Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэгава́нне ’матэрыял, якім пакрываецца вата пры пашыве ватняга адзення’ (шальч., Сл. ПЗБ). Гл. рыгаванне.

Рэга́лы ’калёсы для перавозкі снапоў і сена’ (брасл., Сл. ПЗБ), рыґалы ’спецыяльная рама на возе’ (пух., Жыв. сл.). Рус. ре́гель ’падпорка, перакладзіна; даўгая тонкая планка’. Відаць, з польск. rygiel ’бэлька’ < сяр.-н.-ням. regel ’рычаг, падпорка’, першакрыніца нар.-лац. regula ’кій, планка’ (Фасмер, 3, 457). Форма дры́галы ’жэрдкі, прымацаваныя да калёсаў вазіць бярвёны’ (Стан.) утварылася паводле народнай этымалогіі ад дрыгаць.

Рэ́галь ’невялікі пераносны арган XVI–XVIII ст.’ (Булыка, СІС). Ст.-бел. рекгалъ (регалъ) ’невялікі арган’ < ст.-польск. regał ’тс’ < ням. Regal ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 166).

Рэ́гаць, ры́гаць ’рыпаць, брымкаць’ (ТС), рэгацца ’моцна брахаць’ (Ян.). Славен. ré̥gati ’квакаць’, серб. і харв. ре̏гати, регѐтати ’рычаць’, ре̏га ’рык’. Прасл. *regati, гукапераймальны корань *rech‑ (Бязлай, 3, 167). Гл. яшчэ рогат.

Рэге́ля, рагеля ’від кломлі (рыбалоўная прылада)’ (ТС). Укр. раге́ля ’рэдкая сетка для лоўлі ракаў’. Магчымая сувязь з літ. назвай палазоў для перацягвання бараны ragelės. Параўн. семантыку назваў рыбалоўных прылад полаз (гл. полаз2), сані.

Рэ́гент ’часовы правіцель манархічнай дзяржавы; дырыжор хору, пераважна царкоўнага’ (ТСБМ). Ст.-бел. реентъ ’начальнік канцылярыі’ < ст.-польск. regent, rejent < лац. regēns, ‑ntis ’кіраўнік’ (Булыка, Лекс. запазыч., 59). Значэнне ’дырыжор’ з рус. ре́гент ’тс’.

Рэгеро́й ’руберойд’ (Сл. ПЗБ). Скажонае руберойд (гл.) з адпадзеннем канцавога зычнага.

Рэ́гі1 мн. ’маленькі ручаёк, які сцякае па чым-небудзь’ (Янк. Мат.). Гл. рага.

Рэ́гі2 мн. л. ’рогат’ (Стан.). Бязафікснае ўтварэнне ад рэгаць (гл.).

Рэ́гнуць ’прагнуць, жадаць’ (Ян.). Укр. регнути ’вельмі хацець’, польск. дыял. rechać się ’пра свінню: юраваць’, каш. reχac są ’тс’, палаб. ragni‑să ’рухаецца’. Прасл. *regnǫti звязана з дзеясловам *regotati. Тут значэнне ’смяяцца’ другаснае, першаснае — ’іржаць’. Цэлы шэраг дзеясловаў, якія абазначаюць роў жывёлаў, адначасова абазначаюць і працэс цечкі, гону, бо звычайна менавіта гэты перыяд характарызуецца ровам, параўн. рус. рёв ’час цечкі ў скаціны; роў’. Слова рэгнуць — відаць, першапачаткова азначала ’быць у перыядзе полавай актыўнасці’, а потым набыло больш адцягненае значэнне ’хацець, імкнуцца’. У плане семантыкі параўн. яшчэ в.-луж. rjut ’спешка, страснае жаданне’ < *rʼuti ’раўці’ (Мяркулава, Этимология–1974, 61).

Рэ́готы ’драўляная пасудзіна ў выглядзе карыта, у якой мялі сукно’ (З нар. сл., Сл. Брэс.). Няясна. Магчыма, звязана з польск. rechot ’роў, напоўнены вадой’, бо першапачаткова для апрацоўкі сукна маглі выкарыстоўваць роў з вадой, а пазней ужо пасудзіну. Польскае слова Ліндэ выводзіць з франц. Rechaud de rempart ’абарончы вал; роў’ (Ліндэ, 5, 34). Магчымая семантычная паралель: польск., чэш. koryto ’рэчышча’ — карыта ’пасудзіна’.