Дэ́кі ’саматканыя коўдры’ (Сл. паўн.-зах.). Сл. паўн.-зах. параўноўвае з ням. Decken ’тс’. Хутчэй запазычанне з польск. deka ’тс’ (< ням.; аб польск. слове Брукнер, 87). Параўн. і ст.-бел. дека ’папона’ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.).
Дэкламава́ць ’дэкламаваць’ (БРС). Рус. деклами́ровать, укр. декламува́ти. Першакрыніцай з’яўляецца лац. declamāre; у рус. мове запазычанне з ням. deklamieren (< лац.). Бел. і ўкр., відаць, з польск. deklamować (< лац.).
Дэкларава́ць ’дэклараваць’ (БРС). Запазычанне з рус. деклари́ровать (аб рус. слове падрабязна гл. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 56: < ням. deklarieren < лац. declarāre). Параўн. бел. даклярава́ць (гл.), якое з’яўляецца запазычаннем з польск. deklarować (< лац.).
Дэклара́цыя ’дэкларацыя’ (БРС). Укр. деклара́ція. Відаць, запазычанне адносна новага часу з рус. деклара́ция ’тс’ (< польск. deklaracja < лац.; аб рус. слове падрабязна Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 55–56). Старым запазычаннем у бел. мове з польск. з’яўляецца дакляра́цыя (гл.).
Дэкрэ́т ’дэкрэт’ (БРС). Ст.-бел. декретъ ’вызначэнне’ (з XV ст., Булыка, Запазыч.). У значэнні ’дэкрэт’, магчыма, з рус. декре́т (< ням. Dekret < лац. dēcrētum; Фасмер, 1, 495; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 58). Але не выключаецца, што бел. і ўкр. словы ўзяты з польск. dekret (< лац.). Параўн. націск у Бярынды: де́крет, але декре́ту (што ўказвае на бясспрэчны паланізм).
Дэлега́цыя ’дэлегацыя’ (БРС), дэлега́т (БРС), ст.-бел. делегатъ (XVIII ст., Булыка, Запазыч.). Рус. делега́ция, делега́т, укр. делега́ція, делега́т. Запазычанне з польск. delegacja, delegat (< лац. delegatio, delegatus). Фасмер, 1, 496; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 59.
Дэльфі́н ’дэльфін’ (БРС). Рус. дельфи́н, укр. дельфі́н. У ст.-бел. мове слова делфинъ вядома з XVII ст., але дэльфі́н хутчэй новае запазычанне, магчыма, як і рус. дельфи́н, з ням. Delphin < лац. < грэч. Гл. Фасмер, 1, 497; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 63. Ст.-бел. делфинъ, здаецца, паланізм (так Булыка, Запазыч.).
Дэмабіліза́цыя ’дэмабілізацыя’ (БРС). Рус. демобилиза́ция, укр. демобіліза́ція. Запазычанне, з франц. démobilisation ’тс’. Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 65.
Дэмакра́тыя ’дэмакратыя’ (БРС). Рус. демокра́тия, укр. демокра́тія. Лічыцца запазычаннем з франц. démocratie або ням. Demokratie (< лац. < грэч.). Гл. Фасмер, 1, 498; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 67. Але націск лепш тлумачыць польск. уплывам (параўн. польск. demokracja).
Дэ́ман ’дэман’ (БРС). Рус. де́мон, укр. де́мон. Кніжнае запазычанне са ст.-слав., ц.-слав. демонъ, дѣмонъ ’тс’ (а гэта з грэч. δαίμων ’злы дух, д’ябал’). Гл. Фасмер, 1, 498; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 67.