Збу́цве́ць, збутле́ць, збутне́ць, збутве́ць ’згнісці, сапрэць, струхлець’ (Сл. паўн.-зах.). Відаць, да буцвець, звязанага з батва (гл.).
Збы́ткі ’жарт’ (Сцяц.), слонім. ’кпіны’ (Нар. лекс.). Параўн. збытак ’лішак’. Параўн. рус. избыток ’лішак’, укр. збитки ’страты, шкода’, дыял. ’жарты’, польск. zbytki ’свавольства’, zbytek ’лішак’, ’рэч, без якой можна абысціся’, чэш. zbytek ’лішак’, славац. уст. zbytok ’тс’, серб.-луж. zbytk ’тс’. Значэнне ’жарт’, відаць, лакальнае развіццё знач. ’свавольства’, таму, магчыма, з польск. Гл. быць.
Збэ́йсаць ’згубіць’, мсцісл. ’дарэмна растраціць’ (Юрч. Фраз. 2), збайса́ць ’згубіць, аддаць, знасіць’ (Мат. Гом.), ’здратаваць, стаптаць, знішчыць’ (Бяльк.). Няясна. Магчыма, ад бэйбас, байбак ’гультай’ (гл.): *з‑бэйбас‑аць ’прагультаяваць’? Параўн. яшчэ лат. bèigts ’закончаны, згублены, мёртвы’, beĩgas ’канец, смерць’. Гл. яшчэ збэ́рсаць.
Збэ́рсаць ’скруціць, зматаць’ (Сл. паўн.-зах.), слонім. ’зрабіць кепска, сапсаваць’ (Нар. лекс.). Гл. барсаць. Лаўчутэ (Сл. балт., 100–101) прапануе аддзяліць бэрсаць ’рабіць кепска, псаваць’ ад барсаць ’працягваць аборы ў лапці’, але бэрсаць і ’блытаць (ніткі)’, а таму такое раздзяленне няпэўнае.