Здор ’нутраное свіное сала’. Рус. сдор (Даль), укр. здір ’тс’. Бязафіксны назоўнік з аблаўтам ад здзерці, здзіраць (гл. дзерці) ’тое, што здзіраецца’. Фасмер, 9, 586; Лекс. Палесся, 132–136.
Здра́вы ’моцны, дужы’ (красл., Сл. паўн.-зах.). Развіццё значэння, адзначаемае таксама для здаровы (гл.) на бел. глебе ў запазычанага рус. ці ц.-слав. здравый (< ст.-слав. съдравъ), вядомага яшчэ ў ст.-бел. помніках (Булахаў, Прыметнік, 3, 79–80).
Здра́да ’пераход на бок ворага’. Рус. смал., варонеж., паўд., зах. зра́да, укр. зра́да ’здрада’, польск. zdrada, чэш., славац. zrada. Ст.-бел. здрада, зрада (з 1509 г.). У Насовіча здра́да ’здрада’, але зра́да ’агульная згода’, ’змова’, ’здрада’. Форма з устаўным ‑д‑ толькі ў бел. і польск., верагодна, бел. здрада < польск. zdrada ужо ў ст.-бел. (Булыка, Запазыч., 120). Форма ўключае корань rad‑ ’савет’ (гл. рада), прэфікс з‑ (< *jьz‑), відаць, гэта аддзеяслоўны (jьzraditi) назоўнік. Параўн. ням. з блізкай унутранай формай Ver‑rat ’здрада’ = ’раз + рада’. Значэнні ’згода’, ’змова’ звязаны з унутранай формай. У групе zr‑d устаўное (Карскі, 1, 353) у выніку уяўнай архаізацыі. Здрадца з суф. ‑ца (Гіст. лекс., 99), як і здрада, з польск. у ст.-бел. Меркаванне пра рад < *ręd (Крыўчык, Труды яз., 35) не адпавядае зах.-слав. фактам, дзе rad не можа быць з ręd. Брукнер, 650; Голуб-Копечны, 439; Махэк₂, 505; Фасмер, 2, 105.
Здра́стваваць ’вітаць’ (Сл. паўн.-зах.) < рус. пск. здравствовать ’тс’, утворанага другасна ад здравствуй (і іншыя формы) у якасці прывітання: ’гаварыць здравствуй’. Параўн. рус. поздравствоваться, укр. поздоровкатися ’павітацца’. Першаснае съдравьствовати ’быць здаровым’ фіксуецца ўжо ў Астраміравым евангеллі. Фасмер, 2, 90.
Здро ’ніжняя частка снапа’ (драг., Нар. лекс.). Адзіная фіксацыя без ілюстрацый. Калі гэта не памылка, звязана з пуздра (гл.) словам, што азначае ў рус. (пуздро) між іншым, ’ніжнюю частку тулава жывёлы’ (Даль) ці як яго скарачэнне, ці як складаная частка (пу(з) + здро?).
Здро́вя ’здароўе’ (Сл. паўн.-зах.). З польск. zdrowie (гл. здаровы, здравы); здровый вядома ўжо ст.-бел. (Булыка, Запазыч., 120; Булахаў, Прыметнік, 3, 80).
Здрой ’крыніца’ (Сл. паўн.-зах.), здруй (Бельск. пав., Яшкін) ’тс’. Ст.-бел. здрой ’тс’ з польск. zdrój ’крыніца’. Булыка, Запазыч., 120. Zdrój з устаўным d і менай o > ó (чэш., славац. zdroj < польск. у XIX ст.) з jьz‑roj‑ь (як і ц.-слав. изрой ’семязвяржэнне’, Міклашыч, Lex. palaeosl.), аддзеяслоўнага (jьz‑ri‑nǫ‑ti) назоўніка з чаргаваннем галосных i — oi — ě (параўн. рэяць) у корані (гл. рой, рынуць). Форма зрой (Сл. паўн.-зах.) хутчэй за ўсё з другасным спрашчэннем групы зычных. Формы здрай (Сл. паўн.-зах.), здра́я (Яшкін) адлюстроўваюць нейкія народна-этымалагічныя збліжэнні (можа, з рай?). Брукнер, 650; Голуб-Копечны, 434; Махэк₂, 713; Фасмер, 3, 496.
Здрок ’авадзень’ (Сл. паўн.-зах., Янк. III), здрык ’тс’ (рэч., Нар. сл.). Рус. зах. бранск. здрык ’страказа’. Бязафіксны назоўнік ад прэфіксальнага дзеяслова *з‑драчыць (гл. драчыць ’свярбець’).
Здуду́ліцца ’скурчыцца’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. тул. издудо́лить ’высмактаць, змучыць’, славац. zdudliť ’скурчыць’, zdúdliť sa, zdudliť sa ’скурчыцца’. Параўн. рус. дыял. дудо́лить(ся) ’піць, ссаць многа, доўга’, славац. dudlať ’выдаваць гукі булькання’, ’мармытаць’, рус. смал. дудо́ля ’дзіця, што яшчэ ссе’. Насуперак Фасмеру (1, 550) звязана, відаць, з дуда (гл.) (якое ў дыялектах мае значэнне ’соска’ (кур.) звязана з рус. дыял. дудить ’доўга і многа смактаць’), з суф. ‑уля/уль (Сцяцко, Афікс. наз., 67) ад дзеяслова ўтвараецца назоўнік *дуд‑уля/*дуд‑уль, на базе гэтага дзеяслоў *дудуліць, адкуль з прэфіксам з‑ (< jьz‑) *здудуліць ’выссаць’ > ’зрабіць скурчаным’, адкуль здудуліцца ’скурчыцца’.
Здуле́ць ’сапрэць’ (Сл. паўн.-зах.). З прэфіксам з‑ ад дулець ’тлець; пыліць’ (гл.), якое мае паралель у рус. дулеть, смал., арл. ’гарэць, тлець, а таксама ў літ. dūlė́ti ’прэць, тлець’.