Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Лупе́нік ’масляк’ (лід., Сцяшк. Сл.), шчуч., баранав. лупе́нікі, іўеў. лупі́ннік ’тс’ (Сл. ПЗБ). Да лупі́ць1 (гл.). Матывацыя: у іх лёгка лупіцца скурка шапачкі. Параўн. таксама славац. łupinki ’апенькі сапраўдныя’.

Лупе́нікі ’бульба ў мундзірах’ (ваўкав., Сцяшк. Сл.). Да лупі́ць1 ’здзіраць скуру’ (гл.). Аб суфіксе ‑ень, да якога пазней далучыўся ‑ік‑і, гл. Сцяцко (Афікс. наз., 38–39).

Лу́пень, зарабі́ць лу́пня ’быць адлупцаваным’ (жытк., Нар. словатв.), лу́пе́нь ’лупцоўка, калатня’, ’непамерная плата’, даць лу́пня, заробіць лу́пня ’атрымаць лупцоўку’ (ТС). Укр. да́ти лу́пня, рус. разан. дать лупака́, урал. лу́панцы ’біццё’, укр. жытом. лупанець ’удар рукой’, польск. dać łupnia, якое, магчыма, запазычана з усх.-слав. моў (Слаўскі, 5, 333). Там жа даецца і прасл. форма lupьnjь, якая да lupiti > лупі́ць ’моцна біць, лупцаваць’.

Лупе́ха — зняважлівае слова на кабету з тоўстымі вуснамі (КЭС, лаг.). Адпрыметнікавае ўтварэнне (< лупаты) з суфіксам ‑ех‑а (Сцяцко, Афікс. наз., 100). Да лу́па1 (гл.).

Лупе́ш ’перхаць’ (навагр., Жыв. сл.). Да лупе́ж (гл.). Аднак у гэтым значэнні лексема, відавочна, запазычана з польск. мовы, дзе яшчэ ст.-польск. łupież ’тс’ (XVI ст.).

Лупе́шыць ’лупцаваць’ (Ян.). Гл. лупа́сіць.

Лу́пік ’лазіна, з якой садрана кара’ (ТС). Да лупі́ць ’здзіраць кару’. Суфікс ‑ік, як ду́бчык, драг. бэ́чік ’пуга’.

Лу́піна ’губа’ (докш., Янк. Мат.), ’тоўстая губа’ (міёр., Нар. словатв.). Да лу́па1 (гл.).

Лупі́на ’вонкавая абалонка плода, семя’, ’шкарлупіна ад яйка’, ’высеўкі’ (ТСБМ, Бес., Сцяшк., Сл. ПЗБ), лупі́нка ’скура льнянога семя’ (Уладз.), лупі́ны ’бульбяныя ачысткі, адходы пасля ачысткі пладоў, семя, караняплодаў’ (ТСБМ, Бес., ТС, Вешт., Сцяшк.), лупі́нне ’шалупіны’ (ТСБМ). Укр. лупи́на, польск. łupina, палаб. lai̯pai̯nə, н.-луж. łupina, lupʼiny, upʼiny, в.-луж. łupizna, łupina, lupina, чэш. lupina, мар. łupina, славац. lupina, славен. lupína, lupinja, серб.-харв. лу̀пина, љу̀пина, лу̏пина, ц.-слав. лупина. Прасл. lupina ’абалонка, покрыва чаго-небудзь: шалупайка, шкарлупіна, лушпіна, кара, луска, ракавінка’ ўтворана ад lupiti > лупі́ць1 (гл.). Такі ж суфікс і ў літ. lupynà ’скурка, лупіна, луска’, ’худы конь’ (Слаўскі, 5, 341). Гл. Liet. term. 182, дзе Грынавяцкене і інш. бел. лексему выводзяць з літ.

Лу́піны ’драпіны’ (Гарэц.), лупі́ны ’тс’ (Дразд.). Да лупі́ць1 ’драць’ (гл.). Аб суфіксе ‑ін‑ы гл. Сцяцко (Афікс. наз., 42).

Лупі́ць1, лупі́ті, лупэ́тэ, лупы́ты ’знімаць лупіну, кару, лушчыць’, ’ачышчаць вараную бульбу’, ’абіраць’ (ТСБМ, Гарэц., Шпіл., Шат., Касп., Бяльк., Клім., Мат. Гом., Сцяшк., ТС, Выг., Вешт.), ’знімаць скуру з забітай жывёлы’ (Сл. ПЗБ), ’моцна біць, лупцаваць’ (ТСБМ, Жд. 1, Грыг., Бяльк., Нас., Растарг., Касп., Клім., Нар. Гом., Сл. ПЗБ), лупіць кожу (шкуру) ’сцябаць з лютасцю’ (Юрч. Фраз. 2), ’браць хабар, або вялікія працэнты’ (Нас.), ’хутка есці’, ’піць залпам’ (Нас.), ’моцна стукаць’, ’разрываць на часткі’, ’многа і прагна піць’, ’моцна ліць (пра дождж)’, ’забіраць апошняе’ (Сл. ПЗБ), ’драць’ (Яруш.), лупі́ць вочы ’пільна глядзець з шырока расплюшчанымі вачамі’ (ТСБМ, Нас.; Юрч. Фраз., 2), лупі́ць зубы ’скаліць зубы, смяяцца без прычыны’, ’гультаяваць’ (Ян.; паўн.-усх., КЭС; лельч., Нар. лекс.); лупі́цца ’лушчыцца’, ’абдзірацца’, ’аблазіць’ (ТСБМ, Анох., ТС), ’моцна крычаць’ (Шат.). Укр. лупи́ти, лупи́тися, рус. лупи́ть, лупи́ться, ст.-рус. лупить; польск. łupić, łupić się, н.-луж. łupiś, чэш. loupiti, мар. łúpit, славац. lúpiť, lupic, lúpiť sa, славен. lúpiti, lúpiti se; серб.-харв. lúpiti, lupȉti, лупити, љу́пити се; макед. лупам, лупам се, лупи, лупа, лупа се, балг. лупя, лупам, лупе, лу́пя се. Прасл. lupiti () ’знімаць верхнюю абалонку (лупіны) чаго-небудзь, здзіраць кару, скуру з жывёлы’, ’лушчыць’, ’адбіраць маёмасць, грабіць’, ’біць, стукаць, удараць, лупцаваць’ першапачаткова было ітэратывам (Слаўскі, 5, 327–333). Роднаснымі да яго з’яўляюцца: ap‑laupýti ’абабраць’, laupýti ’адломваць хлеб па кавалку’, ’лупіць, біць на кавалкі, крушыць; знімаць скуру’, ’рабаваць’, ’есці, грызці’, ’марнатравіць’, лат. làupît ’абдзіраць, грабіць’ і пачатковыя асноўныя літ. lùpti ’драць, лупіць, аднімаць гвалтам’, ’эксплуатаваць’, ’цяжка працаваць’, ’разворваць папар’, ’біць, хвастаць, сцябаць’, ’грэбсціся (аб курах)’, лат. lupt ’лушчыцца, адрывацца слаямі’, ст.-інд. lumpáti ’ломіць, псуе’; магчыма, сюды ст.-грэч. λύπη ’журба, смутак’, λύπρος ’варты жалю’, гоц. laufs, ст.-в.-ням. loub ’лістота’, ст.-в.-ням. louft ’кара, лыка’, ням. laufen, läufeln ’лузаць арэхі’. Агляд л-ры, апрача вышэйзгаданай, гл. у: Фасмер (2, 534–535); Скок (2, 331–332), які адрознівае lūpȉti ’лупіць, лушчыць’ і lȕpiti ’біць’, ’наесціся, напіцца’, ’трызніць’; Махэк₂ (344), які ў lupati/lupiti выдзяляе асноўнае значэнне ’выдаваць кароткія глухія гукі (тыпу гука П), якія атрымліваюцца, калі лупіць садавіну, гародніну, або калі што-небудзь трэскаецца, трашчыць’, далей ’біць’, ’хутка, прагна есці, піць’; Шустэр–Шэўц (11, 789) лічыць дзеясловы lupati/lupiti гукапераймальнымі з lup‑; Бязлай (2, 156–157) услед за большасцю этымолагаў сцвярджае, што нельга аддзяляць lupiti ’лупіць, лушчыць’ ад lupiti ’біць’, ’рабаваць’. Тое ж БЕР, 3, 519–521. Сюды ж лу́пнуць ’ударыць’ (Мікуц.).

Лупі́ць2 ’рваць (траву)’ (уздз., Жд. 1), ’касіць траву’ (светлаг., Мат. Гом.) — семантычнае запазычанне з літ. мовы (Чэкман, Baltistica, 8 (2), 150–151). У сувязі з гэтым параўн. лупі́ць1 ’драць’ (Яруш.) і літ. laupýti ’тс’.