Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пэ́трахі ’вантробы’ (гродз., Жыв. НС), перан. ’шматкі’ (нясвіж., Сл. ПЗБ), пэ́трах ’ашмётак’ (Цых.), на пэтрах: патрушчыў на пэтрах ’ушчэнт’ (Шляхам гадоў, Мн., 1990, 145). Экспрэсіўны варыянт да патрахі́ ’вантробы’ (гл.), параўн. польск. patrochy ’вантробы; неядомыя абрэзкі і адходы з іх’.

Пэ́ўнік ’аксіёма’ (Бел. нав. тэрм., 1). Наватвор 20‑х гадоў XX ст. ад пэ́ўны ’вызначаны, дакладны, бясспрэчны’ (гл.), мяркуецца, што ўведзены ва ўжытак Байковым (Германовіч, Бел. мовазнаўцы. Мн., 1985, 98).

Пэ́ўны ’дакладна вызначаны, акрэслены, канчатковы; некаторы; перакананы, надзейны, упэўнены, цвёрды’ (ТСБМ), ’праўдзівы, акуратны, адпаведны, сапраўдны’ (Цых.), ’дабраякасны (пра насенне)’ (Жд. 2), пэ́ўный ’надзейны, праўдзівы, дакладны’ (Бяльк.), ’праўдзівы, верагодны’ (Яруш.), пе́ўны ’пэўны, сапраўдны’ (ТС), пе́ўный (пе́вный) ’праўдзівы, бясспрэчны’ (Нас.), ’надзейны, праўдзівы, дакладны’ (Мядзв.), ’пэўны, сталы’ (Бяльк.), ст.-бел. певный ’вядомы, дакладны, пэўны’ (Ст.-бел. лексікон), ’упэўнены, перакананы; праўдзівы’ (Сл. Скарыны); сюды ж пэўна ’напэўна, несумненна’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ), пэ́ўно ’тс’ (Цых., Сл. ПЗБ), пэ́ўне, пэ́ўня ’верагодна, напэўна, бясспрэчна’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, Мал., Шат.; шчуч., З нар. сл.), пе́ўне, пе́ўня ’тс’ (Сержп., Бяльк., Шпіл.), ст.-бел. певне ’вядома, бясспрэчна’ (Ст.-бел. лексікон). Запазычана з польск. pewny ’бясспрэчны, надзейны, верагодны, бяспечны’, pewno, pewnie ’бясспрэчна, надзейна, верагодна’, гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 58 (рэфлекс э на месцы ъ; формы з е — вынік другаснай адаптацыі); прасл. *pъv‑ьnъ ад рэліктавага *pъva ’пэўнасць, давер’, параўн. санскр. pavate (корань pū‑) ’бачыць выразна’, гл. Махэк₂, 447 (пра чэш., славац. pevný ’моцны, цвёрды, устойлівы’); Банькоўскі, 2, 535, 968.

Пэ́ўхнуць ’пыхнуць, лопнуць’: порхаўка пэўхне, як на яе паступіш (маст., Сл. ПЗБ). імітатыўны дзеяслоў, у аснове гукаперайманне *пэўх! < пух!, гл. пу́хаць.

Пэ́ханік ’смольны корч’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Ад піхаць, піхаць ’пыхаць, пыхкаць’, гукапераймальнага паходжання, параўн.: папяросай рабіць пэх‑пэх (Янк. 1).

Пэ́цкаць ’мазаць, брудзіць; рабіць няўмела, неахайна’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Шат.), ’ляпіць глінаю, мазаць; брудзіць’ (Нас.), пе́цкаць ’брудзіць, мазаць’ (ТС), пэ́цнуць ’мазануць; стукнуць’ (ТСБМ), ’гучна ўдарыць; кінуць чым-небудзь ліпкім; упасці’ (Нас.), вытворныя: пэ́цкала, пэ́цкало ’няўмека, неакуратны ў рабоце чалавек, бракароб, партач’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы; любч., Нар. словатв.; міёр., З нар. сл.), пэ́цкаль ’хто любіць пэцкацца, неахайны, паскуднік’ (Шпіл., Чач., Гарэц., Шат.; брасл., Сл. ПЗБ), ’няўмека, дрэнны майстар’ (ТСБМ; маладз., Янк. Мат.; Яўс., Шат., Бяльк.; міёр., З нар. сл.). Паводле Насовіча, утворана ад гукапераймальнага пэц! ’тое, што і пац!’ (“от звука брошенной на что либо грязи или брошенного чего въ грязь”, Нас., 543); нягледзячы на фанетычныя прыкметы запазычання з польск. peckać ’вэдзгаць, перабіраць, корпацца’, параўн. рус. па́чкать ’пэцкаць’, да вышэйназванай версіі схіляецца Цвяткоў (Запіскі, 2, 75) і канстатуе, што слова не выводзіцца ад кораня *pak‑ (дапускаючы для рускага слова сувязь з пакость ’паскудства’, інакш гл. Фасмер, 3, 223); наяўнасць славен. pecati, peckati, pečkati ’даваць аплявуху; біць па вушах’ і pəčka, pəčkálo ’хто ляніва, марудна і дрэнна працуе’ ўзмацняе прышлую версію. Пра магчымую сувязь названых слоў з pečkȁ ’ядро, костачка’, што дае падставы для семантычнага пераходу ’ўздуцце, разбуханне’ > ’слабы, дрэнны’, гл. Бязлай, Etyma, 163; Куркіна, Этимология–1984, 113; гл. таксама спецыяльна Куркіна, Этимология–1988–1990, 61. Атаясамліванне з укр. пи́цькати ’дрэнна працаваць, корпацца’, якое выводзіцца праз польск. pyćkać, peckać ’тс’ з ням. patschen ’плёскаць (па вадзе)’ (гл. ЕСУМ, 4, 382), здаецца, не мае падстаў.