Трапе́за 1 (trapeza, trepeza) ’ламачча, хвораст’; ’багна’; ’вельмі дробнае збожжа’, ’мізэрны чалавек’ (Лапіч, Term. geogr.), трэбэза (trebeza) ’тс’ (там жа), трэбэза́ ’густы зараснік на балоце ці рацэ’ (Бес.). Параўн. польск. дыял. trapeza ’балота, твань’, trabeza ’багна, балота, зарослае хмызняком’, сюды ж, магчыма, і айконім Trpeza (Косава і Метохія). Грунтуючыся на семантыцы, Лапіч (БЛ, 11, 64) бачыць тут уплыў літ. trapùs ’крохкі, слабы’, што цяжка давесці. Няясна; магчыма параўнаць з рус. дыял. (паўн.-рус.) дребь ’балоцістая мясціна, парослая кустамі або лесам’, ’непраходнае балота’, ’багна, твань’, дре́би ’балота, парослае лесам, нетры’, відаць, роднасныя літ. drebė́ti ’дрыжэць, трэсціся’, лат. drebêt ’тс’ (SP, 4, 216, 225, 245), адносна варыянтнасці *trep‑/*dreb‑ гл. Махэк₂, 129. Па фанетычных прычынах немагчыма суаднесці са славен. trebež ’выкарчаванае месца, навіна’ (гл. церабіць).
Трапе́за 2 ’агульны стол для яды ў манастыры’, ’сам прыём яды за такім сталом’, ’сама яда’ (ТСБМ, Кольб.), аргат. тра́пез ’стол’ (Бандалетаў, Этимология–1980, 72). Праз царкоўнаславянскую са ст.-слав. трапеза, трапѣза, трепеза ’абедзенны стол’, ’гасціна, частаванне’, што з грэч. τράπεζα, якое са ст.-грэч. τράπεζα ’стол, абедзенны стол’, ’абед, яда’, а апошняе — з τέτταρα ’чатыры’ або τρεῑς ’тры’ і πέζα ’нага’ < ’дошка на трох ці чатырох нагах (ножках) — у выніку гаплалогіі ‑τα‑ выпала (Фасмер, 4, 94; Скок, 3, 492). Першае ўпамінанне Гамера: на шматлюдных банкетаваннях адзін стол служыў для некалькіх гасцей. На Балканах пасля прыняцця хрысціянства гэты грэцызм пашыраўся пераважна сярод манахаў у манастырах, цэрквах на ўсходнеславянскай тэрыторыі таксама ўжываўся як царкоўны тэрмін. Аргатычны тэрмін, відаць, з новагрэч. τραπέζι ’стол’ (Бандалетаў, там жа).