Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ляскоўнік ’арэшнік’ (Нас., зэльв., Шатал.). У выніку намінацыі выразу лясковы лес з лясковы ’арэхавы’ (Нас.). Да леска1 < прасл. lěska ’ляшчына’.

Ляску́н ’салавей’ (гродз., Сцяшк. Сл.). Да ля́скаць (гл.).

Ляску́ха ’падлешчык’ (ТС). Да ле́скаўка, лешч (гл.).

Лясні́к, лясьні́к, лесні́к, лісні́к, лыснэ́к ’даглядчык, вартаўнік лесу, палясоўшчык’ (ТСБМ, Бяльк., Шат., Касп., Яруш., Сл. ПЗБ). Пашырана гэта лексема ў зах.- і ўсх.-слав. мовах; славен. lẹsńik мае блізкія значэнні: ’лясная яблыня, лясоўка’, lesníka ’тс’, макед. лесник ’ляшчына’, ’арэшнік’. Прасл. lěsьn‑ikъ (Слаўскі, 4, 178–179).

Лясні́ца ’поле пасярод лесу’ (слаўг., Яшк.). Да лясны < лес (гл.). Аб суфіксе ‑іца гл. Сцяцко, Афікс. наз., 110.

Лясні́цтва, лясні́ства, лясні́частва, лясні́чыства ’ўчастак лесу як гаспадарчая адзінка’, ’упраўленне, якое ведае гэтым лясным участкам, і гаспадарчыя будынкі, дзе яно размяшчаецца’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ; слаўг., Яшк.). Форма лясніцтва (‑ства) з польск. leśnictwo, якое з leśnik, а ляснічаства — з рус. мовы. Да лясні́к (гл.).

Лясні́чы, лясні́чый, лыснэ́чы ’загадчык лясніцтва’, ’спецыяліст па лясной гаспадарцы’ (ТСБМ, Яруш.; смарг., Сл. ПЗБ; драг., КЭС), ст.-рус. лѣсничий, укр. лісни́чий, рус. лесни́чий, польск. leśniczy ’тс’. Утворана ад ляснік: lěsьnik‑jь > lěsьničii.

*Лясно, лесно́ ’лясіста, паросшы лесам’ (ТС), укр. палт. лісно́ ’шмат лясоў’, рус. анеж., смал. ле́сно, лесно́ ’тс’. Прыслоўе lěsьno ад лясны́ (гл.).

Лясну́шка ’яблыня-дзічка’, ’яблык з дзікай яблыні’ (ушац., Жыв. сл.; беш., Нар. сл.; в.-дзв., Шатал.; Касп.). У выніку намінацыі выразу лясная яблыня. Аб суфіксе ‑ушк‑а гл. Сцяцко, Афікс. наз., 125. Годным увагі з’яўляецца круп. лясу́шкі ’дзічкі’ (Нар. сл.), у якім суфікс далучаецца да асновы lěs‑ (а не lěsьn‑). Аб семеме ’дзікі’ гл. лясны. Параўн. ля́саўка, лясоўка.

Лясны́, лясны́й, ліснэ́й ’уласцівы лесу’, ’які жыве, расце, знаходзіцца ў лесе’, ’багаты лесам, лясісты’, ’які мае адносіны да лесаводства’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ); ’дзікі’ (пра яблыні, пчолы)’ (глыб., віл., іўеў., воран., чэрв., Сл. ПЗБ). Прасл. lěs‑ьnъ. Да lěsъ > лес (гл.). Значэнне ’дзікі’ — уплыў балтыйскага субстрату; цяпер яму адпавядаюць лат. прыметнікі ад mežs ’лес’: meža pīle ’дзікая качка’ męża zvēri ’дзікія звяры і інш.’ (Непакупны, Связи, 77–82). Сюды ж лясныя пчолы ’дзікія пчолы’ (чэрв., іўеў., воран., З нар. сл.); лясны клоп ’смярдзюха’ (Сцяшк.), польск. leśnieć ’дзічэць’.