр.), тры́шчаны ‘раздроблены’ (там жа). Да трысці́ць2, трушчыць, гл.

Тры́шчыць2 ‘сукаць’ (Сцяшк. Сл.). Да трысці́ць1 (гл.), тры́шчаны ‘злучаны з двух-трох столак, нітак’ (Нас.), ‘ссуканы’ (Сцяшк. Сл.).

Трышэ́ўнік ‘суконная світка са сточанай часткай на спіне’ (паст., Сл. ПЗБ). Утворана на базе словазлучэння тры швы (на спіне), гл. тры, шво.

Трыш- у прыгаворцы: Сем пол наперадзе, / Чаму мяне не бераце. / І трыштыкі туды ж такі (Вушац. сл.). Няясна. У трыштыкі вычляняецца фармант ‑тыкі, адносна якога Насовіч сцвярджае, што ён далучаецца да слоў як бы для пацверджання (Нас.), гл. такі2. Параўн. запісанае на Смаленшчыне три́ш‑таки ‘выклічнік, што ўжываецца для выражэння незадавальнення’ (?): у триш‑таки тудыш‑таки (СРНГ). Першую частку можна зблізіць з тры́шты (гл.), параўн., аднак, харв. trîž, triš ‘тры разы, тройчы’, чарнаг. три̂ш ‘тс’, серб. цімак. триш ‘тс’, балг. триж ‘тс’, макед. триш ‘тс’, што выводзяцца з прасл. *trišьdъ, гл. Ільінскі, Зб. Ягічу, 298; Скок, 3, 501; Младэнаў, Диалектология, 547–550; Тодараў, Этим. етюди, 149. Адзіная засведчаная ў паўночнаславянскім арэале беларуска-паўднёваславянская паралель з канцавым ж/ш са значэннем ‘тройчы, у тры разы’? З-за фармальных цяжкасцей малаверагодна вывядзенне з трышты (гл.).