Нядзе́ля ’нядзеля, рус. воскресение’ (Нас., Гарэц., Булг.), ’нядзеля; тыдзень’ (Яруш., Грыг., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’тыдзень’ (Бяльк., Касп.), укр. неділя ’нядзеля’, рус. неделя ’тыдзень’, польск. niedziela ’нядзеля’, чэш. neděle ’нядзеля; тыдзень’, славац. nedeľa ’тс’, палаб. nidelʼɛ ’тс’, в.-луж. njedźela ’тс’, н.-луж. njeźela ’тс’, славен. nedélja ’тс’, серб.-харв. нѐдеља ’тс’, макед. недела ’тс’, балг. неделя ’тс’, ст.-слав. недѣлꙗ ’тс’. Прасл. *nedělja, лічыцца калькай з лац. feria, сярод значэнняў якога ’свята; вольны ад работы дзень’; менш верагоднай крыніцай з’яўляецца грэч. ἄπρακτος (ἥμερος) са значэннямі ’бязмэтны; які праводзіцца ў бяздзеянні, нерабочы’ (Фасмер, 3, 57); паводле Львова (Зб. Нахцігалю, 186–187), ст.-слав. недѣлꙗ магло з’явіцца і ўвайсці ў славянскія кнігі ў Маравіі са значэннем ’стан нядзеяння’, дзе другая частка *дѣлꙗ як у слове дрѣводѣлꙗ ’цясляр’ і пад. (гл. дзеля). Перанос назвы з дня тыдня, ад якога вялі адлік, на адрэзак часу пасля гэтага дня: ’нядзеля’ — ’тыдзень’, параўн. рус. арх. ле́то ’год’ < ле́то ’лета’. Гл. таксама Дурнаво, RÉS, 6, 107; Матушэўскі, Słowiański tydzień. Łódź, 1978; Сямчынскі, Семант. інтэрф. мов. Київ, 1974, 178; Ферлюга–Пятроніа, Živa antika, 34, 1–2; 43–48. Сюды ж нядзе́льнікаваць ’адпачываць, па-святочнаму прыбірацца’ (Сцяшк. Сл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)