Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Пратако́л ’дакумент, у які запісваюць усё, што было сказана, зроблена і вырашана на сходзе, допыце’ (ТСБМ). Праз рус. протоко́л ’тс’, дзе з зах.-еўрап. моў: франц. protocole, ням. protokoll < лац. protocollum < грэч. πρωτόκολλον ’ліст, які прыклеены спераду на скрутак папірусу’ (гл. Фасмер, 3, 383 і наст.); не выключае, з улікам судовай практыкі ў ВКЛ, непасрэднае запазычанне з лац. prōtocōlum, параўн. Банькоўскі, 2, 792.

Прата́ліна ’месца, дзе растаў снег і агалілася зямля’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ), прата́лка, прота́лка ’тс’, ’агрэх (пры сяўбе)’ (Шчарб., ТС; Жд. 1), прота́лак ’тс’ (Касп.), ’паляна’ (віл., шальч., Сл. ПЗБ), ’лапіна, дзе вымакла збожжа’, ’вузкі праход паміж будынкамі’ (астрав., Сл. ПЗБ), ’пропуск, зроблены пры сяўбе’ (Сцяшк.). Рус. прота́лина, прота́лок, укр. прота́лина, прота́лка ’праталіна’, польск. przetalina ’тс’. Дэрываты ад *прата́ць ’растаць, утварыўшы праталіну’, *прата́лы ’расталы (снег, лёд)’, што адлюстроўвае варыянтнасць та́яць/‑таць (параўн. пата́ць, адта́ць (Стан.), аналагічную да стая́ць ста́ць, гл. таяць. Банькоўскі (2, 915) бачыць кантракцыю ў польск. przetalina < *przetajalina. Гл. таксама тал, талона.

Прата́ліцца ’растаць месцамі’ (ашм., Сцяшк. Сл.). Дэрыват ад праталіна.

Пратану́ць (у лаянцы) ’згінуць, прапасці, утапіцца’ (Шат.). З патануць з заменай прыставак па‑ на пра- (пад уплывам прапасці?).

Пратапо́п ’святар (іерэй) вышэйшага чыну’ (ТСБМ), пратапо́па ’протаіерэй’ (Нас.). З рус. протопо́п (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 74). Стараж.-рус. протопопъ, серб.-ц.-слав. протопопъ. З грэч. πρωτοπαπᾶς (Фасмер, 3, 384), дзе πρωτο‑ — узмацняльная прыстаўка (ад πρωτοδ ’першы’) і πάππας ’бацька; бацюшка’ (Фасмер, там жа, 383; Праабражэнскі 2, 136).

Пратарнава́цца ’памучыцца, папакутаваць’ (астрав., Сцяшк. Сл.). Да тарнава́цца ’прыстасоўвацца, звыкацца’ (гл.).

Пратасо́к ’верхняя частка грабель з зубамі’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Дэрыват ад *працясаць < *цясаць (гл. цесля) з узнаўленнем этымалагічнага параўн. пін., стол. по́тэсь, драг. по́тась ’прасніца’; аб апошніх гл. Арашонкава, Бел.-польск. ізал., 4. Відаць, маюцца на ўвазе драўляныя граблі, у якіх вычэсваецца гэта частка грабель.

Пратасэ́я, пратасе́я. Гл. пратэса.

Пратаўчы́ ’заскварыць’ (воран., Сл. ПЗБ). Прэфіксны дэрыват ад таўчы́ з нявызначанай прыстаўкай пра-, звычайна за‑, параўн. затаўчы́ ’заправіць’; гл. яшчэ затаўка. У аснове слоў, відаць, літ. taukãi ’тлушч, сала’, параўн. тук (гл.).

Пра́таць1 ’прыбіраць’, ’засоўваць, запіхваць (рукі)’ (Нас.), ’прыбіраць, упарадкоўваць, чысціць’, ’даглядаць’, ’хаваць’ (свісл., Сл. ПЗБ; Шатал., Сцяшк. Сл.), ’ачышчаць ад карэнняў, кустоў’ (Стан.). Параўн. рус. пря́тать, пря́чу ’хаваць’, опря́тный ’ахайны, чысты’, пря́танье ’карчаванне зямлі пад ворыва’, опря́тывать ’прыбіраць, упарадкоўваць’, ’адзяваць нябожчыка’, укр. пря́тати ’прыбіраць, упарадкоўваць’, ’хаваць’, ст.-рус. с(ъ)прѧтати; польск. sprątać ’прыбіраць’, sprzęt ’начынне, прыбор’, серб.-харв. прѐтати ’закопваць, засыпаць попелам’, спре̏тан ’лоўкі’, славен. spréten ’годны, лоўкі, жвавы’, балг. опре́там се ’падрыхтоўваюся да працы’, ст.-слав. прѧтати ’ціснуць, прыгнятаць; перашкаджаць’. Прасл. *prętati з першасным значэннем ’рваць, вырываць, расчышчаць зямлю пад сяўбу’ (Мяркулава, Этимология–1974, 70), магчыма, звязанае з *prędati, *pręsti (гл. пратаць2 ’біць’), паводле Куркінай (Балто-слав. иссл., 15, 201), з першаснай семантыкай ’рэзка рухаць, тузаць’. Іншая пашыраная версія — аб роднасці з прут (*prǫtъ); гл. Праабражэнскі 2, 145 і наст.; Брукнер 436; аднак Фасмер (3, 396) указвае на семантычны недахоп гэтай этымалогіі — *prętati не мае значэння ’аплясці, плясці’. Супастаўленне з с.-в.-ням. sprenzen (Мацэнаўэр, LF, 14, 403; Младэнаў, 515) Фасмер (там жа) таксама лічыць сумнеўным, паколькі апошняе звязана са слав. *prędati (гл. пра́даць). Агляд іншых версій гл. ESJSt, 12, 710–711. Гл. таксама апратаць.

Пра́таць2, пря́таць ’біць, лупцаваць’ (Нас., Бяльк., Юрч.), ’біць бялізну’ (Інстр. 1). Этымалагічна тое ж, што і пратаць1; змяненне значэння адбылося ў выніку семантычнай кантамінацыі з дзеясл. праць (гл.).