Тру́ха 1 ‘жанчына, якая трэ лён’ (Сцяшк.). Да церці (гл.). Суфікс ‑уха, які ўтварае назвы асоб па прафесіі, узыходзіць да прасл. *‑uxa, прадуктыўнага ў паўночных славян і ў славенскіх гаворках (Слаўскі, SP, 1, 75).
Тру́ха 2 ‘картачная гульня’ (ТС). Няясна.
Труха́ ‘пацяруха, перацёртае сена, салома’ (ТСБМ; Некр. і Байк., Сл. ПЗБ; бялын., ЛА, 2), ‘дробныя сухія рэшткі чаго-небудзь’, ‘што-небудзь нікчэмнае, бескарыснае’ (ТСБМ; Сержп. Прык.), ‘трухлявая драўніна’ (Мат. Гом.), ‘старая драўляная будыніна’ (Вушац. сл.). Укр. труха́ ‘пацяруха’, трухва ‘гніль у дрэве’, рус. труха́ ‘пацяруха’, ‘парахня’, стараж.-рус. трухъ ‘прэлы, трухлявы’, ‘змрочны’, чэш. troucha, trouch ‘што-небудзь спарахнелае’, славац. trúch ‘тс’, серб. тру̏ва ‘пацяруха’, трух, тру̀шни хле̏б ‘хлеб з мякінай’, харв. truha ‘адкіды’, славен. trûšje зборн. ‘гніль’. Прасл. *truxa, *truxъ — зборныя назоўнікі, суадносныя з і.-е. *trou̯‑s‑ ‘раскрышаны’, ‘струхлелы’, ‘састарэлы’ (Борысь, 643; Арол, 4, 110). Фасмер (4, 114) у якасці роднасных падае лат. tràusls ‘ломкі, крохкі’, trusls ‘гнілы, прэлы’, trusêt, trust ‘гніць, прэць’, літ. traušùs ‘ломкі, крохкі’, traũšti ‘крышыцца’. Сной (Бязлай, 4, 231) мяркуе, што праславянская аснова мела *‑ǫ, магчыма, другаснае (Новое в рус. этим., 240). Гл.: Буга, Rinkt., 1, 489; 2, 632; Зубаты, Studie, 1(2), 120–121; Каруліс, 2, 453; Скок, 3, 515; Бязлай, 4, 230–231; Шустар-Шэўц, 1536, 1540; ЕСУМ, 5, 661. Меркаванні пра варыянтнасць асноў прасл. *trux‑/*trus(k)‑, што дае магчымасць ідэнтыфікацыі *truxa з *truska, *truskъ, гл. Куркіна, Этимология–1994–1996, 50–51 (гл. труск).