Блашы́ца ’клоп’ (Сцяшк.). Магчыма, фанетычнае ўпрашчэнне слова блашчы́ца ’клоп’ (гл.). Але хутчэй за ўсё кантамінацыя з словам блыха́ (дыял. блаха́?).
Бле́дны (БРС, Касп.). Параўн. бляды́ (там і пра паходжанне). Укр. дыял. блі́дний, рус. бле́дный (дыял. бледо́й), балг. бле́ден (але і блед, бляд, гл. БЕР, 1, 54–55). Прасл. форма хутчэй за ўсё была blědъ. Калі існавала і паралельнае прасл. blědьnъ, то гэта была, відаць, прасл. дыялектная інавацыя. Магчыма, сюды і бле́ды ’бледны’ (Нас.).
Блеката́ць ’бляяць’ (Нас.), рус. блекота́ть, укр. блекота́ти, польск. blekotać, чэш. blekotati, славен. bleketáti. Гукапераймальнае ўтварэнне. Падрабязней гл. Фасмер, 1, 173; Шанскі, 1, Б, 137; Махэк₂, 56.
Блех ’луг ля рэчкі, дзе беляць палотны’ (Нас.); ’адбельваючы парашок’ (Влад.); ’хлорка’ (Інстр. I), блехаваць ’хларыраваць’ (Інстр. I); укр. бліх, бліхува́ти (ст.-укр. бле́хи, XVII ст.). Запазычанне з польск. мовы: польск. blech, blich ’месца, дзе беляць воск або палатно; бяленне’ (< ням. Bleiche, bleichen; параўн. bleich ’бледны, белы, светлы’; Варш. сл., 1, 164; Брукнер, 28); Рыхардт, Poln., 35; Кюнэ, Poln., 45; Шалудзька, Нім., 22. Рудніцкі, 148 (услед за Р. Смаль–Стоцкім), прымае непасрэднае запазычанне з ням. мовы. Сюды таксама блех ’роўнае месца’ (Касп.).
Бле́ха ’лямеш у плузе’ (Тарнацкі, Studia). Запазычанне з польск. дыял. blecha (blacha) ’тс’ (< ням. Blech). Тарнацкі, там жа. Адносна спрэчных момантаў гл. бля́ха. Параўн. яшчэ блешка ’бляха’ (Сцяшк. МГ).
Блехаваць ’хлараваць’ (Інстр. I), укр. бліхува́ти ’адбельваць (лён, палатно)’. Як і блех (гл.), запазычанне з польск. blechować, blichować (ням. bleichen). Шалудзька, Нім., 22; Рыхардт, Poln., 35. Наўрад ці ўсх.-слав. утварэнне ад блех (гл.). Няпэўна Рудніцкі, 148, які бачыць тут непасрэднае запазычанне з ням. мовы.
Бле́шня ’блясна’ (БРС). Рус. дыял. бле́сня́, блешня́, блёшка, укр. бле́шня. Фанетычнай трансфармацыяй з *бле́сня: група снʼ нярэдка пераходзіць у шнʼ (параўн. апо́шні, пале́шня). Параўн. Шанскі, 1, Б, 138. Гл. блясна́.
Блёкат расліна блёкат чорны, Hyoscyamus niger L.’ (Кіс., Шат., Касп., Нас., Бяльк., Шн., Бейл., Сцяшк. МГ, БРС, Янк. БП, Гарэц.), блёкот, ’тс’ (Маш., 135), блёкат ’высокі бур’ян’ (Мядзв.); таксама ’дуднік лясны, Angelica silvestris L.’ (Кіс.). Укр. бле́кіт, бле́кот, блекота ’тс’, таксама ’Aethusa; Cicuta’. Рус. блёкот, блекота́, польск. blekot, чэш. дыял. blekot ’Aethusa’, славац. bľakot. Паводле Махэка (Махэк, Jména rostl., 160; Махэк₂, 56), звязана з гукапераймальным дзеясловам тыпу blekotati (расліна вельмі ядавітая і выклікае галюцынацыі з бяссэнсавым балбатаннем). Іншая версія (Праабражэнскі, 1, 28–29; Рудніцкі, 144): да і.-е. *bhleik‑ і да т. п. ’ззяць’.
Блёхаць ’пляскаць, плюхаць’ (Янк. II), блёхаты ’тс’ (Клім.). Параўн. ст.-польск. blochać ’выкідваць, выліваць’. Можна думаць, што гэта гукапераймальныя ўтварэнні. Параўн. і плёхаць. Таксама гукапераймальным з’яўляецца блёўтаць ’плёхаць’ (Шат., Янк. III).