Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Прыпа́лы ’які прыспеў нечакана’ (Нас.). Да прыпадаць1 ’нечакана з’яўляцца’ (гл.).

Пры́паль ’прыпаяеце, падпаленае месца; рэч з прыпаленага матэрыялу’ (Нас.). Аддзеяслоўны дэрыват ад прыпаліць < паліць.

Прыпаміна́ць ’напамінаць’ (Яруш.), прыпа́мятаць ’прыпомніць’ (ТС), пріпамі́н ’успамін, згадка’, прыпамі́нка ’ўспамін, памятка’ (Бяльк.), прыпа́мятка ’знак на памяць’ (Нас., Гарэц., Байк. і Некр., Яруш.). Дэрываты ад па́мятаць (гл. памяць), по́мніць.

*Пры́панач, пры́поноч ’на світанні або змярканні’ (Клім.). Да по́нач, по́начы (гл.).

Пры́па́р1, пры́пыр, прі́пър, прі́пыр ’душная гарачыня, спякота ў паветры ад сонца; напружаная летняя праца ў полі (у час касьбы, жніва)’ (ТСБМ, Нік. Очерки, Шн. 2, Ласт., Касп., Хрэст. дыял., Сл. ПЗБ; міёр., Жыв. НС; полац., ушац., беш., віц., гарад., леп., ЛА, 2; в.-дзв., рас., полац., беш., барыс., акц., ЛА, 3), збіць пры́пар ’парабіць амаль усю работу’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), прыпа́рка ’гарачае вільготнае надвор’е’ (Раст.), пріпа́р ’тс’ (Бяльк.), вытворныя прыпа́рніца, пры́парніца, пріпырніца, пры́парка ’пара збору ўраджаю; самы спякотны час летняй працы, калі больш за ўсё парыць’ (Нік. Очерки, Касп.; брасл., красл., Сл. ПЗБ; полац., сен., ЛА, 3), пры́парнік, пры́парніца ’той (тая), хто нанімаецца на працу на час напружанай летняй працы ў полі’ (Нік. Очерки). Параўн. рус. дыял. припа́р, припа́рина, припа́рка ’гарачае надвор’е пасля дажджу; прыпарка’. Дэрываты ад прыпа́рыць < па́рыць (гл.).

Прыпа́р2 ’папар’ (Ян.). Параўн. рус. арханг. пропа́рить ’пакінуць пад папар (пра зямлю)’. Гл. папа́р.

Пры́парамак, пры́паромок, пріпоро́мок ’прыстань, прычал для парома; паром, зроблены, як лодка’ (Ласт.; карэліц., петрык., З нар. сл.; Маслен., ТС). Рус. припаро́мок ’невялікі паром на дзвюх лодках’; ’прыстань для парома’. Конфікснае пры‑ + ‑ак утварэнне ад паром (гл.).

Прыпа́с ’тое, што прыпасена; прыпасы; сродак самаабароны (зброя і пад.)’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., ТС), мн. л. прыпа́сы ’запасы’ (вільн., Сл. ПЗБ). Рус. при́па́с, припа́сы ’запас; прыпасы’, дыял. ’маёмасць, каштоўнасць’. Дэрыват з нулявым суфіксам ад прыпаса́ць, гл. запа́с.

Прыпа́сак ’падпасак’ (брасл., Сл. ПЗБ), прыпа́сач, прыпа́сыч ’тс’ (ТС, Сл. Брэс., ЛА, 1). Рус. пск., цвяр. прыпа́сок ’тс’, укр. припаса́ти ’пасвіць’. Дэрыват з суфіксам ‑ак ад *прыпаса́ць або ад падпа́сак з заменай прыстаўкі под- на пры‑.

Прыпаса́цца ’прызвычаіцца’ (брасл., Сл. ПЗБ). Няясна; магчыма, да пасава́ць (гл.).

Прыпаса́ць ’падперазаць; завязаць (фартух)’ (Сл. ПЗБ; іўеў., ЛА, 4). Да пас (гл.).