Дазо́рца ’дазорац’ (БРС). Параўн. укр. дозо́рця, дозо́рець. Слова дозорца ’стораж, наглядчык’ сустракаецца ўжо ў ст.-бел. помніках XVI ст. (гл. Булыка, Запазыч.). Слова ўзята з польск. dozorca ’тс’ (з тыповай зах.-слав. суфіксацыяй). Адносна бел. дазо́рац, укр. дозо́рець можна меркаваць, што гэта таксама паланізмы, але з замененай суфіксацыяй (з прыстасаваннем яе да ўсх.-слав. тыпу). Трубачоў (Эт. сл., 5, 90) лічыць, што бел. слова дазо́рац, укр. дозо́рець < прасл. *dozorьcь. Няпэўна.
Даі́ць ’даіць’. Рус. дои́ть, укр. доїти, чэш. dojiti, славац. dojiť, польск. doić, в.-луж. dejić, dojić, н.-луж. dojś, балг. доя́, серб.-харв. до̀јити, ст.-слав. доити. Прасл. *dojiti (sę). Агляд форм гл. у Трубачова, Эт. сл., 5, 53–54. Лічыцца каузатывам на ‑iti ад *děti, якое не захавалася, але існаванне якога можна вывесці з аддзеяслоўных вытворных *dětę, *děva. У аснове ляжыць і.-е. *dhē̆(i̯)‑ ’ссаць, карміць грудзьмі’. Роднасныя формы: ст.-інд. dháyati ’ссаць’, лат. dêt ’тс’, гоц. daddjan ’тс’. Гл. Бернекер, 1, 205–206; Траўтман, 51; Фасмер, 1, 522; падрабязна Трубачоў, там жа. Гл. яшчэ Слаўскі, 1, 152.
Даказа́ць ’даказаць, давесці’, ’дагаварыць’. З аналагічнымі значэннямі гэты дзеяслоў адзначаецца і ў іншых слав. мовах. Параўн. рус. доказа́ть ’даказаць, давесці’, дыял. доказа́ть ’дагаварыць, паведаміць аб чым-н.; вытлумачыць і г. д.’, укр. доказа́ти ’дагаварыць, папракнуць, абвінаваціць і да т. п.’, чэш. dokázati ’даказаць, пацвердзіць, дабіцца; дагаварыць; выканаць, зрабіць і г. д.’, славац. dokázať ’даказаць, выканаць, зрабіць’, балг. дока́жа ’дагаварыць; даказаць’, макед. докаже ’даказаць; дагаварыць’, серб.-харв. дока́зати ’растлумачыць; данесці, выдаць; пераканаць і г. д.’ Лічыцца прасл. утварэннем: *dokazati (з прэфіксам *do‑ ад дзеяслова *kazati ’даказваць, гаварыць’). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 57–58; Фасмер, 2, 159; Брукнер, 223; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 156.
Дакла́д ’даклад’ (БРС). Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 157), бел. дакла́д (як і балг. докла́д) запазычана з рус. докла́д ’тс’. Рус. слова ўтворана бязафіксным спосабам словаўтварэння ад дзеяслова докладати ’дакладваць’. У рус. помніках яно вядома з 1474 г. Сюды адносяцца і дакла́дчык, дакла́дчыца (гл.).
Дакла́дна ’дакладна’ (БРС). Укр. докла́дно ’тс’. Можна думаць, што гэта запазычанне з польск. dokładnie ’тс’ (але з пераафармленнем марфалагічнага тыпу на ўсх.-слав. лад). Параўн. дакла́дны, дакла́днасць.
Дакладнасць ’дакладнасць’ (БРС). Укр. докла́дність ’тс’. Вельмі верагодна, што гэта запазычанне з польск. dokładność. Параўн. яшчэ дакла́дны, дакла́дна, якія таксама, здаецца, з’яўляюцца запазычаннямі з польск. мовы.
Дакла́дны ’дакладны’ (БРС). Укр. докла́дний ’тс’. Запазычанне з польск. dokładny ’тс’. Параўн. дакла́днасць, дакла́дна. Польск. слова з такім значэннем вядома ў помніках з XVIII ст. і звязана з дзеясловам dokładać (się), dokład. Слаўскі (1, 154) прыводзіць як паралель ст.-польск. dołożny ’дакладны’ (< dołożyć) і рус. приле́жный (< прилега́ть).
Дакладны́ (БРС): дакладна́я запіска < рус. докладна́я записка (а гэтыя словы да докла́д > бел. дакла́д). Адносна рус. докладна́я (уласна дакладная записка) падрабязна ў Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 157. Ужо ў сярэдзіне XV ст. ужывалася слова докладная («а докладную писал чернец Иринарх…»), якое ўзнікла на базе словазлучэння докладная грамота.
Дакла́дчык ’дакладчык’ (БРС). Запазычанне з рус. докла́дчик ’тс’ (утварэнне ад дакла́д, гл.). Параўн. дакла́дчыца.
Дакла́дчыца ’дакладчыца’ (БРС). Запазычанне з рус. докла́дчица ’тс’. Параўн. дакла́дчык (гл.).
Даклярава́ць ’абяцаць’ (БРС), дэкляро́ўка ’абяцаная рэч’ (Нас.). Ужо ў ст.-бел. мове декляровати ’аб’яўляць, абяцаць’ (гл. Булыка, Запазыч., 90). Запазычанне з польск. deklarować ’тс’ (а гэта з лац. declarare; так Булыка, там жа). Кюнэ (Poln., 50) крыніцай польск. слова лічыць ням. deklarieren (< лац.). Параўн. дакляра́цыя, дэкларава́ць. У рус. мове XVII ст. існавала лексема декляровать, якая таксама з’яўляецца запазычаннем з польск. мовы. Пытанне, аднак, досыць складанае (аб магчымых трактоўках гісторыі гэтай групы слоў гл. падрабязна ў Шанскага, 1, Д, Е, Ж, 56).