Трухлі́вы ‘баязлівы’ (Нас., Гарэц.), сюды ж труха́ць, тру́хнуць ‘баяцца, палохацца’ (Рэг. сл. Віц.), трухну́ць ‘спужацца, спалохацца’ (Некр. і Байк., Юрч. Сін.), ст.-бел. трухливость ‘баязлівасць’ (ГСБМ). Параўн. укр. трухлі́ти ‘дранцвець ад жаху’, рус. (с)трухну́ть ‘спалохацца’, польск. truchleć ‘слабець, дранцвець, камянець’, truchliwy ‘спалоханы’, truchły ‘тс’, potruchleć ‘спужацца, збаяцца, заняпасці духам’, каш. trëxlec ‘губляць надзею, сумнявацца’, н.-луж. tšuchły ‘баязлівы’, tšuchlak ‘тс’, tśuchleć ‘станавіцца змрочным, панурым’, в.-луж. truchty ‘заклапочаны, неспакойны’, ‘баязлівы’, ‘сумны, змрочны’, truchlíc ‘трывожыць’, чэш. truchliti, truchleti, славац. trúchliť ‘смуткаваць, тужыць’, truchlivý ‘сумны, журботны’. Звычайна рэканструююць прасл. *trux‑, *trusl‑ і супастаўляюць з лат. traušâties ‘баяцца’ < і.-е. *ter‑ ‘церці, рэзаць, вярцець’ > ‘крышыць’ > ‘трухлявець’ (Мюленбах-Эндзелін, 4, 227; Каруліс, 2, 423). Махэк₂ (654) мяркуе, што праславянскае слова магло б мець форму *truxlъ, роднасным яму будзе с.-ірл. trúag ‘смутны’. Паводле Куркінай (Этимология–1994–1996, 49), на базе зыходнай формы (гл. трухлы) у заходнеславянскіх мовах замацавалася значэнне ‘баязлівы’, ‘сумны’, гл. таксама Борысь, 643. Адносна рус. трухну́ть яшчэ Даль (1882, 4, 438) ставіць яго ў адзін рад з роднаснымі дзеясловамі тру́сить, тру́шивать ‘баяцца, палохацца’. Фасмер (4, 112) мяркуе, што рус. (с)трухну́ть з’яўляецца новаўтварэннем ад трус ‘баязлівец’, а ўкр. трухлі́ти можа быць запазычаннем з польскай мовы (ЕСУМ, 5, 662). У такім выпадку зах.-слав. *trux‑lъ, *trux‑livъ будзе праславянскім рэгіяналізмам. Для трухну́ць ‘спужацца’ не выключана самастойнае развіццё на аснове трухну́ць ‘страсянуць, скалануць’ (Нар. Гом.), гл. трусіць, трэсці. Параўн. і ст.-бел. почал троухленъ быти дрыжачий (Карскі 2-3, 353).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)