Буда́ч, буда́ш, будала́ш. Гл. буда́н.
Будво́рыца ’выган за вёскай’ (Касп.). Параўн. рус. дыял. будво́рицы ’месца, дзе канчаецца сяло, вёска і пачынаецца поле, луг, лес’. Можна меркаваць, што слова таго ж тыпу, што і буго́ня (гл.), г. зн. паходзіць ад *абудво́рыца, якое складаецца з *обы‑ ’абодва’ і двор (суф. ‑іца). Першапачаткова *’месца абапал двароў’. Таксама можна думаць і пра зыходнае *абадво́рыца, дзе *аба‑ (> бу‑) — прэфікс *ob(ъ). Тады першапачаткова *’месца навокал двароў’. Краўчук, БЛ, 1974, 5, 64.
Будзі́льнік (БРС, Сцяшк. МГ). Мабыць, запазычанне з рус. буди́льник ’тс’ (утварэнне ад буди́ть; падрабязней гл. Шанскі, 1, Б, 210).
Будзі́ць (БРС, Касп., Бяльк.). Рус. буди́ть, укр. буди́ти, польск. budzić, чэш. buditi, ст.-слав. боудити, балг. бу́дя, серб.-харв. бу́дити і г. д. Прасл. *buditi *budi̯ǫ — каузатыўная форма да *bъděti. І.‑е. *bheu̯dh‑ ’назіраць, сачыць, заўважаць, не спаць і г. д.’ дае наступныя аблаутныя ўтварэнні: 1) *bheu̯dh‑; адсюль слав. *blʼud‑ (< *bi̯ud‑): *blʼusti *blʼudǫ — бел. блюсць (Нас., Бяльк.), блюдкі, блюдо́к ’ашчадны’ (Нас.), рус. блюсти́, ст.-слав. блюсти блюдѫ, ст.-серб.-харв. бљусти, параўн. ст.-інд. bṓdhati ’прачынаецца, заўважае’, грэч. πεύθομαι ’пазнаю, не сплю’; 2) *bhou̯dh‑; адсюль слав. *buditi *budi̯ǫ; 3) *bhudh‑; адсюль слав. *bъdeti *bъdi̯ǫ — рус. бдеть, чэш. bdíti, ст.-слав. бъдѣти, балг. бдя і слав. *bъdrъ ’бадзёры, жвавы’ (бел. бадзёры, бо́дзер, рус. бо́дрый, укр. бо́дрий, ст.-слав. бъдръ і г. д.). Фасмер, 1, 178, 184, 230; Бернекер, 64, 96, 105; Траўтман, 32.
Бу́дні, бу́дзень, будзённы. Рус. бу́дни, бу́день, бу́ддень, бу́дний, укр. бу́ддень, буде́нний. З будьнъ дьнь (параўн. польск. budny dzień) да *budьnъ : *buditi. Гл. Фасмер, 1, 229 (там і агляд іншых версій); Шанскі, 1, Б, 212.
Будо́ўля ’будынкі; будаванне’ (БРС, Др.-Падб., Бяльк., Гарэц., Інстр. I, Нас.). Укр. буді́вля, польск. budowla. Няяснае слова. Сувязь з бу́да́, будава́ць, буды́нак бясспрэчная, але якая? Няясныя таксама адносіны паміж усх.-слав. і польскім словам. Брукнер, 46, лічыў, што польск. budowla (як і torgowla) з усх.-слав. моў. Лер-Сплавінскі, JP, 22, 111–117 (Studia, 184), думае, што budowla (суф. ‑owla) з’яўляецца польскім, не запазычаным словам.
Будуле́ц ’страявы лес’ (Сцяшк. МГ). Запазычанне з польск. budulec (а гэта з ням. Bauholz; Брукнер, 46).