Блашчы́ца 1 ’клоп’ (Жд., Янк. БП, Сцяц., Сцяшк. МГ, Янк. I, Інстр. II, Выг. дыс., Арх. Бяльк., слонім.). Параўн. яшчэ блашы́ца ’клоп’ (Сцяшк.) і блашчы́ца ’блыха’ (Янк. II). Рус. дыял. блощи́ца ’клоп’, укр. блощи́ця ’клоп; блыха’, ёсць два тлумачэнні: 1) зыходнае *bloščica, слова, утворанае ад асновы *blosk‑, роднаснай з балт. *blaska ’плоскі’ (параўн. літ. blãkė ’клоп’, лат. blakts ’тс’). Так Бернекер, 62; 2) зыходнае *ploščica ад *plosk‑ ’плоскі’ (параўн. ст.-рус. площица ’вош’, рус. дыял. площи́ца ’тс’, польск. płoszczyca ’клоп’), а пачатковае б‑ з’явілася пад уплывам слова *blъcha ’блыха’. Так Брандт, РФВ, 21, 209; Развадоўскі, RS, 2, 108. Гл. яшчэ Брукнер, 419; Фасмер, 1, 177; Рудніцкі, 149 (услед за Аганоўскім), лічыць, што bloščica — утварэнне суфіксам ‑ica ад blъšьka (памяншальнае ад *blъcha: bloščica < *blъch‑ьk‑ica).
Блашчы́ца 2 ’блыха’ (Янк. II). Відавочна, семантычная кантамінацыя першаснага блашчы́ца ’клоп’ і блыха́ (блаха́?). Параўн. і блашы́ца ’клоп’. Ва ўкр. мове блощи́ця ’клоп’, але і ’блыха’. Не выключаецца (паколькі этымалогія слова *bloščica ’клоп’ няясная), што мае рацыю Рудніцкі, 149, які думаў пра паходжанне *bloščica ’клоп’ < *blošьčica (< blъš‑ьka + суф. ‑ica; усё ад *blъcha), г. зн., што першасным значэннем было ’блыха’?
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)