Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Блізару́кі (БРС, Сцяшк. МГ), рус. близору́кий. З близозоръкъ, близозорокий > близорокий. Гэта апошняе падверглася ўплыву слова рука́. Падрабязней Фасмер, 1, 175; Шанскі, 1, Б, 140.

Блі́зкі. Рус. бли́зкий, укр. бли́зьки́й, польск. bliski, чэш. blízký, ст.-слав. близъкъ, балг. бли́зък, серб.-харв. бли̏зак і г. д. Праслав. blizъkъ ’тс’. Слав. аснова bliz‑ лічыцца роднаснай лат. blaîzît ’давіць, сціскаць, жаць’, лац. flīgere ’біць’ і г. д. Як семантычныя паралелі параўн. грэч. ἄγχι ’блізка’ (ἄγχω ’завязваю’), франц. près, італ. presso ’блізка, ля’ (лац. pressus сціснуты’). Бернекер, 61; Слаўскі, 1, 34; Праабражэнскі, 1, 29–30; Фасмер, 1, 174. Неверагодна Махэк₂, 57 (да грэч. πλησίος, πλᾱτίος ’блізкі’).

Блізна́ ’блюзна’ (Бяльк., Шат., Сцяц., Сцяшк. МГ), блюзна́ (Нас.), блюзня́ (Бяльк.). Рус. близна́ ’шрам, рубец, рана, разрыў ніткі’, блюзна́, укр. бли́зна́ ’рана, рубец’, балг. близна́, серб.-харв. бли̏зна ’брак у тканіне’, в.-луж. błuzna ’рубец’, н.-луж. bluzna. Лічыцца ўтвораным ад таго ж кораня, што ў слав. bliz‑ ’блізкі’ (гл.). Фасмер, 1, 175; Бернекер, 61; Праабражэнскі, 1, 29, параўн. і Слаўскі, 1, 34–35.

Блік (БРС). Рус. блик, укр. блік. Новае запазычанне (у рус. мове з XVIII ст.) з ням. мовы (ням. Blick). Гл. Шанскі, 1, Б, 140.

Блін1 ’блін’. Рус. блин, укр. блине́ць. Слова ў гэтай форме пераважна ўсх.-слав. Зыходзячы з такіх форм, як ст.-рус. млинъ, укр. млине́ць, балг. млин, серб.-харв. мли̏нац, в.-луж. blinc//mlinc, н.-луж. młync і да т. п., звычайна лічаць, што першапачаткова было mlinъ (да прасл. melti ’малоць’), якое дысімілявалася (m–n > b–n). Так Сольмсен, KZ, 37, 589 і наст.; Міклашыч, 186; Праабражэнскі, 1, 30; Фасмер, 1, 175; Рудніцкі, 146. Ільінскі (РФВ, 61, 239 і наст.) разглядае форму блін асобна (яго рэканструкцыя: *бълинъ, якое быццам роднаснае ням. Beule ’шышка’), але гэта не пераконвае. Не пераконваюць таксама версіі пра запазычанне (аб гэтым Фасмер, 1, 175).

Блін2 ’млын’ (Сцяц.). Мабыць, дысіміляцыяй (м–н > б–н) з млін (гл. млын).

Блінда́ж (БРС). Рус. блинда́ж, укр. блінда́ж. Запазычанне з франц. blindage (< blinder ’рабіць незаметным’). Фасмер, 1, 175; Праабражэнскі, 1, 30; Шанскі, 1, Б, 141.

Бліндзя ’вярба, іва, Salix caprea’ (Маш., Урбуціс, Baltistica, V (1), 1969, 50). Польск. дыял. blindzia ’тс’. Запазычанне з літ. bliñdė, blindìs і да т. п. (Варш. сл., 1, 166; Урбуціс, там жа). Да літ. слова гл. Фрэнкель, 1, 49.

Блінькі́ ’мочкі ў вушах’ (Сцяшк. МГ). Здаецца, ад блін1: блін ’блін’ > ’штосьці круглае’ > ’мочка’. Параўн. бел. блі́нчык ’юшка’ (Касп.), рус. блин, блино́к ’тс’. Дакладней, бел. блінькі́ ўтворана ад памяншальнага *бліно́к.

Блі́скаць (БРС, Нас., Шат., Касп., Сцяшк. МГ), бліск (Касп.), блішча́ць (Шат., Касп.), блішчэ́ць (Бяльк., Нас., Касп.). Сюды далей блі́скавіца ’маланка’ (Шат., Сцяшк. МГ), бліскавіца (Бяльк., Касп., Нас.), блі́скаўка (БРС), блы́скавіца (Сцяшк. МГ). Укр. бли́скати, бли́скавка ’маланка’, блесті́ти, блища́ти, рус. блесте́ть, блиста́ть, бли́скать і г. д. Прасл. bliskati, blistati, bliskavica, *blьščati і г. д. Шмат вытворных і ў іншых слав. мовах. Падрабязны агляд гл. Трубачоў, Эт. сл., 2, 116–118, 130–132. Кюнэ (Poln., 45) бел. бліскаві́ца, блі́скаць і да т. п. лічыць паланізмамі. Няпэўна. Да фанетыкі параўн. яшчэ Юркоўскі, JP, XLI (2), 1961, 118.