Про́валь, про́вэль ’прорва, бездань’ (Нас., Нікан.). Рус. прова́ль ’тс’. Дэрыват ад правалі́ць(ца) з суф. ‑ь. Гл. яшчэ права́лле.
Про́вар ’вінакурня, бровар’ (Нас., Др.-Падб.; брасл., Рам., 8; Грыг., Мік., Янк. 2, Сл. ПЗБ), про́раў (Сл. ПЗБ). З бровар (гл.) пад уплывам правары́ць. Сюды ж права́рня ’вінакурня’ (Нас.).
Про́весна ў выразе на про́весні ’на прадвесні’ (ТС). З про- і вясна або з праве́сне (гл.), дзе канчатак М. скл. быў заменены на канчатак Н. скл. па аналогіі з наз. ж. р. на ‑а.
Про́вісь ’рыбалоўная сетка’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Да правісаць (гл. вісець).
Про́га ’праход у агароджы’, ’жэрдка, якой закрывалі што-небудзь’ (смарг., Сл. ПЗБ), ’палонка, прабітая ў лёдзе для лову рыбы’ (міёр., Жыв. НС). Аўтары слоўніка (Сл. ПЗБ, 4, 109) выводзяць з польск. proga ’перакладзіна’. Грынавяцкене (там жа) параўноўвае з літ. próga ’праход у агароджы’. Гл. прага 2; пра варыянтнасць прага/прога гл. Крывіч, 8, 107.
Про́даж ’прадаванне, гандаль’ (ТСБМ, Шат.). Укр. про́даж ’тс’. Гл. прадажа. Іншы націск і суфіксацыя, відаць, пад уплывам польск. sprzedaż ’продаж’. Форма прада́ж (паст., Сл. ПЗБ) кантамінуе прадажа і продаж.
Про́дак ’папярэднік у сям’і, родзе, племені’ (ТСБМ, Нас.). Паводле Вярхова (З жыцця, 67), да другой паловы XVI ст. ужывалася ст.-бел. предокъ, пасля — продокъ. З польск. przodek ’тс’ < przed ’перад’ (Карскі, 1, 178; Цвяткоў, Запіскі, 2, 63). Гл. таксама Брукнер, 442; там жа і аб пераходзе е > о. Параўн. прэдок (гл.) і рус. предок < ц.-слав. прѣдокъ < прѣдъ (Праабражэнскі, 2, 40; Фасмер, 3, 357).
Про́дзіў ’цуда з цудаў’ (Нас.): нейкий продзіў тут случыўся. З польск. przedziw(y) ’тс’, якое, магчыма, ад прым. przedziwny ’дзіўны; вычварны’, дзе prze‑ — прыстаўка са значэннем найвышэйшай ступені; dziwny, гл. дзіва. Гл. таксама прыдзіў.
Про́дух, про́духа ’прадушына’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), ’адтуліна’ (Сл. Брэс.). Гл. прадуха.
Про́жар, про́жыр ’зяўра, глотка’, ’пражэрлівы, прагны да яды чалавек’ (ТСБМ, Сцяшк., Мік.; шчуч., Сл. ПЗБ, ТС), ’здабыча драпежнай рыбы’ (паўн.-усх., КЭС). Гл. пражора.