Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пэ́ўнік ’аксіёма’ (Бел. нав. тэрм., 1). Наватвор 20‑х гадоў XX ст. ад пэ́ўны ’вызначаны, дакладны, бясспрэчны’ (гл.), мяркуецца, што ўведзены ва ўжытак Байковым (Германовіч, Бел. мовазнаўцы. Мн., 1985, 98).

Пэ́ўны ’дакладна вызначаны, акрэслены, канчатковы; некаторы; перакананы, надзейны, упэўнены, цвёрды’ (ТСБМ), ’праўдзівы, акуратны, адпаведны, сапраўдны’ (Цых.), ’дабраякасны (пра насенне)’ (Жд. 2), пэ́ўный ’надзейны, праўдзівы, дакладны’ (Бяльк.), ’праўдзівы, верагодны’ (Яруш.), пе́ўны ’пэўны, сапраўдны’ (ТС), пе́ўный (пе́вный) ’праўдзівы, бясспрэчны’ (Нас.), ’надзейны, праўдзівы, дакладны’ (Мядзв.), ’пэўны, сталы’ (Бяльк.), ст.-бел. певный ’вядомы, дакладны, пэўны’ (Ст.-бел. лексікон), ’упэўнены, перакананы; праўдзівы’ (Сл. Скарыны); сюды ж пэўна ’напэўна, несумненна’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ), пэ́ўно ’тс’ (Цых., Сл. ПЗБ), пэ́ўне, пэ́ўня ’верагодна, напэўна, бясспрэчна’ (Яруш., Бяльк., Сл. ПЗБ, Мал., Шат.; шчуч., З нар. сл.), пе́ўне, пе́ўня ’тс’ (Сержп., Бяльк., Шпіл.), ст.-бел. певне ’вядома, бясспрэчна’ (Ст.-бел. лексікон). Запазычана з польск. pewny ’бясспрэчны, надзейны, верагодны, бяспечны’, pewno, pewnie ’бясспрэчна, надзейна, верагодна’, гл. Цвяткоў, Запіскі, 2, 58 (рэфлекс э на месцы ъ; формы з е — вынік другаснай адаптацыі); прасл. *pъv‑ьnъ ад рэліктавага *pъva ’пэўнасць, давер’, параўн. санскр. pavate (корань pū‑) ’бачыць выразна’, гл. Махэк₂, 447 (пра чэш., славац. pevný ’моцны, цвёрды, устойлівы’); Банькоўскі, 2, 535, 968.

Пэ́ўхнуць ’пыхнуць, лопнуць’: порхаўка пэўхне, як на яе паступіш (маст., Сл. ПЗБ). імітатыўны дзеяслоў, у аснове гукаперайманне *пэўх! < пух!, гл. пу́хаць.