Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пярэ́сцюгі (пэрэ́сцюгі) ’ніткі неаднолькавай таўшчыні’ (івац., Жыв. НС). Магчыма, ад перасцігнуць ’перапыніць, пераняць’ (гл.).

Пярэ́чынак (пэрэ́чынок) ’ахапак сена’ (івац., Жыв. НС). Гл. перачынак.

Пярэ́чыць ’выказваць нязгоду; спрачацца; быць неадпаведным’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Бяльк.), ’забараняць, перашкаджаць’ (Нас., чэрв., Сл. ПЗБ), ’працівіцца, супрацьпастаўляць’ (Варл.), перачы́ць ’выказваць нязгоду’ (Воўк-Лев., Татарк.). Дзеяслоў да пе́рак (гл.), зыходным можна лічыць адно са значэнняў дзеяслова пярэ́чыць ’перасякаць дарогу’ (Нас.), параўн. укр. пере́чити ’выказваць нязгоду, супярэчыць’, рус. пере́чить ’перасякаць папярок; супярэчыць’, польск. przeczyć ’перашкаджаць, выказваць нязгоду’, чэш. přičiti ’супрацьстаяць’, славен. prẹ́čiti ’пярэчыць’, серб.-харв. пре́чити ’перашкаджаць, ствараць перашкоды’, балг. преча ’тс’, макед. пречи ’тс’, што ўзыходзяць да прасл. *perčiti, вытворнага ад *perkъ, першапачаткова ’паставіць папярок’, далей ’працівіцца’ (Сной₂, 562; БЕР, 5, 685; Банькоўскі, 2, 823). Таго ж паходжання царкоўнаславянізм папрака́ць, параўн. папро́к і папяро́к (гл.), параўн. Фідроўская, Зб. Багародзіцкаму, 145.

Пяскі́ж ’рыба пячкур’ (Мат. Маг.). Гл. піскіж.

Пясля́к (песля́къ) ’стары грыб; старэча’ (Нас.), песля́к ’стары грыб’ (Дабр.), песлячо́к ’дзядок (пра хлопца); слабы, нядужы’ (Нас.). Паводле Мяркулавай (Очерки, 188), утворана ад пес (гл.) па ўзору іншай назвы грыбоў — казля́к (ад казёл) са значэннем ’дрэнны, неядомы грыб’, параўн. рус. пе́сьи гу́бы, сюды ж, магчыма, і славен. pěšak ’стары грыб’. Для значэнняў ’слабы, нядужы’ можна дапусціць утварэнне ад пе́стлівы ’спешчаны, распешчаны’ (Ласт.): пяс(т)ляк, параўн. і польск. pieskliwy, pieśćliwy ’тс’. Нельга выключыць таксама сувязь з серб.-харв. песичаво ’слабое, якое не расце (пра дзіця)’, балг. пе́сец, песи́ца ’хвароба дзяцей, пры якой яны слабеюць і пакрываюцца шэрым пушком’, якія народная этымалогія звязвае з пес (БЕР, 5, 186–187).

Пясня́р ’спявак’ (Некр. і Байк.; мазыр., ГЧ), ’спявак; паэт’ (ТСБМ, Гарэц.), песьня́р ’спявак’ (Бяльк.), укр. пісня́р ’тс’, польск. pieśniarz ’тс’, в.-луж. pěsnjer ’шансанье’, славен. pesmár ’пеўчы’. Утворана ад пе́сня (гл.) па тыпу гусля́р, магчыма, арэальная інавацыя для перадачы франц. chansonnier (Банькоўскі, 2, 567).

Пясо́га ’брудная ільснівая пляма на каўнеры ці адваротах адзення’ (Касп.). Звязана з піся́г ’пацёк, рага’ (гл.), параўн. пісо́га (pisóha) ’вузкая і прадаўгаватая чорная пляма’ (Варл.), піцо́га ’пісяг’ (Жд.).

Пясо́к ’пясок, пясчаная глеба’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’пясчанае поле’ (ЛА, 2), песо́к ’тс’ (ТС); укр. пісо́к, рус. песо́к, польск. piasek, чэш. pések, славац. piesok, в.-луж., н.-луж. pěsk, серб.-харв. pijȅsak, славен. pẹ́sek, балг. пя́сък, макед. песок, ст.-слав. пѣсъкъ. Прасл. *pěsъkъ, памянш. да *pěsъ, параўн. пясы́ ’пяскі’ ў фальклоры: “Мяне лісіца нясець… за цёмныя лясы, за жоўтыя пясы” (докш., Януковіч, Слоўнік в. Заборцы, рук.). Суадносна з санскр. pāṃsuka‑ ’пясчаныя буры’, pāṃsu‑ ’пясок, пыл, які нясе вецер’, авест. pąsnu‑ ’тс’ (Фасмер, 3, 249–250; Бязлай, 3, 28; Банькоўскі, 2, 541; БЕР, 6, 132). Малапераканальна Путанец (Rasprave, 25, 302–303) выводзіць з і.-е. *bhes‑ ’церці’ (у выніку асіміляцыі bs > ps: *psēsǔ‑, *psēsǐkǔ > pēsъkъ). Крытычны разгляд версій гл. ESJSt, 11, 639–640.

Пясту́к ’вялікі палец’ (Стан.), параўн. укр. пʼясту́к ’кулак’. Хутчэй за ўсё, да пяць ’расцягваць, напінаць’ (гл.) у сувязі з вымярэннем, пры якім выцягнуты вялікі палец утварае пядзю (гл. пядзя); параўн. ЕСУМ, 4, 651.

Пясту́н ’спешчаны, раздураны хлопчык’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Варл., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’аднагадовы воўк (у мове паляўнічых)’ (Арх. Федар.; Варл.; віл., смарг., брасл., Сл. ПЗБ), ’аднагадовы мядзведзь, што застаўся пры матцы’ (Арх. Федар., прыпіска Пяткевіча), ’мядзведзь, які даглядае дзяцей чужой мядзведзіхі’ (Шымк. Собр.), ’аднагадовы мядзведзь, што даглядае за малымі мядзведзянятамі’ (Мядзв.), пестун ’распешчанае дзіця’ (Касп., Бяльк.), укр. песту́н, пісту́н ’выхавальнік; песта’, рус. песту́н ’выхавальнік’, польск. piastun ’служка, што даглядае панскіх дзяцей; выхавальнік’, чэш. pěstoun ’выхавальнік, апякун; настаўнік; захоплены якой-небудзь справай чалавек’, в.-луж. pěston ’абаронца, апякун’, славен. pestȗn ’выхавальнік’, ст.-слав. пестоунъ ’тс’. Прасл. *pestunъ, вытворнае ад *pěstati або *pěstiti (гл. песціць), *pěstovati (гл. пеставаць), далей звязаных з *pěstъ ’таўкач, мяла’, што вобразна перадаюць падкідванне дзіцяці на руках (Варбат, Slavia, 63, 137–139, з літ-рай версій). Пра сувязь з пясць (“часто поднимать ребенка пястью, т. е. нянчить”) гл. Шымкевіч, Покажчик, 228. Гл. таксама Бязлай, 3, 29; Шустар-Шэўц, 2, 1059; ESJSt, 11, 639. Адносна спецыяльнага ўжывання ў мове паляўнічых: “Паводле народнага веравання — старыя ваўкі трымаюць пры сабе леташняе ваўчаня малых ваўчанят даглядаць, якога завуць пястун” (Варл.).