Труць 1, труц ‘труціць’ (воран., ашм., смарг., гродз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. трути, струти ‘атручваць’ (Гарб.). З польск. truć ‘тс’ (Мацкевіч, Сл. ПЗБ, 5, 134). Аналагічна тру́цца ‘атручвацца’ < польск. truć się ‘тс’, ‘мучыцца, пакутаваць’. Польск. truć (się) узыходзіць да прасл. *truti, 1 ас. trovǫ ‘спажываць, вытрачаць, ператраўліваць’, звязанага чаргаваннем галосных асновы з ітэратывам *traviti і назоўнікам трава́, трова́ (гл.). Прасл. лексема *truti роднасная літ. trūnýti ‘парахнець, тлець, гнісці’, вал. toraw ‘таўчы’, ‘біць, разбіваць’, ст.-грэч. τρύω ‘быць стомленым, замучаным’, ‘прыціскаю, прыгнятаю, раню’, ст.-англ.-сакс. dˊrōwigean ‘цярпець’, ст.-нарв. þrá ‘сум’, ‘моцнае жаданне’ < і.-е. *treu̯‑ ‘церці, расціраць’ (Борысь, 644; Фасмер, 4, 92; Махэк₂, 650; Чарных, 2, 255; Скок, 3, 507–508; Брукнер, 575, 577; ЕСУМ, 5, 656; Бязлай, 4, 234–235).
Труць 2 ‘яд, атрута’ (Некр. і Байк., Ласт.). Магчыма, з польск. truć ‘расліна, сокам якой змазвалі стрэлы, палюючы на аленяў’ (Варш. сл.), параўн. trut, truta, trutka ‘атрута (як прынада)’ і папярэдняе слова (гл.).