Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Няго́ ’няўжо’ (Бяльк., Яўс., Крыў., Дзіс.), няго́, няго́ж, няго́ш ’тс’ (Касп., Сл. ПЗБ, Сл. ЦРБ), параўн. таксама няўго́ ’тс’ (гл.). Паводле Карскага (2–3, 83), таго ж паходжання, што няўжо́ (гл.), рус. неужели ’тс’; (ў)го замест ўжо, відаць, адлюстроўвае старажытную варыянтнасць часціц *‑go і *‑že, параўн. прасл. *nego/neže, ESSJ SG, 2, 455; гл. таксама ужэ́, угэ́, уге́, ’ужо’ (ТС). Меркаванне пра запазычанне бел. няго́, няўго́ з літ. niaugù ’тс’ (Грынавяцкене і інш., Baltistica, III (1) Priedas, 72) у святле сказанага вышэй здаецца недастаткова абгрунтаваным, хутчэй мела месца арэальная падтрымка пры захаванні архаізма.

*Няго́га, нэго́га ’няўклюда’ (брэсц., Нар. сл.). Відаць, да гога ’прыгожы, харошы’, напэўна іранічнае ўтварэнне паводле мадэлі т. зв. дзіцячых слоў, параўн. польск. gogo ’моднік, аферыст’ (< франц. gogo ’наіўны чалавек’, Слаўскі, 1, 309).

Няго́да ’непагода, непагадзь’ (Чач., Некр.; слонім., Арх. Бяльк.; петрык., Шатал.), него́да, нэго́да ’тс’ (ТС, Сл. Брэс.), ’непагадзь; бяда, няшчасце’ (Бяльк.), ’дрэннае надвор’е; нязгода’ (Гарэц.), ’дрэннае надвор’е; дрэнны настрой’ (Сл. ПЗБ), ’няшчасце, няўдача’ (Яруш.), укр. него́да ’дрэннае надвор’е, непагадзь’, рус. негода ’дрэннае надвор’е; дрэнны чалавек’, чэш. nehoda ’дрэннае надвор’е; няшчасны выпадак’, славац. nehoda ’няшчасце’, славен. negóda ’няшчасце, няшчасны выпадак; штосьці непрыемнае’, серб.-харв. нѐгода ’няшчасце’. Да *godъ (гл.) з першасным значэннем ’падыходзячы, спрыяльны час’. Распаўсюджанне тыпалагічнай мадэлі паводле матэрыялаў Лінгвістычнага атласа Еўропы гл.: Іанеска–Руксандою, Revue roumaine de linguistique, 28, 253–262. Параўн. пагода.

Няго́ж ’а як жа, так, напэўна’ (віц., Хрэст. дыял.), сюды ж аняго́ж ’так’, аня́‑ж ’а як жа’ (віц., Мат.). Гл. няго́, семантыку добра тлумачыць няго́‑не ’тс’ (Др.-Падб.).

Нядба́йла ’гультай, бестурботны чалавек’ (Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), нядба́йлік ’тс’ (Янк. 1, ТС), нядбайнік ’тс’ (лунін., Шатал.; Мат. Гом.), нядба́йліца ’тс’ (Сцяшк.), нядба́ліца ’тс’ (бялын., Янк. Мат.; Гарэц., Сл. ПЗБ), нядба́йніца (лунін., Шатал., Мат. Гом.), нядба́йліска ’тс’ (Сцяц.). Да дбаць (гл.).

Нядзе́б, няйдзеб ’замест таго, каб’: Ня(й)дзеб касіць хапацца, ты па грыбах шлындаеш (Гарэц.). З ня‑дзе‑б (гл.), параўн. нейдзе ’дзесьці; відаць’, няўчом, няўком і пад.

Нядзе́ля ’нядзеля, рус. воскресение’ (Нас., Гарэц., Булг.), ’нядзеля; тыдзень’ (Яруш., Грыг., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’тыдзень’ (Бяльк., Касп.), укр. неділя ’нядзеля’, рус. неделя ’тыдзень’, польск. niedziela ’нядзеля’, чэш. neděle ’нядзеля; тыдзень’, славац. nedeľa ’тс’, палаб. nidelʼɛ ’тс’, в.-луж. njedźela ’тс’, н.-луж. njeźela ’тс’, славен. nedélja ’тс’, серб.-харв. нѐдеља ’тс’, макед. недела ’тс’, балг. неделя ’тс’, ст.-слав. недѣлꙗ ’тс’. Прасл. *nedělja, лічыцца калькай з лац. feria, сярод значэнняў якога ’свята; вольны ад работы дзень’; менш верагоднай крыніцай з’яўляецца грэч. ἄπρακτος (ἥμερος) са значэннямі ’бязмэтны; які праводзіцца ў бяздзеянні, нерабочы’ (Фасмер, 3, 57); паводле Львова (Зб. Нахцігалю, 186–187), ст.-слав. недѣлꙗ магло з’явіцца і ўвайсці ў славянскія кнігі ў Маравіі са значэннем ’стан нядзеяння’, дзе другая частка *дѣлꙗ як у слове дрѣводѣлꙗ ’цясляр’ і пад. (гл. дзеля). Перанос назвы з дня тыдня, ад якога вялі адлік, на адрэзак часу пасля гэтага дня: ’нядзеля’ — ’тыдзень’, параўн. рус. арх. ле́то ’год’ < ле́то ’лета’. Гл. таксама Дурнаво, RÉS, 6, 107; Матушэўскі, Słowiański tydzień. Łódź, 1978; Сямчынскі, Семант. інтэрф. мов. Київ, 1974, 178; Ферлюга–Пятроніа, Živa antika, 34, 1–2; 43–48. Сюды ж нядзе́льнікаваць ’адпачываць, па-святочнаму прыбірацца’ (Сцяшк. Сл.).

Нядзьвач ’мядзведзь’ (Шаўцоў, Полымя, 1971, 10, 220). Відаць, з польск. niedźwiedź ’тс’, параўн. таксама niedźuryedź ’тс’ (Федар. 1, 195).

Нядо́брае ’нечысць, нячысцікі’ (Мат. Гом.), параўн. укр. недобрий ’чорт’. Табуізаваная назва, створаная з мэтай засцярогі; параўн. нячы́сты ’тс’. Сюды ж нядо́брыцца ’нездаровіцца, нядужыцца’ (жлоб., Жыв. сл.). Гл. добры, параўн. у прамым значэнні нядо́бра ’няўдобіца’ (Сл. ЦРБ).

Нядо́віча (недо́віча) ’не так даўно, нядаўна’ (Бяльк.). Гл. надо́вечы ’тс’, пачатак слова заменены пад уплывам нядаўна.