Трызе́лле (try ziéljé) ‘нейкая лекавая расліна’: stau̯ Jesienko try ziélje kapáci (бераст., Федар. 5), тро́йзелле ‘трава лекавая’ (Нар. Гом.), trojzièlje ‘тс’ (клец., лях., Федар. 5), troch‑ziélje ‘тс’, trujziéle ‘тс’ (лях., Федар. 5), трузе́лле ‘тс’ (БНТ, Песні Беласточчыны). Параўн. укр. тризі́лля, троєзі́лля, тройзі́л, тройзі́лля ‘дзяцеліна, Trifolium pratense L.’, труйзі́лля ‘атрутная расліна, атрута’, рус. трое зелье (троѥ зелье усыпающее, да зелье бѣлое а третье черное), польск. trójziele ‘зелле заморскае, якое лечыць ад кожнай немачы адным дотыкам’, trujziele, trutziele ‘атрутная расліна’. Сюды ж, магчыма, чэш. trejzel, trýzel, славен. trizel, харв. trizal ‘жаўтушнік, Erysimum L.’. Відавочна, што пачатак слова ўключае тры (гл.), якое акрамя асноўнага значэння, звязанага з будовай расліны (параўн. укр. трійка ‘дзяцеліна, Trifolium pratense L.’, гл. ЕСУМ, 5, 643), мае пэўную магічную складовую частку, што дае падставы гаварыць пра асобную семантыку траічнасці (Тапароў, Этимология–1977, 3–20). Фанетычная варыянтнасць try‑/tru‑ (Варбат, Исслед., 446) сведчыць пра другасную сувязь з truti (гл. труць), што ўласціва і другой частцы слова (Махэк₂, 655), гл. зелле. Гл. таксама Цыхун, Зб. Абрэмбскай-Яблонскай, 53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)