Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тры́ер ‘трыер, машына для ачысткі і сартавання насення’ (ТСБМ, Брасл. сл.), тры́ёр ‘тс’ (Сцяшк.), трэ́ер ‘тс’ (Жд. 1). Праз польскую мову (tryjer) з франц. trieur ‘сартавальнік’, якое з trier ‘перабіраць, сартаваць’ (Голуб-Ліер, 489; SWO, 1980, 779; ЕСУМ, 5, 643).

Трыёдзь ‘хрысціянская богаслужэбная кніга, у якой змешчаны трохпесенныя каноны’ (ТСБМ), ст.-бел. треодь, триодь (1494 г., ГСБМ), стараж.-рус. триодь (з 1200 г.). З с.-грэч. τριώδιον ‘тры песні’ (Фасмер, 4, 103).

Тры́заўка ‘рутвіца рагатая, Lotus corniculatus L.’ (віц., Кіс., Ласт.). Няясна. Фармальна блізкая да чэш. trězalka ‘зверабой’ і, магчыма, да чэш. trejzel, trýzel, славен. trizelj, харв. trȕzalj, trižalj ‘жаўтушнік, Erysimum’, што да *tri‑ (гл. тры), якое характарызуе асаблівасці будовы расліны, параўн. з укр. trojčyste zilla ‘Lotus corniculatus L.’ (Макавецкі, Sł. botan.). Параўн. трызелле (гл.). Пра сувязь з народнай любоўнай магіяй славац. trězalka гл. Кралік (625), які выводзіць яго з чэш. dřezalka ‘зверабой’ < ст.-чэш. dřezalu ‘дрыжачы’ (гл. дрыжаць) з-за асаблівасці расліны адпалохваць.

Трызво́н ‘звон ва ўсе званы (у царкве)’ (Нас., Байк. і Некр., Шымк. Собр.), ‘перазвон’ (РБС), ‘распаўсюджаная чутка’, ‘гамонка, пагалоска’, ‘поўха’, ‘суровая вымова’, сюды ж трызво́ніць ‘званіць’, ‘голасна, публічна гаварыць пра нешта’ (Нас.). Да звон (гл.); прыстаўка тры‑ з ц.-слав.-рус. трь‑/тре‑, ст.-слав. трь‑ (напр., трьблаженъ ‘тройчы шчаслівы’) (Фасмер, 4, 95 і 97), параўн. трыкляты (гл.), серб. триклет ‘тройчы пракляты’. Аднак у дадзеным выпадку, магчыма, зыходнае рус. трезво́нить — першапачаткова было ‘званіць ва ўсе званы — па тры звоны’, бо святочны звон быў не менш як у тры звоны, трезвон ‘святочны звон увогуле’, дать трезвона ‘даць кухталя, грымака, каб у вушах пачуўся трызвон’.

Трызе́лле (try ziéljé) ‘нейкая лекавая расліна’: stau̯ Jesienko try ziélje kapáci (бераст., Федар. 5), тро́йзелле ‘трава лекавая’ (Нар. Гом.), trojzièlje ‘тс’ (клец., лях., Федар. 5), troch‑ziélje ‘тс’, trujziéle ‘тс’ (лях., Федар. 5), трузе́лле ‘тс’ (БНТ, Песні Беласточчыны). Параўн. укр. тризі́лля, троєзі́лля, тройзі́л, тройзі́лля ‘дзяцеліна, Trifolium pratense L.’, труйзі́лля ‘атрутная расліна, атрута’, рус. трое зелье (троѥ зелье усыпающее, да зелье бѣлое а третье черное), польск. trójziele ‘зелле заморскае, якое лечыць ад кожнай немачы адным дотыкам’, trujziele, trutziele ‘атрутная расліна’. Сюды ж, магчыма, чэш. trejzel, trýzel, славен. trizel, харв. trizal ‘жаўтушнік, Erysimum L.’. Відавочна, што пачатак слова ўключае тры (гл.), якое акрамя асноўнага значэння, звязанага з будовай расліны (параўн. укр. трійка ‘дзяцеліна, Trifolium pratense L.’, гл. ЕСУМ, 5, 643), мае пэўную магічную складовую частку, што дае падставы гаварыць пра асобную семантыку траічнасці (Тапароў, Этимология–1977, 3–20). Фанетычная варыянтнасць try‑/tru‑ (Варбат, Исслед., 446) сведчыць пра другасную сувязь з truti (гл. труць), што ўласціва і другой частцы слова (Махэк₂, 655), гл. зелле. Гл. таксама Цыхун, Зб. Абрэмбскай-Яблонскай, 53.

Трызі́мак ‘конь, цялё на трэцім годзе, трацяк’ (Сцяшк.; беласт., вільн., Сл. ПЗБ). Да тры і зіма (гл.).

Тры́зна ‘заключная частка пахавальнага абраду’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘памінкі па нябожчыку’ (ТСБМ, ТС), ст.-бел. тризна ‘тс’: за поганства ꙋмерлымъ поминки (Стрыйкоўскі, пач. XVII ст., ПГС, ГСБМ), УІ Трызна (Карскі 2-3, 29), Трызна Гальшка з Храбтовічаў (Гардзееў, Магдэбургская Гародня, Гродна; Wrocław, 2008, 193, 215, 221). Укр. три́зна ‘тс’, три́знище ‘поле бітвы’, рус. три́за, стараж.-рус. тризна ‘спаборніцтва; подзвіг; узнагарода; памінальнае банкетаванне’ (з XII ст.), трызна (Ізборнік Святаслава, 1073 г.), ст.-слав. тризна ‘ўзнагарода за перамогу’ (Супрасл. летап.), польск. tryzna ‘памінкі з ігрышчамі як часткай пахавальнага абраду’; чэш. і славац. tryzna ‘грамадзянская паніхіда’, гіст. ‘трызна’ — з польск. мовы (Махэк₂, 656); славен. trízna ‘бой, спаборніцтва ў гонар памерлага чалавека’ (са ст.-слав., Сной у Бязлай, 4, 226). Прасл. *tryzna (Фасмер, 4, 102) супастаўляюць з генетычна роднасным *traviti > першапачаткова ‘памінкі, памінальнае частаванне’ (Міклашыч, 362; Брукнер, 579 і інш.). Трубачоў (ВСЯ, 4, 1959, 130 і наст.) тлумачыць слав. *trizna як вытворнае ад *trizь ‘трацяк, трохгадовая жывёла, прызначаная для ахвяры’, параўн. ст.-бел. тризъ, фризъ ‘трохгадовая жывёла’ (ГСБМ). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16) дапускае для беларуска-ўкраінскай лексемы гоцкае паходжанне, параўн. гоцк. trigo‑n ‘смутак’, або суадносіць з тры́зніць ‘вярзці, гаварыць у беспрытомнасці, галюцыніраваць’, польск. tryznić ‘марнаваць час’, што характарызуе паводзіны сваякоў у час чуйнасці над нябожчыкам (Зб. Крапіве, 213). Высновы пра няяснае паходжанне слова з аглядам магчымых версій гл. Рачава, Зб. Варбат, 318–328; ESJSt, 16, 984–985.

Тры́зніць ‘гаварыць без памяці, галюцыніраваць’, ‘несці лухту’ (ТСБМ, Нас., Шымк. Собр., Байк. і Некр., Гарэц., Мядзв., Касп., Багд., Стан.), ‘гаварыць праз сон’ (Бяльк.), ‘бачыць што ў сне, у гарачцы’ (Ласт.), трызні́ць ‘гаварыць адно і тое ж’ (ТС, Растарг.), тры́зніці ‘хлусіць, гаварыць няпраўду’ (пруж., Сл. ПЗБ), ‘блюзніць, трызніць, гаварыць у непрытомнасці’ (паўн.-усх., ЛА, 3), тры́знік ‘лунацік’ (Мат. Маг.), тры́зненне ‘вярзенне, бяссэнсавая гаворка хворага, які знаходзіцца ў бяспамяцтве’, ‘мары, думкі аб кім-, чым-небудзь’ (ТСБМ); трызня́ ‘лухта, абы-што’: як будзеш спаць да дня, насніцца трызня (чач., Бел. дыял. 2), тры́зня ‘шкода’ (Стан.). Параўн. укр. три́знувати ‘біцца, змагацца, банкетаваць пасля бітвы’, рус. смален., зах.-бранск. тры́знить ‘блюзніць; бяздумна гаварыць, плявузгаць’, польск. tryznić ‘дарэмна траціць час’, чэш. trýznit ‘мучыць, катаваць, раздзіраць’, славац. trýzniť ‘тс’. Няясна, у тым ліку ў адносінах да папярэдняга слова. На аснове польск. tryznić і чэш. мар. trýzniti ‘сыпаць, трусіць’ Страхаў (Palaeoslavica, 13, 2, 14–15) выводзіць дзеяслоў з *tryti, *truti (гл. церці), а таксама аналагічна да *trina (гл. трына) назоўнік *trizna, у семантыцы якога развілося значэнне ‘скруха, жалоба’. Спробу звязаць чэш. trýzniti ‘мучыць’ (< *tryti) з польск. trużyc ‘тс’ шляхам атаясамлівання з асновай *tryz‑ зрабіла Варбат (Этимология–1983, 41), у гэтым выпадку мяркуецца збліжэнне семантыкі слоў ‘блюзніць’ і ‘мучыць’, параўн. і рус. валаг. тры́жить ‘навязліва паўтараць адно і тое ж’. Пра паралелізм у структуры і семантыцы трызніць і трылузіць (гл.) з выдзяленнем элемента тры‑ — спецыяльна Цыхун, Зб. Супруну, 280; варыянты тры́зніць/дры́зніць (маг., ЛА, 3, 81), магчыма, пад уплывам дрыве́ць ‘блюзніць, гаварыць у непрытомнасці’, ‘гаварыць лухту’ (Нас., Касп., Дабр.; ашм., Стан., ЛА, 3) — няяснага паходжання.

Трызу́б ‘ваўкаўня, пастка на ваўкоў’ (Цярохін, Охота), трызу́бка ‘матыка з зубцамі’ (лельч., бераст., ЛА, 2), ст.-бел. тризубъ, тризубецъ, трезубъ, трезубецъ ‘від зброі’ (ПГС), укр. тризу́бець ‘вілы з трыма зубамі’, рус. трезу́б, трезу́бец, трезубка ‘тс’, польск. tryzub ‘кармушка для лясных звяроў’, чэш. trzub ‘плот з трохрогіх расох’, славац. trojzub ‘трызубец’, славен. trizob ‘тс’, балг. тризъ́бец ‘тс’, макед. тризаб ‘тс’, ‘трызубец (зброя)’, ст.-слав. трьзѫбьць ‘тс’. Прасл. *trьzǫbъ, складанае слова з *trь‑ (гл. тры) і *zǫbъ (гл. зуб), першапачатковы прыметнік са значэннем ‘трохзубы’ (Махэк₂, 656). Гл. яшчэ Сялімскі, Старобългаристика, 13, 4, 43–44.

Трыйло́чыць ‘гаварыць недарэчнасці, глупства, разводзіць плёткі’ (воран., Сл. ПЗБ). З літ. trailúoti ‘балбатаць, гаварыць пустое’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73). Параўн. таксама трайла́ (гл.).