Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трупе́хавы ‘трухлявы, збуцвелы, гнілы’ (Бяльк.), трупе́хлы ‘гнілы, ломкі ад гніласці, спарахнелы, трухлявы’ (Нас., Байк. і Некр., Бяльк., Касп., Ласт., Нік., Оч., Варл., Юрч., Сцяшк. Сл.; мёрск., Нар. сл.; в.-дзв., Шатал.), трупе́хліна ‘твань, гніль, трухля’ (Касп.; в.-дзв., Шатал.), ‘гнілое дрэва’, ‘нямоглая жанчына’, ‘зусім слабая асоба’ (Юрч. СНЛ), трупяхля́вый ‘падгнілы’ (там жа), трупе́хнуць ‘трухлець, парахнець, гніць да трухлявасці, распадацца’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Касп., Нік., Оч.; в.-дзв., Шатал.; полац., Нар. лекс.). Параўн. рус. дыял. трупе́хлый, трупе́рхлый ‘трухлявы, гнілы (пра дрэва)’, смал. трупе́хнуть ‘рабіцца трухлявым’. У аснове назоўнік *трупеха, вытворны ад труп, гл.; параўн. укр. трупахи́, трупехи́ ‘від сліў’, якія ўзводзяцца да струп (ЕСУМ, 5, 454). Параўн. палаталізаваны варыянт, гл. трупешлы.

Трупе́ць ‘выдаваць глухі гук (пра гнілое дрэва)’: шула ў сярэдзіне трупіць (Шат.). Звязана з трупаць, гл.

Трупе́шлы ‘спарахнелы, струхлелы’ (Сцяшк. Сл.; навагр., З нар. сл.), трупе́шка, трупе́шына ‘гнілое спарахнелае дрэва’ (Юрч. СНЛ, Сцяшк. Сл.), трупе́шыцца ‘трупехнуць, гніць’ (Юрч. СНЛ). Укр. зах. тру́пішати ‘тс’, ‘нішчыцца’, якое, паводле ЕСУМ, 5, 657–658, запазычана з польскай мовы, параўн. ст.-польск. trupieszeć ‘моршчыцца, парахнець, не рассыпаючыся’, і выводзіцца з trupieć ‘гніць, трухлець (аб дрэве)’ < trup ‘труп’, параўн. strupieszały ‘трухлявы, спарахнелы; змярцвелы’. Пра магчымую ўсходнеславянскую крыніцу ўтварэння сведчыць укр. тру́пеші ‘від сліў’ (там жа, 5, 454).

Трупёрда ‘дзябёлая, лянівая дзеўка ці баба’ (рас., Краязн. газ., 2014, № 10). Параўн. рус. трупёрда ‘тс’, ‘абжора’, ‘вялы, непаваротлівы чалавек’, трупёрдый, трупёдрый ‘здаровы, дзябёлы’. Экспрэсіўнае рэгіянальнае беларуска-рускае ўтварэнне на аснове дзеяслова тру́паць ‘біць, стукаць’, параўн. рус. крепко сбитый ‘здаровы, дзябёлы’ з ад’ідэацыяй да *pьrděti (гл. пярдзець). Фасмер (4, 109) мяркуе пра сувязь з труп, гл.

Трупі́знік ‘малы лясок, маладняк’ (Ян.). Няясна; відаць, звязана з укр. трипиза́ ‘непраходнае месца, бездарожжа’ няяснага паходжання (ЕСУМ, 5, 640); сюды ж, магчыма, трэбэза́ ‘густы зараснік на балоце ці рацэ’ (Бес.), trapeza, trepeza ‘ламачча, хвораст’, ‘багна’ (гл. трапеза1). Апошнія Лапіч (БЛ, 11, 64) звязвае з літ. trapus ‘крохкі, слабы’, што праз літ. traupùs ‘рэдкі, няшчыльны’, trupėti ‘крышыць, драбіць’ дае магчымасць узвесці да прасл. *trupiti, утворанага ад *trupъ (гл. труп). Аднак фанетычныя і семантычныя адрозненні не дазваляюць аб’яднаць названыя словы этымалагічна. Гл. таксама трапяза.

Тру́пка ‘лодка, выдзеўбаная з калоды’ (беш., Нар. сл.), тру́бка, тру́бачка ‘выдзеўбаная з асіны лодка’ (мёрск., Жыв. НС). Прымаючы пад увагу архаічны спосаб вырабу лодкі і захаванне ў іншых славянскіх мовах значэння ‘судна, корпус судна’ ў словах, што ўзыходзяць да прасл. *trupъ, можна лічыць назву вынікам не фанетычнага запісу, а ўтварэння ад труп ‘калода, бервяно’, а іншую форму — вынікам народнаэтымалагічнага збліжэння з труба (гл.).

Трупне́ць1 ‘бразгатаць, брынчаць (пра надтрэснуты посуд)’ (ТС; люб., Сл. ПЗБ). Каўзатыў ад трупнуць ‘стукнуць’, гл. трупаць.

Трупце́ць ‘утвараць глухі нячысты гук (пра надтрэснуты посуд, яйка)’ (ТСБМ, Шат., Янк. 3.; навагр., карэліц., стаўб., Нар. сл.), ‘трымцець’ (Сцяшк. Сл.), ‘трымцець, як пабіты гаршчок ці збан’ (Абабур.; пух., лях. Сл. ПЗБ): горшчык трупціць, мабыць пабіты (Сержп. Прык.), ‘лопацца (пра скуру пры гарэнні)’ (пух., Сл. ПЗБ). Грынавяцкене (LKK, 22, 196), разглядаючы выраз трупціць збан, бо трэснуў, запісаны ў в. Сіняўшчына Іўеўскага p‑на, выводзіць слова непасрэдна з літ. trupė́ti ‘драбіць, распадацца’; хутчэй крыніцай слова магла быць форма trùpti ‘крышыцца, распадацца’ або намінатыўнае ўтварэнне ад літ. trùputis ‘крышка, асколак, маласць’, роднасныя слав. *trupati, *trupъ, параўн. Смачынскі, 693. Гл. трупаць, труп. Сюды ж трупця́к ‘надтрэснутае, пабітае яйка’ (капыл., Жыв. сл.).

Тру́пша іран. ‘той, хто многа есць’ (маст., Сл. рэг. лекс.). Экспрэсіўнае найменне ад трупа́ць (гл.) з суф. ‑ша, які ўтварае назвы асоб паводле ўласцівага ім дзеяння («з экспрэсіяй зніжанасці», гл. Сцяцко, Афікс, наз., 76), хутчэй за ўсё, пад балцкім уплывам (параўн. адпаведны літоўскі суфікс, гл. Атрэмбскі, Gramatyka, 223–225).

Труп’ян ‘блёкат чорны, Hyoscyamus niger W.’ (чавус., Мат. Маг. 2). Няясна; магчыма, з дэфармаванага дурнапʼя́н ‘тс’ пры ад’ідэацыі лексемы труп — з-за атрутнага і адурманьваючага дзеяння расліны. Параўн. іншыя назвы расліны: дур‑трава, дыдыр, мардоўнік, укр. шалы.