Пясту́н ’спешчаны, раздураны хлопчык’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Варл., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’аднагадовы воўк (у мове паляўнічых)’ (Арх. Федар.; Варл.; віл., смарг., брасл., Сл. ПЗБ), ’аднагадовы мядзведзь, што застаўся пры матцы’ (Арх. Федар., прыпіска Пяткевіча), ’мядзведзь, які даглядае дзяцей чужой мядзведзіхі’ (Шымк. Собр.), ’аднагадовы мядзведзь, што даглядае за малымі мядзведзянятамі’ (Мядзв.), пестун ’распешчанае дзіця’ (Касп., Бяльк.), укр. песту́н, пісту́н ’выхавальнік; песта’, рус. песту́н ’выхавальнік’, польск. piastun ’служка, што даглядае панскіх дзяцей; выхавальнік’, чэш. pěstoun ’выхавальнік, апякун; настаўнік; захоплены якой-небудзь справай чалавек’, в.-луж. pěston ’абаронца, апякун’, славен. pestȗn ’выхавальнік’, ст.-слав. пестоунъ ’тс’. Прасл. *pestunъ, вытворнае ад *pěstati або *pěstiti (гл. песціць), *pěstovati (гл. пеставаць), далей звязаных з *pěstъ ’таўкач, мяла’, што вобразна перадаюць падкідванне дзіцяці на руках (Варбат, Slavia, 63, 137–139, з літ-рай версій). Пра сувязь з пясць (“часто поднимать ребенка пястью, т. е. нянчить”) гл. Шымкевіч, Покажчик, 228. Гл. таксама Бязлай, 3, 29; Шустар-Шэўц, 2, 1059; ESJSt, 11, 639. Адносна спецыяльнага ўжывання ў мове паляўнічых: “Паводле народнага веравання — старыя ваўкі трымаюць пры сабе леташняе ваўчаня малых ваўчанят даглядаць, якога завуць пястун” (Варл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)