Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Морс ’ягадны або фруктовы напітак’ (ТСБМ). Ст.-рус. морсъ ’тс’, ’пладовы сок’ (XVI ст.). Найбольш верагодна збліжаць з рум. múrsă, mórsa ’сыта’, ’сок, вадкасць’, ’морс’, якія з лац. mulsa ’сыта, напітак з мёду’ (Цікцін, 2, 1023; Фасмер, 2, 658).

Морфій ’хлорыставадародная соль марфіна, якая ў медыцыне ўжываецца як наркатычны заспакаяльны, болесуцішальны і снатворны сродак’ (ТСБМ). З рус. морфий, якое з ням. Morphium < лац. Morpheus ’імя бога сну, сына Сну і Ночы’ < ст.-грэч. Μορφεύς ’які стварае форму’ (Фасмер, 2, 659; Сл. иностр. сл., 1988, 331).

Морхлы ’маршчыністы, звялы, завялы’ (ТС), морхнуць ’маршчыніцца’ (ТС). Да моршчыцца (гл.).

Моршак ’смаржок’ (лун., Шатал.). У выніку ўздзеяння лексемы маршчыны лексема смаржок згубіла с‑ і ‑ж‑ змяніла на ‑ш‑. Да смаржок (гл.).

Моршанкі, моршні ’прымітыўны скураны абутак’ (Малч.). З рус. поршни, поршень ’тс’, ст.-рус. поръшьнь, якія Вахрас (Наим. об., 157, 160) збліжае з рус. порхлый ’рыхлы, мяккі’ (гл. таксама Фасмер, 3, 337). М‑ пад уплывам лексемы маршчына, моршчыць. Тое ж і ва ўкр. морщун, сумск. моршень ’прымітыўны абутак з аднаго кавалка скуры’.

Моршчыцца, моршчыць ’збірацца ў маршчыны’, ’моршчыць твар’, ’пакрывацца рабізнай (аб паверхні вады)’ (ТСБМ, Шат., Сл. ПЗБ; мсцісл., Жыв. сл.), моршч, моршча́к, моршчэнік ’маршчына’ (ТС), моршчы ’маршчыны’ (гродз., КЭС). Укр. мо́ршчити, моршо́к, мо́рщина, рус. морщить, морщина, ст.-рус. съмърсканъ ’зморшчаны’, польск. marszczyć, н.-луж. maršćiś, в.-луж. zmorsk, moršćić, чэш. mraštiti, ‑mrsknouti, славац. mŕštiť, mraštiť, славен. mŕščiti, серб.-харв. мр̏штити се, смр̏скати, мр̏ска, макед. мршти се, балг. мръщя, ст.-слав. съмръснѫти ’моршчыць’. Прасл. mьrsk‑/morsk‑, да якіх роднаснымі з’яўляюцца лат. mãrskla ’складка тлушчу, валлё-падбародак’, mãrskna ’тс’ (Мюлёнбах–Эндзелін, 2, 584; Фасмер, 2, 659; Бязлай, 2, 203), ст.-інд. mū́rcchati ’дранцвее, шэрхне, гусцее’, якое з *mr̥sk‑ (Махэк₂, 380). Гл. таксама моршчы.