Трупце́ць ‘утвараць глухі нячысты гук (пра надтрэснуты посуд, яйка)’ (ТСБМ, Шат., Янк. 3.; навагр., карэліц., стаўб., Нар. сл.), ‘трымцець’ (Сцяшк. Сл.), ‘трымцець, як пабіты гаршчок ці збан’ (Абабур.; пух., лях. Сл. ПЗБ): горшчык трупціць, мабыць пабіты (Сержп. Прык.), ‘лопацца (пра скуру пры гарэнні)’ (пух., Сл. ПЗБ). Грынавяцкене (LKK, 22, 196), разглядаючы выраз трупціць збан, бо трэснуў, запісаны ў в. Сіняўшчына Іўеўскага p‑на, выводзіць слова непасрэдна з літ. trupė́ti ‘драбіць, распадацца’; хутчэй крыніцай слова магла быць форма trùpti ‘крышыцца, распадацца’ або намінатыўнае ўтварэнне ад літ. trùputis ‘крышка, асколак, маласць’, роднасныя слав. *trupati, *trupъ, параўн. Смачынскі, 693. Гл. трупаць, труп. Сюды ж трупця́к ‘надтрэснутае, пабітае яйка’ (капыл., Жыв. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)