Рэ́гнуць ’прагнуць, жадаць’ (Ян.). Укр. регнути ’вельмі хацець’, польск. дыял. rechać się ’пра свінню: юраваць’, каш. reχac są ’тс’, палаб. ragni‑să ’рухаецца’. Прасл. *regnǫti звязана з дзеясловам *regotati. Тут значэнне ’смяяцца’ другаснае, першаснае — ’іржаць’. Цэлы шэраг дзеясловаў, якія абазначаюць роў жывёлаў, адначасова абазначаюць і працэс цечкі, гону, бо звычайна менавіта гэты перыяд характарызуецца ровам, параўн. рус. рёв ’час цечкі ў скаціны; роў’. Слова рэгнуць — відаць, першапачаткова азначала ’быць у перыядзе полавай актыўнасці’, а потым набыло больш адцягненае значэнне ’хацець, імкнуцца’. У плане семантыкі параўн. яшчэ в.-луж. rjut ’спешка, страснае жаданне’ < *rʼuti ’раўці’ (Мяркулава, Этимология–1974, 61).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)